Сям’я з чарнобыльскай вёскі

Наконадні чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС у дарогу мяне паклікаў фотаздымак, знойдзены сярод шэрагу іншых у шафе “Стыхійныя бедствы. Ліквідацыя наступстваў чарнобыльскай аварыі” з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. “Эвакуіраваная з саўгаса “Пасудава” ў выніку аварыі на ЧАЭС сям’я Марыі Іванаўны і Аляксея Якаўлевіча Смалінец і іх 13 дзяцей каля дома прыняўшай іх жыхаркі калгаса імя Ф.Энгельса А.Ф.Хадасок”. Як вядома, для перасяленцаў з забруджанай зоны за ўсе гады пасля аварыі было пабудавана больш як 65 тысяч кватэр і дамоў, 239 новых пасёлкаў. Не заўсёды перасялялі кампактна, лёс раскідаў людзей, якія з маленства прывыклі да суседзяў, знаёмых, па розных кутках Беларусі.

Трынаццаць дзяцей! Напэўна, добрая патрыярхальная палеская сям’я, дзе на багатай глебе людзі вякамі жылі спакойна і заможна. Нават лаянка для паляшуцкага вуха нязвыклая. Вучоны, які збіраў напачатку 90-х экспанаты народнага побыту ў “зоне адсялення” (зараз існуе асобная выстава ў Музеі старажытнай беларускай культуры), расказваў мне, што адселеныя вёскі — унікальныя з пункту гледжання энтаграфіі. Схаваныя ў глыбі Палесся амаль на мяжы з Украінай, іх жыхары ўжывалі ў паўсядзённым жыцці старадаўнія прылады працы, ручнікі, вопратку, посуд, у тым ліку і вялізныя драўляныя кадаўбы. Амаль кожны дом — як музей. ...Хаты, якія ліквідатары, магчыма, пахавалі ў зямлю або хцівыя і бессаромныя марадзёры разабралі да фундаменту.
Дзе сённяшні дом вялікай сям’і Смалінец? Знайсці іх дапамаглі неабыякавыя людзі ў Брагінскім і Жыткавіцкім райвыканкамах — Барыс Пятровіч Мардвінаў і Ігар Міхайлавіч Астаповіч. І вось я еду ў вёску Азяраны Жыткавіцкага раёна. Прайшло больш дваццаці гадоў пасля аварыі, якімі сталі людзі з фотаздымку, ці жывыя старэйшыя, ці не разляцеліся дзеці па ўсім свеце?
Штоноч стаіць перад вачыма...
Веснавыя палескія краявіды — дзіва дзіўнае. Блакітна-салатавая смуга маладой зеляніны паабал дарогі чаруе і навявае мары. Пад Браславам ёсць знакамітая гара “Маяк”, з якой можна адначасова ўбачыць пяць навакольных азёр. Па дарозе з Жыткавіч у Азяраны я бачыла сотні маленькіх светла-блакітных азярок! Разліліся Прыпяць і Сцвяга, затапіўшы паплавы і балоты, і нарадзілі гэты цуд прыроды — бясконцыя невялікія азёры ва ўборы салатавай веснавой зеляніны. Менавіта ў гэтыя мясціны, чыстыя ад радыяцыі, лёсам было наканавана Смалінцам перабрацца пасля катастрофы.
Ведаю, што Марыі Іванаўне ў наступным годзе павінна споўніцца семдзесят год. Але ж дзверы адчыняе жанчына, у якой не адчуваецца і ценю старэчай слабасці. Голас маці не дрыжыць, калі яна вядзе свой аповед, і мне здаецца, што ўнутры старой жанчыны — нязломны сталёвы стрыжань. Нашмат мацнейшы, чым тыя, якія не вытрымалі ў рэактары. Але там, у душы маці — боль і вялікая крыўда...
— Мая дарагая, гэта ж трэба тры дні расказваць, каб расказаць... Чацвёртага мая ў тры гадзіны ночы пастукалі ў дзверы і эвакуіравалі нас. Паехалі ў чым былі, узялі толькі дакументы. Тады якраз быў Вялікдзень, напяклі булак, пафарбавалі яйкі. Нам сказалі ўзяць з сабой прадуктаў на некалькі дзён, і мы ў торбачку склалі тыя кулічы, яйкі... Хто плакаў, а хто смяяўся. Мой дзядзька, заўзяты камуніст, ніколі не маліўся, у Бога не верыў. А тут узяў абраз з кута, дайшоў з ім да дзвярэй, перахрысціўся і заплакаў.
У куце новай хаты Смалінцоў — ікона, ахінутая прыгожым палескім ручніком. Старадаўні абраз, які, магчыма, належаў яшчэ дзядам і прадзедам Марыі Іванаўны — адзінае, што забралі яны пазней са свайго старога дома.
Пра рэчы сэрца не баліць
— Мы ведалі, што ад’язджаем назаўсёды. У нядзелю за дзве гадзіны эвакуіравалі Прыпяць. Ад нашай вёскі Залессе да атамнай станцыі — 15 кіламетраў па прамой. Памятаю, прыехала электрычка з Прыпяці і столькі моладзі, нібыта да бацькоў дапамагаць на агародзе. Прыехаў адзін наш сусед. Кажа, толькі ў пятніцу забраў жонку з раддома, і амаль адразу іх эвакуіравалі. Нібыта забыў сумку з рэчамі для нованароджанага і вярнуўся за ёй... Усе, хто маглі, сваіх дзяцей адправілі да сваякоў. А куды нам ехаць з такой сям’ёй? Вырашылі сядзець і чакаць. З раёна прыехалі спецыялісты грамадзянскай абароны з дазіметрамі, адкрылі іх, а як мераць — не ведаюць. Дзеці дзівіліся на самалёты, верталёты, якія ляцелі да станцыі. Недалёка ад нас верталёты грузілі пясок, які потым скідвалі ў жэрла, а дзеці гулялі побач у тым жа пяску. Потым загадалі малых не пускаць на вуліцу. Старэйшыя дзеці зачынілі Алега, Паўліка і Кольку. Я прыходжу з працы, адчыняю дзверы, а малыя проста выпалі на вуліцу — біліся, каб іх выпусцілі. Лазню тапілі штодзень... Вайна была — то хаваліся ад немцаў у лесе. А тут хто ведае, куды бяжаць, куды хавацца?
Эвакуіравалі нас на аўтобусе спачатку ў вёску Вуглы калгаса імя Ф. Энгельса. У людзей па хатах пытаюцца, хто сколькі перасяленцаў узяць можа. Па тры, па чатыры. Старэйшыя дзеці з намі ўжо не жылі, заставаліся васьмёра малодшых і сын з цяжарнай жонкай. Ім якраз напярэдадні выдзелілі дом на новай вуліцы з двухпавярховымі будынкамі, там ўжо паставілі мэблю, але паспаць на ёй не паспелі. І вось мы разам прайшлі да канца вёскі, але хто возьме? Вышла з хаты старая бабуля, абапёрлася на плот, глядзіць. Потым пытае: “А гэта, мусіць, адна сям’я?” І пусціла нас. Крыху пазней дзяцей разабралі на чатыры месяцы па розных лагерах, самы малодшы трапіў на дзіцячыя дачы пад Мінскам. Мы з мужам разрываліся, каб усіх паспець праведаць, а дзеці яшчэ то адзін, то другі захварэе. Пасля таго лета хлопчыкі адмовіліся ездзіць летам у лагер. Пытаецеся, ці шкада было рэчаў са старога дома? Для рэчаў у сэрцы месца не хапіла, яно балела за дзяцей.
У Азяранах для вялікай сям’і пабудавалі адпаведны дом, аднак спачатку Смалінцы там не прыжыліся. Паехалі да старэйшых дзяцей ва Украіну. Але праз два гады вырашылі вярнуцца і аселі ў вёсцы амаль на мяжы Прыпяцкага нацыянальнага парка.
Поўная хата дзяцей
— Дзеці з маленства былі вельмі дружныя. Калі будавалі гараж або лазню — толькі разам. Нават маленькі Алег і той нёс сваю цаглінку. І зараз трэба аднаму нешта зрабіць — усе прыйдуць на дапамогу. Адзін працуе — і ўсе працуюць, — распавядае маці. Пахваліў сям’ю і старшыня Азяранскага сельсавета Сяргей Аксёнчык: “Усе дзеці пры справе, звязаны з тэхнікай, і ніхто з гэтай сям’і не можа зрабіць дрэнна, толькі дасканала”.
Кожны дзень дарослыя дзеці, што засталіся ў Азяранах, наведваюць маці, прыходзяць да яе і ўнукі. Тэлефануюць “далёкія” блізкія. Вялікі і ладны дом, дзе жывуць таксама трое нежанатых дзяцей Марыі Іванаўны, — своесаблівы “штаб” Смалінцоў. Зразумела, за дваццаць адзін год вялікая сям’я ўжо панесла страты. Праз чатыры гады пасля аварыі на ЧАЭС памёр ад раку Аляксей Якаўлевіч, бацька. Тая ж хвароба забрала і дачку Наталлю. Трапіў у аварыю на працы Анатоль, стаў інвалідам. Але браты не кінулі яго, штодзень завозяць брата на працу ў кантору.
Вядома ж, быў у сям’і і прыбытак. Зараз у Марыі Іванаўны ўжо 16 унукаў, 5 праўнукаў. “Як выхадныя, поўная хата дзяцей,” — кажа шчаслівая бабуля. А як склаўся лёс дзяцей? Двое жывуць у Расіі: самы старэйшы, Уладзімір, — у Якуціі, Валянціна — у Тульскай вобласці. Трое — Аляксей, Віталь і Якаў — грамадзяне Украіны. Яшчэ сямёра — Анатоль, Юрый, Сяргей, Людміла, Алег, Мікалай і Павел працуюць у Азяранах.
Розніца ва ўзросце ў старэйшага і малодшага сына Марыі Іванаўны — 23 гады. Усяго было ў яе 11 сыноў і 3 дачкі. Сынок Саша памёр яшчэ да чарнобыльскай трагедыі, і на яго магілку ў родныя мясціны штогод маці вяртаецца ў сваю былую вёску. На Радаўніцу.
— Калі мы пераехалі ў Азяраны, было вельмі дзіўна, што тут могілкі прынята наведваць ураніцу на  Вялікдзень. Мы ж гэта робім на Радаўніцу. У першыя гады пасля аварыі ў вёсцы ўсё стаяла, як было. А потым нават многія дамы разабралі... І могілкі не шкадуюць, у нашага сыночка помнік знеслі. Зараз мы ездзілі, паставілі крыжык. Дзеці прыязджалі на Пасху з Расіі і Украіны, сядзелі ад сцяны да сцяны. І выпілі ўсе толькі бутэльку віна і паўбутэлечкі гарэлкі. Нават на свята дзеці не п’юць, — расказвае Марыя Іванаўна.
У палескай вёсцы Залессе Брагінскага раёна быў звычай. Пасядзеўшы на Радаўніцу каля родных магілак, аднавяскоўцы збіраліся разам і накрывалі агульны стол. На жаль, штогод усё менш людзей вяртаецца да родных магіл...
На развітанне я падарыла Марыі Іванаўне фотаздымак, які пазнаёміў мяне з сям’ёй Смалінец. “А гэта не мы, гэта нашы суседзі, блізкія сябры, з той, былой вёскі,” — нечакана ў адзін голас сказалі маці і дачка Людміла. Суседзі, паводле лёсу, трапілі ў Акцябрскі раён, некаторых людзей з фота, як расказалі Смалінцы, ужо няма. Але паведамілі мне і радасную навіну. Малая дзяўчынка Алеся, якая на фота сядзіць на руках у мамы, вырасла ў сапраўдную прыгажуню, і ў гэтыя ці наступныя выхадныя адбудзецца вяселле.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter