Беларуска атрымала ўзнагароду з рук нашчадка Сальвадора Далi

Творчасць уражвае святлом і лёгкасцю

Беларуска атрымала ўзнагароду з рук нашчадка Сальвадора Далi

Выставы карцін беларускай мастачкі Святланы Ляўчук праходзілі ўжо ў Iталii, Англii, Францыi, Амерыцы... Сёлета ж таленавітая зямлячка атрымала мiжнародную ўзнагароду за ўнёсак у сучаснае мастацтва “Tiepolo - Arte Milano” з рук Жазе Ван Роя Далi, нашчадка знакамітага Сальвадора Далi.


Святлана Ляўчук — мастачка з вытанчаным густам

Святлана Ляўчук жыве i працуе ў Швецыi, у маляўнiчым гарадку на беразе мора. Мы сустрэлiся там не выпадкова, а на адкрыццi яе выставы. Аказалася, мастачка нарадзiлася ў беларускім Жодзiне. Там i пачалася яе прафесiйная кар’ера: атрымаўшы педагагiчную адукацыю, Святлана выкладала дэкаратыўную кампазiцыю ў школе. Потым працавала мастаком-афармiцелем у Палацы культуры БелАЗа, графiчным дызайнерам у сталiчных рэкламных агенцтвах...

“У Мiнску жывапiс адышоў на другi план, — прызнаецца зямлячка. — А натхненне вярнулася ўжо тут, у Швецыi, дзе маляванне стала для мяне спосабам адпачыць пасля напружанага дня ў школе, дзе я вывучала шведскую мову”. Святлана гаворыць гэта, стоячы перад зеленавокай дзяўчынай з кветкамi i птушкамi ў валасах — “Ледзi Прыродай”. У карцiнах яе, заўважыла, шмат святла, дынамiкi, свабодных штрыхоў, што ствараюцца як бы адным узмахам пэндзля. А ў інтэрнэце пішуць пра яе яшчэ як пра мастачку харызматычную і вытанчаную.

У Швецыi беларуска жыве больш за пяць гадоў. Сюды яе прывяло каханне. Амаль два гады таму Святлана распачала свой бiзнес, займаецца распрацоўкай лагатыпаў i вiзуальнага профiлю кампанiй. Асвоiла і пакуль што новы для Беларусi кiрунак — graphic recording, гэта — занатоўванне ў малюнках ходу мерапрыемства.


Святлана прызнаецца: нават не марыла адкрыць асабістую студыю, магчыма, зоркі на небе сталі ў пэўным парадку, пашанцавала. Дый у Швецыі шмат магчымасцяў творча развівацца. “Мяне пастаянна запрашалi паўдзельнічаць у розных праектах. Так нараджалiся i новыя карцiны, i новыя задумы”.

А ў планах Святланы Ляўчук — паехаць на поўдзень Францыi і выставiць свае працы разам з іншымі 60 лепшымі сучаснымі мастакамi свету. Менавiта шэсцьдзясят імёнаў, уключаючы і беларуску Святлану Ляўчук, былi названы сёлета лепшымi ў галiне сучаснага мастацтва ў мiжнародным часопiсе “ArtTour International”. Дарэчы, гэтае прэстыжнае выданне штогод збiрае творцаў з усяго свету, каб адзначыць iх дасягненнi.

Нядаўна Святлана атрымала цікавую прапанову: прадставіць свае карцiны ў Нью-Ёркскай галерэi. У планах таксама супрацоўнiцтва з Ганконгам, дзе зацiкавiлiся магчымасцю выкарыстання матываў карцiн Святланы ў якасцi прынтаў для разнастайнай прадукцыi.

Ёсць у мастачкi цікавыя iдэi наконт творчых праектаў у Беларусi, але ў падрабязнасцi яна пакуль вырашыла не ўдавацца. Пэўна, каб не сурочыць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter