Cтаражытны Талiн слухаў беларускую мову, у тым ліку і з вуснаў маладых эстонак

Таямніцы Старога горада

Cтаражытны Талiн слухаў беларускую мову, у тым ліку і з вуснаў маладых эстонак

talin.pngУ сталіцы Эстоніі сёлета ўжо 33-ці раз праходзiлi Днi Старога Талiна. Свята, нагадаю, доўжыцца цэлы тыдзень, бярэ пачатак з 1982 года i сiмвалiзуе пачатак лета. Сёлета ўсе імпрэзы ладзіліся пад паэтычным дэвізам “Вароты ў двор адчыняюцца...”. Гэта можна разумець і як запрашэнне паглядзець старадаўнія падворкi ў горадзе, і — пазнаёмiцца з усім горадам, у якім шмат таямнiц.

Штодзённая праграма мела і сёлета немалы канцэртны складнік, адкрываліся новыя музейныя экспазiцыi, ладзіліся нават тэматычныя набажэнствы ў цэрквах. Вулiчныя канцэрты праходзiлi на падворках, на пляцоўках, на вулiцах i ў кавярнях. Гiстарычны Талiн нібы ператварыўся ў вялікі тэатр, дзе сцэна і артысты — сам горад з яго вуліцамі і будынкамі, дзе таленты свае паказвалi больш за сто творчых гуртоў, салістаў, артыстаў з Эстонii ды замежжа. І Асацыяцыя беларусаў Эстонii ўдзельнiчала ў адкрыццi Дзён Старога Талiна — са сваёй праграмай. Канцэрт мы ладзілі ў Бастыённым дворыку, па вулiцы Вiру.

Словамi вiтання ад зямлі беларускай адкрыла імпрэзу прэзідэнт Асацыяцыi беларусаў Эстонii Нiна Савiнава. Выступаў гурт “Дзяўчаты”. Вельмі, дарэчы, адметны: у iм маладыя эстонкі спяваюць па-беларуску. Асабліва кранальна было чуць у Таліне шырока вядомую лірычную песню “Колькі ў небе зор…” — яе дзяўчаты спявалі разам са сваёй кіраўніцай.  А кiруе гуртом Ніна Пээрна, у якой беларускiя родавыя карані. Яна настаўнiца-метадыст рускай мовы гімназii Табасалу, што ў Хар’юскім павеце, член праўлення беларускай суполкi “Цэнтр вучобы і развiцця EVA — Studiorum”. Спадарыня Ніна чытала свае вершы пра родную Беларусь, пра любоў да роднага краю. Беларускiя песнi гучалi і ў выкананнi ансамбля “Алеся”. Госцем беларускай праграмы была спявачка Алена Лумiнская: яна прыехала у Эстонiю для ўдзелу ў 14-м Мiжнародным конкурсе рускага раманса iмя Iзабэлы Юр’евай.
Мы, беларусы, заўжды рады знаёмiць тых, хто жыве з намі побач, з беларускай культурнай спадчынай. Так было і на свяце Старога Талiна.

Ангеліна Крынічная, г. Талін

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter