Ліст у мінулае — майму прадзядулю, які не вярнуўся з вайны

Тое нельга забыць

Ліст у мінулае — майму прадзядулю, які не вярнуўся з вайны


Васіль Дзецюкоў
Добры дзень, дзядуля! Пішу табе ў далёкі 1943-і, у той час, дзе ты застаўся назаўжды. Я Насця — твая праўнучка... Нядаўна пераглядала сямейны альбом і знайшла твае фатаграфіі. На іх ты такi малады, прыгожы, поўны жыцця і сіл. У цябе прыгожая ўсмешка, якую так любіла бабуля. Заплюшчваю вочы... І быццам бачу: за небасхіл садзіцца сонца, і аблокі, яшчэ румяныя ад яго, плывуць павольна. І ветрык калыша пажоўклае восеньскае лісце. Ціха. Нібы прырода не заўважае, што на зямлі — вайна… А ўдалечыні чуць прыкметны рух: узброеныя людзі прабіраюцца да акупаванага горада. Дзядуля, дык гэта ж наш Гомель! А ты наперадзе... Сам падахвоціўся ісці ў разведку, смяльчак. І я нібыта побач з табою. Чую асцярожныя крокі. Здаецца, кожная пясчынка роднай зямлі засцерагае цябе, надаючы сіл і прытупляючы страх. Адчуваю біццё твайго сэрца, якое міжволі замірае ад любога шоргату. Цішыня... Толькі тваё дыханне... І раптам стрэл. Яшчэ адзін. Яшчэ... Удалечыні, бачу, твае таварышы бягуць з гары. “Трымайся, Васіль!.. Васька, не здавайся!..” — зрываюцца адчайныя крыкі скрозь боль і слёзы з іх вуснаў.

Ноч... Цішыня... Чорна-сіні дыван з залатымі ўзорамі ахутаў зямлю. І недзе там, далёка адсюль, чакае яна, падняўшы блакітныя, поўныя слёз вочы да нябёсаў… Моліць Неба, выпрошвае доўгачаканы ліст з радком “жывы, еду дадому…” Але ўсё складзецца не так. Яна, жонка твая Наталля, больш ніколі не ўбачыць тваю прамяністую ўсмешку, якая скарыла яе на першым спатканні. Не адчуе ўжо тваіх гарачых рук. Прыйшла ў сям’ю “пахаронка”. Прынесла страшную вестку: Дзецюкоў Васіль Якаўлевіч загінуў у баі. І што ўзнагароджаны медалём “За адвагу”, пасмяротна.

Але ж хіба можа герой загінуць, знікнуць? Ён будзе жыць заўсёды! У сэрцах... І ў маім сэрцы ты жывеш, дзядуля. Я ведаю: на долю кожнага пакалення выпадае сваё выпрабаванне. На тваю, дзядуля, выпала вайна... І ты, і мільёны людзей змагаліся не толькі за свае жыцці: пралівалі кроў, каб нарадзіліся і жылі мы, нашчадкі.


Анастасія Ляшко — праўнучка Васіля Дзецюкова

Як шкада, што ты не змог убачыць, якой прыгожай стала цяпер наша краіна. Якія ўрадлівыя ў нас палі, якое чыстае неба над галавой. Ты не бачыў, як я пайшла ў першы клас і закончыла школу, і стала студэнткай Акадэміі кіравання. Як шкада, што ты не абдымеш мяне, калі мне стане тужліва... Але ты можаш ганарыцца намі. Мы не забыліся. Кожны год святкуем Вялікі дзень Перамогі, як і дні вызвалення нашых родных гарадоў, аддаючы даніну павагі кожнаму, хто змагаўся за Бацькаўшчыну. Мы стараемся акружыць клопатам і ўвагай яе абаронцаў, якія пакуль з намі. Вывучаем гісторыю, каб не паўтараць страшных крывавых памылак мінулага. Вось згадваю пра цябе — і хочацца быць лепшай, дабрэйшай, бо так хацелі б вы… Ты ведаеш, напэўна, што ў нас не ўсё атрымліваецца, але ваша Перамога, ваша воля, любоў да нас, ваша ахвяра дзеля нас надае сілы, каб усё ж старацца.

З любоўю і вечнай удзячнасцю, твая праўнучка Анастасія Ляшко

АД РЭДАКЦЫІ

З бітвы за Гомель у лістападзе 1943-га, пра якую згадваецца ў тэксце, пачыналася вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад быў важным вузлом камунікацый, пунктам абароны ворага на правым беразе Сожа. Актыўную дапамогу пад час вызвалення Гомеля ды іншых населеных пунктаў войскам Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі, аказвалі народныя мсціўцы: з Гомельскага і Палескага партызанскіх злучэнняў.

Гомель быў вызвалены 26 лістапада. У ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі загінулі 21650 байцоў, камандзіраў, палітработнікаў, сотні партызан і падпольшчыкаў. 66556 воінаў атрымалі рознай ступені раненні ды кантузіі. А франтавік Дзецюкоў Васіль Якаўлевіч, дадала ў лісце ў рэдакцыю яго праўнучка Анастасія, быў з 1895 году, родам з вёскі Лебедзеўкі Кармянскага раёна Гомельшчыны. З дзевяці ягоных дзяцей выжылі пяцёра: Ева (бабуля Насці), Іосіф, Іван, Ганна, Марыя. Спачатку, па ўспамінах родных, воіна пахавалі ў месцы гібелі, а потым астанкі яго перазахавалі на могілках “Рандаўка” ў Гомелі. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter