Традыцыя, асветленая часам

Чырвоны кут у беларускай хаце — месца прыгожае, ганаровае і па-свойму таямнічае
Беларуская хатка… Часам так цёпла называюць краязнаўчыя куткі, музеі беларусы ў розных краінах, клапатліва збіраючы ў іх матэрыяльныя згадкі пра Бацькаўшчыну. А як раней хата беларуская была ўладкавана? Варта прыгледзецца. Бо ў сучасных аграгарадках — іншыя будаўнічыя каноны... Аўтэнтыку ж можна і сёння паглядзець пад Мінскам, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту: ён — у 4-х км ад Мінскай кальцавой аўтадарогі, за аўтарынкам “Малінаўка” і вёскай Азярцо. Шмат экскурсій едзе ў Стоўбцы, у філіял “Акінчыцы” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: там адрэстаўравана хата, у якой нарадзіўся Кастусь Міцкевіч — будучы народны пісьменнік Якуб Колас, ці ў Вязынку (там пабачыў свет Іван Луцэвіч — будучы пясняр Янка Купала).

На Беларусі ўсё больш людзей жыве ў аграгарадках ці гарадах, і народжаныя ў сучасных кватэрах дзеці, нават падрастаючы, бывае, не ведаюць пра вясковы побыт продкаў. Ды і сталыя гараджане ўсё меней згадваюць мінулае, часта ж і самі не ведаюць, чаму так, а не інакш было ўсталявана іх вясковае бацькоўскае жытло. Да яго, на шчасце, праяўляюць інтарэс этнографы, даследчыкі народнага побыту. Яны апісваюць структуры жыццёвай прасторы беларускіх хатаў, аналізуючы, дзеля чаго там патрэбна кожная з рытуальных і гаспадарчых зон. Прычым, разглядваючы беларускую хату, можна рабіць цікавыя высновы як пра матэрыяльнае, так і духоўнае быццё беларусаў.


Пчаляр з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна ў сваёй хаце

І жыллё, і культавае месца

З даўніх часоў жытло — не толькі месца, дзе можна схавацца ад гарачыні, холаду, ветру, дажджу і драпежнікаў. Безумоўна, у першую чаргу хаты будавалі, каб у іх жыць. З часам падвышаўся ўзровень гаспадарання, патрабавалі “свайго месца” як у душах продкаў, так і ў іх жытлах рэлігіі, вераванні. Так што і будыніна ўжо мела, такім чынам, не толькі гаспадарчае прызначэнне. У хаце нават пачало вылучацца адмысловае культавае месца: чырвоны кут. І ён пачынае граць важную сакральную ролю для гаспадара, ды і ўсяго рода на працягу ўсяго жыцця чалавека: ад нараджэння і да смерці.

Можна меркаваць, што ў тую пару, як асобная сям’я займала ўжо сваё ўласнае, не родавае жытло, то пачалі ўсталёўвацца нормы й правілы ўзвядзення простай чатырохсценнай пабудовы. Адначасова ў хаце адводзіцца і сакральнае месца. У беларускім сярэдневеччы, хоць на той час на нашых землях і панавала ўжо хрысціянства, былі захаваныя таксама й язычніцкія вераванні: у трансфармаваным і адаптаваным пад новую рэлігію выглядзе. Усё тое разам дало штуршок развіццю не толькі пэўных сацыякультурных традыцый, але й запачаткавала ўсталяванне строгай паслядоўнасці пры будаўніцтве жытла і асабліва ўладкаванні інтэр’ера. Мае сваю логіку і тое, як размяшчаюцца асноўныя, галоўныя элементы хаты: печы (у вялікіх хатах — большая і меншая), спальныя месцы, гаспадарчая частка і чырвоны кут.

Многія ведаюць, што чырвоны кут беларусы называюць яшчэ: покуць, покут.  Ён займае ў хаце сакральнае месца, якое цесна спалучана з язычніцкімі вераваннямі. У даўнія часы продкі нашы, як вядома, актыўна пакланяліся Сонцу. Тое, дарэчы, відаць і цяпер, калі ўважліва паглядзець на гадавы каляндарна-абрадавы цыкл святаў беларусаў. Скажам, Купалле і Каляды — гэта ж у коле дзён якраз пара “самага высокага, моцнага” і “самага нізкага, слабога” Сонца. І ўжо здаўна чырвоны кут займеў пачэсны семіятычны статус, вышэйшы нават за парог (уваходны партал) і печ (у ёй жыве Агонь, яна дае цяпло, а значыць падтрымлівае жыццё). Нагадаем, семіотыка ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае: знак, прыкмета. Гэтак называецца й навука пра камунікатыўныя сістэмы й знакі, што выкарыстоўваюцца ў працэсе зносінаў. Дык вось, якраз чырвоным кутом вызначалася галоўнае месца ў хаце — святое, Божае месца.

Месца для абразоў, ручнікоў і дарагіх гасцей

Ішоў час, віравалі новыя энергіі… За часамі хрысціянства правілам стала размяшчаць у чырвоным куце хаты розныя культавыя рэчы. Якраз туды памяшчалі, ставілі абразы, ручнікі-набожнікі, грамнічныя свечкі, святыя кнігі ды святую ваду. І не толькі! Скажам, паводле традыцый, што бытавалі ва ўсходняй частцы Беларусі, калі хлопца забіралі ў рэкруты з нейкага двара, то як выпраўлялі яго — са следа бралі крыху зямлі, завязвалі ў вузельчык ды клалі на покуці. Самі ж абразы стараліся не вешаць там, а ставіць: на адмыслова прымацаваныя для таго драўляныя планкі-падстаўкі. Дзе-нідзе іх нават упрыгожвалі разьбою. Таксама маглі рабіць для абразоў і адмысловыя шафы. На кожны абраз рабілі свой ручнік-набожнік, а калі сям’я была заможнаю, то вешалі яшчэ й агульны набожнік. Перад пастамі ды вялікімі святамі ручнікі стараліся павесіць новыя, чыстыя. Шмат залежала, вядома ж, ад гаспадыні: рухавая ды працавітая набожнікі мяняла да кожнага свята. Абразоў на покуці магло быць шмат. Напрыклад, як хто нараджаўся, то адпаведна спраўлялі абраз для малога ды ставілі або вешалі пры іншых. Ці, напрыклад, калі сын у хату прыводзіў нявестку, то і яе дабраслаўлёны абраз займаў сваё месца. З часам і па меры павелічэння сям’і абразоў на покуці збіралася столькі, што іх маглі ставіць і ў два рады.

Уздоўж сцен ад кута ішлі лавы: звычайна яны стаялі акурат пад вокнамі. Напрыклад, ва Усходняй Беларусі, дзе прынамсі сам кут размяшчаўся з правага боку ад уваходу, лавы маюць свой падзел: злева была мужчынская, а справа — жаночая. Як збіраліся ў хаце спаць, то абавязкова стараліся класціся галавою ці хоць бокам да чырвонага кута. Аніяк каб не нагамі. Калі ж нехта ў хаце паміраў, то нябожчыка таксама клалі галавою да абразоў. Лавы, дарэчы, часта мелі адтуліны для ўсталявання розных прылад, інструментаў для гаспадарчай працы.

Яшчэ цікавая — паэтычная — згадка пра даўнія беларускія традыцыі, звязаныя з чырвоным кутам: “Мы расчынім вам дзверы гасцінна/ І сустрэнем, як родных сваіх,/ Ды на покуць, як быць і павінна,/ Вас пасадзім, гасцей дарагіх” Так пісаў у адным з вершаў Якуб Колас — глыбокі знаўца і пясняр народнага побыту. Ну а дарагіх гасцей, як вядома, прынята ў беларусаў хораша пачаставаць. Дарэчы, абедзенны стол, што стаяў бліжэй да кута, ёсць сімвал еднасці, сямейнай моцы і дабрабыту, за ім і збіралася ўся сям’я. Таму даволі часта ён таксама ўпрыгожваўся разьбою, накрываўся абрусам: гэта і як упрыгажэнне побыту, і як знак таго, якая важная тут частка жытла.


Абраз у чырвоным куце

Для чаго там саламяныя павукі?

З покутам у народзе спалучаны шэраг розных культавых, традыцыйных, гаспадарчых рытуалаў: ад нара-джэння і да пахавання чалавека, ад пачатку і да сканчэння палявых работ… І шмат іншых. Каб упрыгожыць святое месца хаты, амаль побач з чырвоным кутам і над сталом падвешаліся саламяныя “павукі”. Яны, дарэчы, паводле ўяўленняў нашых продкаў, маюць яшчэ ўласціваць уцягваць у сябе (ці наадварот: разганяць…) ліхую сілу-энергію, і таму іх раз ці два на год, залежыць ад мясцовасці, выносілі з хаты й спальвалі. Як бачым, і ў тым выяўляецца асаблівая культавая, сакральная вартасць покуці.

Галоўнае месца ў ніжняй частцы покута займалі два атрыбуты-сімвалы: сноп з зернем-насеннем (мужчынскі пачатак) і дзяжа, у якой падымалася, расло цеста-рошчына (жаночы пачатак). У Цэнтральнай Беларусі дзяжу ў куце раней ставілі на “крыжы” — адмысловым драўляным прыстасаванні. А ў наш час, паколькі мэблі ў хатах пабольшала, крыжы з дзежамі ставяць каля печы. Як бачым, вартасць кута асвечана-падкрэслена ў верхняй яго частцы абразамі, у ніжняй — зернем і хлебам. Так што ёсць усе падставы, каб “прачытваць” кут як своеасаблівы партал, памежную зону між двума светамі: Тым і Гэтым.

Умоўная мяжа чырвонага кута ішла па столі, яна аддзялялася бэлькамі. Пры тым крайняя ад кута бэлька служыла сакральнаю мяжой паміж святым месцам для сям’і, дзе былі сканцэнтраваныя духоўныя атрыбуты, і гаспадарчаю часткай, дзе зазвычай узімку працавалі, усталёўвалі люльку ці калыску, ставілі кросны, іншы гаспадарчы рыштунак. На той “межавой” бэльцы раней пісалі імёны ўсіх, хто нарадзіўся і памёр у гэтай хаце. Для такое справы нават адмыслова запрашалі пісара ці святара — любога, хто ўмеў чытаць і пісаць. А як ставілі новую хату, то калі тая бэлька была яшчэ харошая, яе таксама пераносілі ў працэсе будаўніцтва ў новы зруб. І ўрэшце на ёй маглі быць напісаны дзясяткі імёнаў блізкіх сваякоў некалькіх пакаленняў. 

Такім чынам, покуць мела як утылітарную функцыю ў прасторы хаты, так і магічную, сакральную, дзякуючы якой захоўвалася памяць продкаў і еднасць рода. Можна сцвярджаць: на ўзроўні падсвядомасці ў родзічаў з аднае хаты з пакалення ў пакаленне перадаваўся адметны духоўны стрыжань. Праз покуць, абрады, што ў тым месцы звяршаліся, праз размовы за сталом ішло культавае насычэнне жыцця кожнага з сямейнікаў, і так нібы перадавалася ў спадчыну маладзейшым жаданне жыць у гармоніі з людзьмі, з прыродаю і каларытна ды з густам, у плыні традыцый продкаў абсталёўваць сваё жытло.

Беларуская вёска даволі добра зберагла традыцыю размяшчэння і ўпарадкавання покуці. Напрыклад, у Клімавіцкім раёне (Магілёўшчына) амаль ва ўсіх хатах ёсць чырвоны кут, размешчаны паводле даўніх мясцовых традыцый. У вёсцы Судзілы на Духа (Сёмуха, Май, Зелянец) існуе абрад упрыгожвання як покуці, так і ўсяго двара зялёнымі галінкамі клёна, бярозы і абавязкова аеру. Паводле тамтэйшых звычаяў, калі на вуліцы бывае буран або моцная завея, то галінкі ці аер, захаваныя ў чырвоным куце, выкідваюць цераз парог на двор: для таго, каб бура скончылася. А раней іх яшчэ маглі класці ў сена, бурт ці пограб: лічылася, тады не будзе мышэй. Па сутнасці, гэта можна лічыць своеасаблівай народнай магіяй: асвечаны на покуці прадмет нібыта набывае асаблівую моц, каб ім адпрэчваць ліхую сілу.

Ці застанецца ў хаце покуць?

Сённяшнія тэхналогіі будаўніцтва ўплываюць на тое, як мы ўладкоўваем сваю жыллёвую прастору. Гараджане ж не заўсёды й зберагаюць побытавыя традыцыі, і рытмы сучаснага жыцця часам не даюць магчымасці сямейнікам збірацца разам, за адным сталом. Таму і чырвоны кут цяпер трансфармуецца: як у архітэктурным плане, так і ў мастацка-дэкаратыўным. Эпоха ваяўнічага атэізму таксама не прайшла бясследна… Між тым варта згадаць з савецкіх часоў цікавую рэч: чырвоны куток, “красный уголок” — гэтыя назвы чамусьці добра прыжыліся і ў побыце калгаснікаў, і як своеасаблівыя святочныя, ганаровыя месцы ў пакоях, дзе збіраліся сябры акцябрацкіх, піянерскіх арганізацый. Чырвоныя куткі былі і ў завадскіх цахах, і ў вайсковых часцях. 

Цяпер мы, так павялося, больш дбаем пра матэрыяльны дабрабыт, часам губляючы духоўныя повязі з традыцыямі продкаў. Між тым ролю такога ўніверсальнага “сінтэзатара”, які спалучае мінулае і будучыню, свет Гэты і Той, выконваў раней якраз чырвоны кут вясковай хаты — у сукупнасці са шматлікімі звычаямі ды абрадамі. Але ёсць жа цяпер і такое: гарадскія жыхары, асабліва вернікі, хай сабе і ў змененым выглядзе, пачынаюць у сваім жыллі размяшчаць, уладкоўваць і покуць. А паколькі традыцыі перарваліся ці падзабыліся, то, бывае, робіцца гэта ў скажоным ці трансфармаваным выглядзе. Што ж, будзем вучыцца...

Ці застанецца ўвогуле покуць у нашых хатах, дамах, а таксама й душах беларусаў у будучыні? Мне хочацца верыць, што так. Бо гэта — месца святое, асвечанае векавымі традыцыямі продкаў, і таму яно ніколі, ні пры якіх абставінах не будзе заставацца пустым.

Аляксандр Галкоўскі, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter