Чатыры гадзіны спатрэбілася журы, каб вызначыць тых, хто варты змагацца за пуцёўку на «Еўрабачанне». Спачатку здавалася, што праслухаць 67 прэтэндэнтаў нават за адзін дзень немагчыма, але прафесіяналы выканалі сваю працу хутка і без пылу.
З першай хвіліны не пакідала адчуванне, што цацкацца з артыстамі не збіраюцца. Выступленне некаторых журы перапыняла праз 30—40 секунд і гаварыла: «Дзякуй. Да пабачэння». Так было нават з Алесяй Берулавай, салісткай групы «Мантана», якая некалі гучала з кожнага акна. Памятаеце, «Летают дяди, летают тети на самолете — «Аэрофлоте»? Выступленне яшчэ аднаго вядомага спевака — Германа — даслухалі да канца, але ў фінал усё ж не прапусцілі. За бортам карабля пад назвай «Еўрабачанне» застаўся і Віталь Варанко. Ён прыдумаў сапраўднае шоу з белымі мядзведзямі, але яно не ўразіла журы. Хаця, як падаецца, такі нумар мог бы ўпрыгожыць фінал нашага конкурсу. Але беларусы чамусьці баяцца мець справу з фрыкамі. Іх, дарэчы, у гэты раз на адборы было зусім мала.
|
Словам, сярод трынаццаці шчасліўчыкаў усе ў годных уборах і добра прычэсаныя. Пералічваць усіх не мае сэнсу, бо некаторыя прозвішчы звычайнаму гледачу мала аб чым скажуць, хаця не выключана, што на конкурс і паедзе зусім незнаёмы шырокай грамадскасці выканальнік. Але ўсё ж вылучым пяцёрку тых, на каго варта звярнуць увагу. У першую чаргу гэта два грамадзяніны Расіі — Уладзіслаў Курасаў і Isaak Nightinale. Пад такім псеўданімам хаваецца Вадзім Капусцін, удзельнік пятага сезона шоу «Голас» і любімчык Дзімы Білана. «Я хачу ўнесці свой уклад і паслужыць Беларусі і яе людзям сваім талентам, які мне даў Гасподзь» — так адказаў Вадзім на маё пытанне, што ён, расіянін, робіць на нацыянальным беларускім адборы. А вось Уладзіслаў Курасаў не такі ўжо і далёкі чалавек ад нашай краіны: ён нарадзіўся ў Брэсце, мае грамадзянства Расіі, а жыве ў Кіеве. Менавіта ва Украіне ён і заваёўвае музычны алімп: удзельнічае ў розных праектах, у тым ліку «Х-Фактар».
Гурт Navi — адзін з нямногіх, хто прадставіў на суд журы песню на беларускай мове. Арцём і Ксенія Лук’яненкі не адыходзяць ад свайго стылю і збіраюцца здзіўляць еўрапейскую публіку менавіта музыкай з нацыянальным каларытам.
А вось Вольга Шыманская, яна ж Napoli, у гэтым годзе, наадварот, некалькі змяніла свой стыль і нарэшце прыйшла на выступленне не ў шыкоўных уборах у падлогу, а ў сучасным сцэнічным касцюме. Песня яе цалкам у еўравізійным фармаце. Вольга ўжо робіць чацвёртую спробу трапіць на гэты міжнародны конкурс, у мінулагоднім нацыянальным адборы яна заняла другое месца. Раім таксама звярнуць увагу на гурт Lermont. Фінал нацыянальнага адбору для гэтых хлопцаў — не столькі шанц паехаць на конкурс у Кіеў, колькі магчымасць звярнуць на сябе ўвагу беларусаў.
Фінал нацыянальнага адбору пройдзе не пазней за 25 студзеня ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Артыст або гурт, які набярэ найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, будзе абвешчаны пераможцам праекта і адправіцца на «Еўрабачанне-2017» у Кіеў.
stepuro@sb.by