У яраслаўскім Мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча святкавалі беларускія Каляды — не першы раз!

Тры жаданні

У яраслаўскім Мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча святкавалі беларускія Каляды — не першы раз!


Гэта — сама Каляда з Калядным Дзедам у Яраслаўлі

Галоўнае зімовае беларускае свята сустракаем разам з гасцямі музея, якія з парога акунаюцца ў культуру братняга народа, знаёмяцца са святочнымі рэчамі з сялянскага побыту — такімі, напрыклад, як саламяны павук і вышываны ручнік. Потым госці могуць паўдзельнічаць і ў вясёлым абрадзе калядавання. Прычым менавіта сярод іх выбіраюцца калядоўшчыкі: Каляда, Калядны Дзед, Каза, Мядзведзь… З дапамогай адпаведных касцюмаў, масак і прадметаў на кароткі час яны ўжываюцца ў вобразы. Іншыя наведнікі — гэта ўжо гаспадары хаты, яны гасцінна прымаюць калядоўшчыкаў. Імкнуцца іх задобрыць і адарыць — так прадпісвае калядная традыцыя. А калядоўшчыкі гаспадароў вітаюць-славяць, спяваюць, здзяйсняюць абрадавыя дзеянні, жадаюць усім дабрабыту, шчасця і здароўя.

А яшчэ ж трэба абавязкова загадаць жаданне: лічыцца, што ўсё загаданае на Каляды збудзецца абавязкова. Дарэчы, на мове сучасных праграмістаў можна сказаць, што Калядная пара — гэта пара загрузкі файлаў ды праграм на ўвесь год… Ну а ў нашай Каляднай праграме, як у казцы, можна загадваць тры жаданні. Першае выконвае Каляда: яна дазваляе кожнаму дакрануцца да сваёй чароўнай Калядныя зоркі ды прытым загадаць нешта для сябе. Другое жаданне загадваюць для сваіх блізкіх: з дапамогаю адмысловай свечкі. Гэта, удакладнім, так званае жаданне “на агонь”. А трэцяе выконвае абярэг-кудмень, які госці музея могуць самастойна вырабіць на майстар-класе. У якасці кудменю ў нас выступае фігурка драўлянага анёла, распісаная гасцямі самастойна: лічыцца, самы моцны той абярэг, які мы робім самі.

Да Калядных праграм у нашым Мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча яраслаўцы і госці горада маюць вялікі інтарэс. Гэта ж магчымасць дакрануцца да багатай духоўнай спадчыны беларусаў.

Варта яшчэ дадаць: у нашым музеі мы рэгулярна, штотыднёва атрымліваем па пошце газету “Голас Радзімы”. Яе чытаюць як супрацоўнікі, госці музея, так і актывісты Таварыства руска-беларускай дружбы “Сяброўства”, якое створана ў горадзе.

Марына Калкоціна,
навуковы супрацоўнік яраслаўскага Музея Максіма Багдановіча, Расія

Голас Радзімы № 2 (3458), чацвер, 21 студзеня, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter