“Сымон-музыка” з Мюнхена і Прагі

Удзельнікі Шостага з’езда беларусаў свету наведалі выставу, што адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна­мемарыяльным музеі Якуба Коласа напярэдадні форуму і прымеркавана да яго
Удзельнікі Шостага з’езда беларусаў свету наведалі выставу, што адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна­-мемарыяльным музеі Якуба Коласа напярэдадні форуму і прымеркавана да яго

Экспазіцыя “Якуб Колас у эмiграцыйным друку” змясцілася ў адным з невялікіх пакояў дома, дзе жыў і працаваў класік беларускай літаратуры. Можна пабачыць газеты, часопісы і кнігі, што выдаваліся за мяжой на пачатку 50-х гадоў, у якіх публікаваліся творы Песняра. Сам ён, вярнуўшыся з эвакуацыі, жыў і працаваў у Беларусі, не падазраючы, што за акіянам, у выдавецтве “Бацькаўшчына” (у Мюнхене і Празе) выйшла ў свет яго паэма “Сымон-музыка” ды іншыя творы. Зрэшты… Можа і падазраваў, але казаць ці думаць нават пра тое ў пасляваенны час было небяспечна. А ў краінах за “жалезнай заслонай” тым часам публікуецца ягоная паэзія, а дзеці эмігрантаў у беларускіх нядзельных школах вучаць на памяць яго вершы. Адным з выдаўцоў газет, у якіх выходзілі творы Якуба Коласа ў ЗША, быў ягоны сваяк-зямляк Мікола Прускі, родам з вёскі Мікалаеўшчына. Тыя выданні можна ўбачыць сёння ў сценах Коласаўскага музея. Іх прывезла ў Беларусь з Амерыкі ўнучка песняра, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч.
З яе ініцыятывы і стваралася новая экспазіцыя. “Калі я ўпершыню выехала за мяжу і апынулася ў гасцях у беларусаў, якія жывуць у Злучаных Штатах, то неверагодна здзівілася, даведаўшыся, што яны выдаюць газеты, часопісы на беларускай мове, кнігі, у тым ліку і майго дзеда Якуба Коласа, — расказала Марыя Міцкевіч, адкрываючы выставу. — На стэндзе выстаўлены кнігі, што выйшлі ў выдавецтве “Бацькаўшчына” з 1952 па 1957 гады, іншыя выданні, у якіх згадваўся Колас, друкаваліся яго творы”. Сярод экспанатаў і вельмі рэдкія выданні накшталт “Янка Купала і Якуб Колас. Вянок успамінаў пра іх”, якія рэдка згадваліся ў айчынным друку.
Тыя, хто наведвае выставу, з цікавасцю даведваюцца, як мастацкае слова Коласа і на чужыне дапамагала тысячам нашых суайчыннікаў мацаваць духоўную повязь з Бацькаўшчынай. Унікальную калекцыю эмігранцкіх газет, часопісаў і кніг Марыя Міцкевіч збірала шмат гадоў, у ёй нямала рарытэтных выданняў. Гэта, да прыкладу, часопіс “Беларускі свет”, які выходзіў у штаце Мічыган намаганнямі Міколы Прускага, газеты “Беларус”, “Голас царквы” — іх некаторы час выдаваў Коласаў брат Міхась Міцкевіч, які доўга і сам жыў у Нью-Ёрку.

Яўген Дарэнскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter