Ці просіць сквер паратунку?

У цэнтры горада Фаніпаль Дзяржынскага раёна ёсць невялічкі, адзіны ў горадзе сквер, які з’яўляецца месцам адпачынку жыхароў і правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Прыемна ў летні спякотны дзень пасядзець у засені шматгадовых дрэў. Менавіта ў скверы адзначаліся знамянальныя даты, выступалі самадзейныя артысты і госці са сталіцы. І вось зімою камунальная служба горада са згоды гарвыканкама вырашыла “добраўпарадкаваць” сквер. Неўзабаве тут з’явіліся камунальнікі з вялікім аўтакранам і бензапілой. І закіпела работа. Добра, калі б пад пілу і сякеру траплялі струхлелыя, падгніўшыя дрэвы, якія ўяўляюць небяспеку падчас прыродных катаклізмаў. Але гэта яшчэ моцныя дрэвы, пра што сведчаць і пні. Дык навошта знішчаць “зялёнага сябра”?

А зялёны газон у што ператварыўся? Трактарамі і машынамі, якія вывозяць дровы, так парэзалі яго, што балюча глядзець. Патрэбна будзе як мінімум два гады, каб навесці парадак. Людзі дзівяцца варварству гарадскіх камунальнікаў, кажуць, яны такім чынам нарыхтоўваюць дровы для гарадской лазні, бо няма грошай іх набыць. Вось і расце колькасць пнёў у скверы, і не толькі ў скверы. “Абраслі” пнямі шматпавярховыя жылыя дамы, дзе без разбору трапілі пад пілу камунальнікаў многія дрэвы. Памятаю, як пры камуністах прыродаахоўныя органы жорстка каралі тых, хто асмельваўся без дазволу спілаваць хоць адно дрэўца. Штрафы былі вялікія. Цяпер жа кожны, хто не лянуецца, можа ссекчы або зламаць дрэўца. Вось і ў Фаніпалі просіць паратунку маленькі сквер.  Спадзяёмся, што раённая iнспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дасць ацэнку працы фаніпальскіх камунальнікаў.
Анатоль ШараеЎ, жыхар г.Фаніпаль Дзяржынскага раёна

Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі выконваючага абавязкі кіраўніка Дзяржынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксея Марозава. Спецыяліст паабяцаў выехаць на месца і разабрацца ў сітуацыі. Праз некалькі дзён ён паведаміў, што за тлумачэннямі можна звярнуцца да намесніка старшыні Фаніпальскага гарвыканкама Івана Дзяніса, а інспекцыя не мае ніякіх падстаў лічыць праведзеныя работы незаконнымі.
У сваю чаргу прадстаўнік гарадской адміністрацыі патлумачыў наступнае: “У скверы ўбралі толькі “аварыйныя” дрэвы, некаторым проста падраўнялі кроны, каб у выпадку стыхійных бедстваў ад падзення дрэў не пацярпелі людзі. Было прынята адпаведнае рашэнне гарвыканкама, якое ўлічвала перспектыўны план развіцця гарадскога парку. У гэтым годзе прадугледжаны мерапрыемствы і па пасадцы дрэў. Як правіла, дрэвы, што растуць у дварах, камунальныя службы спілоўваюць па заявах жыльцоў. Выключэнні здараюцца, калі дрэвы, напрыклад, наносяць пашкоджанні гарадскім камунікацыям. Не так даўно быў выпадак, калі карані дрэва прараслі і прабілі каналізацыйныя трубы.  Камунальнікі былі вымушаны яго спілаваць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter