У Альпень вернецца свой Дунін-Марцінкевіч...

ВЯКАМІ акружаюць тысячагадовы Давыд-Гарадок вялікія палескія вёскі. Сярод іх спрадвеку вызначаецца старажытны Альпень, ваколіцы якога падыходзяць да шырокай поймы хуткацечнай Гарыні. Кожную вясну паўнаводная рака, што бярэ пачатак з прыкарпацкіх мясцін, залівае наваколле, пакідаючы пасля паводкі багаты на ўрадлівасць глей. Як у народзе кажуць, тут аглоблю ўтыркні ў зямлю — і будзе расці. Гэты куток заўжды славіўся садамі, агародамі, шчодрымі нівамі. Нават на былых няўдобіцах вакол Давыд-Гарадка добрыя ўраджаі даюць маладыя сады, да самой Гарыні падступаюць агароды альшанскіх фермераў. Попыт на зямлю тут такі, што нават на дзяржаўным узроўні вырашаецца. Будаўнічы бум агарнуў не толькі вядомыя заможнымі фермерамі Альшаны, але і суседнія густанаселеныя столінскія вёскі Сямігосцічы, Вялікае Маляшава, Альгомель, Рамель, Цераблічы, Аздамічы, Талмачава, Кароцічы, Велямічы. А зусім побач, у некалі квітнеючым Альпені, за апошнія дзесяцігоддзі ў чатыры разы зменшылася колькасць жыхароў. У чым жа прычына, што так трымае на роднай зямлі адных і чаму пусцее былы шляхецкі Альпень?

Сапраўдныя і сцэнічныя героі «Пінскай шляхты»

ВЯКАМІ акружаюць тысячагадовы Давыд-Гарадок вялікія палескія вёскі. Сярод іх спрадвеку вызначаецца старажытны Альпень, ваколіцы якога падыходзяць да шырокай поймы хуткацечнай Гарыні. Кожную вясну паўнаводная рака, што бярэ пачатак з прыкарпацкіх мясцін, залівае наваколле, пакідаючы пасля паводкі багаты на ўрадлівасць глей. Як у народзе кажуць, тут аглоблю ўтыркні ў зямлю — і будзе расці. Гэты куток заўжды славіўся садамі, агародамі, шчодрымі нівамі. Нават на былых няўдобіцах вакол Давыд-Гарадка добрыя ўраджаі даюць маладыя сады, да самой Гарыні падступаюць агароды альшанскіх фермераў. Попыт на зямлю тут такі, што нават на дзяржаўным узроўні вырашаецца. Будаўнічы бум агарнуў не толькі вядомыя заможнымі фермерамі Альшаны, але і суседнія густанаселеныя столінскія вёскі Сямігосцічы, Вялікае Маляшава, Альгомель, Рамель, Цераблічы, Аздамічы, Талмачава, Кароцічы, Велямічы. А зусім побач, у некалі квітнеючым Альпені, за апошнія дзесяцігоддзі ў чатыры разы зменшылася колькасць жыхароў. У чым жа прычына, што так трымае на роднай зямлі адных і чаму пусцее былы шляхецкі Альпень?

КАЛІ ў Альшанах кожная былая вясковая пустка шчыльна забудавана, то ў Альпені прасторныя падворкі не мяжуюць з суседнімі. Вулачкі і завулкі карункамі акружаюць больш як стагадовую драўляную Свята-Успенскую царкву, у якой доўгі час правіць васьмідзесяцігадовы айцец Дзмітрый. Пераважная большасць альпенскіх жыхароў пенсіённага ўзросту. У гэтыя зімовыя дні па дыму з комінаў відаць, якія дамы не пустуюць. Сельвыканкам гарантавана забяспечвае ўсіх дровамі, торфабрыкетам. Сцішэлыя і бязлюдныя альпенскія вуліцы. Часам якая транзітная машына праскочыць ды хто з вяскоўцаў пройдзе да адзінага магазіна, пошты ці ФАПа.

Ажыўлена ў вёсцы звычайна напрыканцы лета, калі на вясковае прыхадское свята з’язджаюцца былыя землякі. Па даўняй традыцыі святкаванне пачынаецца з набажэнства ў царкве, а пасля вёска звініць сустрэчамі, размовамі-ўспамінамі землякоў і гудзе шчодрымі застоллямі. Па колішняй завядзёнцы на стол падаецца не менш як дванаццаць страў, і чым больш гасцей збіраецца, тым большы гонар гаспадарам. Самых лепшых у акрузе музыкаў прымае ў такі дзень Альпень, які ўпершыню ўзгадваецца ў архіўным дакуменце 1479 года.

— А захоўваецца гэты дакумент у Пінскім краязнаўчым музеі, — адзначае нашчадак шляхецкага роду, былы настаўнік Іван Ляшкевіч, які апантана збірае звесткі пра родную вёску. — Даўнія, багатыя карані мае кожны род нашай ваколіцы. Нашы продкі не зведалі прыгоннага ладу. Як сведчаць дакументы, яшчэ ў XVI стагоддзі выхадцы з Альпеня мелі гонар служыць баярамі ў каралеўскім войску, і менавіта з тых часоў іх сталі зваць шляхціцамі, якія мелі вялікія прывілеі ад польскага караля. Адзін з нашых даўніх продкаў Ляшкевіч атрымаў ад княжацкай удавы Ганны Свідрыгайлы ў падарунак ваколіцу Альпень, і прозвішча Ляшкевіч з тых часоў самае распаўсюджанае ў нас.

— І вы з гэтага шляхецкага роду?

— І па бацькоўскай і па мацярынскай лініі ў мяне гэта прозвішча. Так што я карэнны шляхціц. Мае дзяды мелі вялікія надзелы зямлі, на якой гаспадарылі, жылі заможна. Мне ў спадчыну дастаўся вялікі бацькоўскі падворак на хутары Крынка з дыхтоўным домам, лазняй, склепам, вялікім хлявом, дзе яшчэ мой дзед трымаў шмат рознай жыўнасці.

— Нават прозвішчы свае імкнуліся неяк вызначыць асобна?

— Сапраўды гэта было. І цяпер паціхеньку зноў вяртаецца такое. Падвоеныя ці нават патроеныя прозвішчы складваліся пасля шляхецкіх вяселляў. Альпенская шляхта ў адрозненне ад іншых заходнебеларускіх суполак шляхціцаў трымалася праваслаўнай веры. Наша ваколіца Альпень падзялялася на некалькі больш акрэсленых родаў. Усе ганарыліся сваімі продкамі. Кожны род меў свой спецыяльны герб. Маладыя перад шлюбам даводзілі бацькам пра свае намеры. Лепш было пасватацца да самага беднага шляхціца, чым да заможнага мужыка.

І цяпер амаль стагадовая Марыя Андрэеўна Ляшкевіч- Зіновіч-Альпенская ўзгадвае, як пры сустрэчы з ёй мужыкі з навакольных хутароў ці вёсак заўжды шапку здымалі і схілялі галаву. У царкве суседніх Веляміч старэйшыя шляхціцы трымаюцца паасобна ад астатніх.

— Тая самая шляхта, якая ўвайшла ў гісторыю як пінская?

— Пінскай яна стала называцца дзякуючы вядомаму беларускаму літаратару Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, які па волі лёсу трапіў у гэты глухі палескі куток на службу. Так здарылася, што некалі ў альпенскай ваколіцы шляхціц Ціхан Пратасавіцкі абазваў шлях- ціца Івана Цюхай-Ліпскага мужыком, які такой ганебнай абразы не сцярпеў і падаў скаргу. Паміж непрымірымымі альпенцамі пачалася судовая валакіта. Справа раз’юшаных шляхціцаў аж да цара дайшла. А тым часам дачка Пратасавіцкага Марыся вельмі закахалася ў Рыгора — сына заклятых ворагаў бацькоў. Вінцэнту Дуніну-Марцінкеві- чу трапіла ў рукі гэтая альпенская скарга, што і падштурхнула яго да напісання фарса-вадэвіля, які атрымаў назву «Пінская шляхта», таму што ў той час ваколіца Альпень уваходзіла ў Пінскі павет.

ТВОР яскрава ўпрыгожыў беларускую літаратурную класіку, узбагаціў тэатральны нацыянальны рэпертуар. Сёння «Пінская шляхта» з аншлагам ідзе ў Палескім драматычным тэатры горада Пінска, некалькі гадоў таму сталічны рэжысёр Мікалай Пінігін увасобіў гэты твор на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы, і пасля прэм’ернага паказу новая пастаноўка атрымала самую высокую ацэнку як у гледачоў, так і ў крытыкаў. Дзяржаўная прэмія Беларусі, якой сёлета ўдастоены Віктар Манаеў, Вольга Мацкевіч і Андрэй Зубрыч, стала прызнаннем творчых заслуг стваральнікаў спектакля «Пінская шляхта» тэатра імя Янкі Купалы. Кожны паказ «Пінскай шляхты» на купалаўскай сцэне завяршаецца трыумфальнымі апладысментамі ўзрушаных гледачоў. Выканаўца ролі галоўнага героя вадэвіля, станавога прыстава Кручкова, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў з першай хвіліны з’яўлення на сцэне адразу завалодвае залай і да завяршэння спектакля эксцэнтрычна трымае гледача. У перапынку паміж шматлікімі творчымі справамі лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі знайшоў некалькі хвілін для размовы.

— Віктар Сяргеевіч, дазвольце павіншаваць вас з такой высокай дзяржаўнай узнагародай, тым больш у ваш юбілейны год, і пацікавіцца, як вы працавалі над стварэннем вобраза станавога прыстава Кручкова, што сваё вы пастараліся ўнесці ў сцэнічны вобраз палескага шлях- ціца? Тым больш што вы — сталічны жыхар.

— Нарадзіўся я ў сталіцы, але мае карані з палескай глыбінкі. Па мацярынскай лініі мае продкі жылі ў вёсцы Запясочча, што побач са старажытным Туравам. Адтуль да ваколіцы Альпень, дзе некалі давялося працаваць Дуніну- Марцінкевічу, рукой падаць. Мова амаль што аднолькавая, звычаі палескія. Толькі Запясочча ў адрозненне ад Альпеня мужыцкая вёска. Але ўсіх яднала нялёгкая і ва ўсе вякі пачэсная праца на зямлі.

А вобраза станавога прыстава Кручкова ў «Пінскай шляхце» ўвасабляў па сваёй творчай задумцы таленавіты наш рэжысёр Мікалай Пінігін. Мая задача толькі ўсё гэта адлюстраваць на сцэне. Канешне, кожны раз, калі выходжу да гледача, нейкія дэталькі самі па сабе дадаюцца, але зала гэтага незаўважае. Мая задача — у час спектакля стаць тым станавым прыставам, якога стварыў геніяльны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

— Віктар Сяргеевіч, ці рознілася ваша адчуванне вобраза Кручкова і рэжысёра-пастаноўшчыка?

— Перад тым як пачаць працу над пастаноўкай «Пінскай шляхты», я вельмі ўважліва чытаў-перачытваў гэты таленавіты твор, пра сябе прагаворваў маналогі станавога прыстава Кручкова.

Калі мы рыхтавалі да паказу «Пінскую шляхту», не маглі нават падумаць, што такі рэзананс атрымаецца. Усе паказы вадэвіля ідуць з аншлагам. Мы на сцэне адчуваем, як зала з першых хвілін спектакля замірае. Геніяльнасць Дуніна- Марцінкевіча, што ён у такім невялікім літаратурным творы, які ўмяшчаецца на 15 друкаваных старонках, так востра і ёмка адлюстраваў той час, а рэжысёр-пастаноўшчык даволі трапна ўвасобіў усё на сцэне. Музыка, афармленне, касцюмы акцёраў абсалютна гарманічныя.

БЕЗУМОЎНА, многае змя- нілася за два стагоддзі ў гэтым куточку Палесся, але не зніклі прозвішчы герояў «Пінскай шляхты». Хутка адзначыць сваё стагоддзе старэйшая жыхарка Альпеня Марыя Іванаўна Рэзановіч, якая дагэтуль ганарыцца сваёй шляхецкасцю. З роду яна прыстойнага, багатага. Некалькі разоў да яе сваталіся самыя адмысловыя кавалеры. Але сэрца прыгожай шляхцянкі, як той Марылі з вадэвіля, запаланіў малады Віктар. Было гэта якраз у першыя ваенныя гады. Фашысты акупіравалі Альпень, лютавалі, здзекаваліся над вяскоўцамі. Не да вяселляў было. З хаты ў хату перадавалі звесткі пра ваенныя дзеянні на франтах, радаваліся наступленням Чырвонай Арміі.

  Аднойчы акупанты сагналі вяскоўцаў каля царквы і сталі адбіраць моладзь для адпраўкі ў Нямеччыну. Забралі тады і Віктара, за якога Марыя дала згоду пайсці замуж. Пад сэрцам у маладой нявесты білася новае жыццё. Нарадзіўся хлопчык, Міколам назвалі. Доўгі час чакала Марыя вяртання Віктара. Але прыйшла вестка, што яго няма ў жывых. Так і не ўбачыліся ніколі бацька з сынам. Ганарлівая шляхцянка сама хлопчыка вы- хоўвала, колькі не сваталіся да яе іншыя, нікога бачыць не хацела. Лепшай калгаснай льнаводкай была.

      Так і пражыла век без мужа, але ніколі нікому не скардзілася. Сын побач дом збудаваў, працаваў да пенсіі таксама ў гаспадарцы. За Марыяй Іванаўнай замацаваны сацыяльны работнік, але яна і сама ў свой век яшчэ па дому добра ўпраўляецца. Увогуле, у Альпені дванаццаць сацыяльных работнікаў дапамагаюць састарэлым шлях- ціцам. Толькі цяпер замест Цюхай-Ліпскага тут жывуць Ліпскія, ёсць Пратасавіцкія, Сцямпкоўскія, Ляшкевічы, Пашкевічы, Вабішчэвічы, Разановічы, Кажаноўскія, продкі якіх складалі касцяк шляхты.

ВЁСКА стала адной з вытворчых брыгад СВК «Веляміцкі». Некалі цесна было ад моладзі ў вясковым Доме культуры, цяпер ён часцей зачынены. Няма каму збірацца ў ім. Калі ў суседніх Альшанах большасць выпускнікоў абедзвюх сярэдніх школ не імкнуцца далей вучыцца, іх ужо чакаюць збудаваныя бацькамі катэджы, цяпліцы, то ў Альпені павялося даваць дзецям добрую адукацыю. І школьнікі бацькоў не падводзяць. Многія з іх сталі высокаадукаванымі спецыялістамі і цяпер жывуць і працуюць далёка ад родных мясцін, але сувязь з імі не губляюць. Юрый Дранец вырашыў застацца ў роднай вёсцы. Ажаніўся з дзяўчынай Вольгай з суседняга Лядца, і цяпер разам даглядаюць жывёлу на ферме. Атрымалі катэдж ад гаспадаркі. З бацькам Іванам Лук’янавічам прывезлі дроў, паколюць іх і пад Новы год абагрэюць новы дом, а потым і наваселле можна спраўляць.

На дзяржаўныя сродкі пабудаваны дом для шматдзетнай сям’і Наталлі і Міхаіла Нешценкаў, у якіх пяцёра дзяцей. Будуюцца альпенцы і самі. Маладым можна ўладкавацца толькі на ферму ці механізатарам. Іншага занятку для іх тут няма. Планавалі новы жывёлагадоўчы комплекс збудаваць, але фінансавае становішча гаспадаркі пакуль не дазваляе.

— Мы самі вінаватыя ў тым, што не забяспечылі змену пакаленняў, — лічыць першы намеснік старшыні Столінскага райсельгасхарчу Лявонцій Ляшкевіч, які нарадзіўся і вырас у Альпені. — Вучыліся ў інстытутах, атрымлівалі вышэйшую адукацыю, і было за вялікі гонар дзесьці заставацца, толькі не вяртацца дамоў. Бацькі нашы ганарыліся, што мы адукаваныя, начальнікамі сталі. А ніхто не дбаў пра будучае вёскі і яе жыхароў. Вось такая сучасная шляхецкая ганарлівасць. Фарс пінскай шляхты выбухнуў у наш час даволі складанай праблемай. Але думаецца, што ўсё наладзіцца ў Альпені. Тут мая радня жыве і бацькоўскі дом застаўся.

У былыя часы мясцовы калгас лідзіраваў у раёне. Дзевяностыя гады былі надзвычай цяжкімі для гаспадаркі. Зараз яе ўзначаліў малады кіраўнік Мікалай Місюра, які раней добра зарэкамендаваў сябе як таленавіты аграном. З прыходам яго ў гаспадарку ўжо заўважаны станоўчыя зрухі, асабліва ў жывёлагадоўлі, якая дае значную частку валавой прадукцыі.

А КАЛІ ёсць рэнтабельная прадукцыя, будуць і сродкі на новы жывёлагадоўчы комплекс, на які так спадзяюцца працавітыя нашчадкі «Пінскай шляхты». Будзе занятак маладым, ажыве вясковы клуб, галасамі дзяцей напоўніцца школа. Адродзіцца шляхецкі Альпень, закіпіць маладое жыццё ў сучасных дамах вяскоўцаў, продкі якіх вышэй за ўсё цанілі годнасць і ганарыліся сваёй працавітасцю, а новы Дунін- Марцінкевіч напіша сваю «Пінскую шляхту».

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter