Відаць, самаму папулярнаму прывіду Мінска — Белай панне Лошыцкай сядзібы — давядзецца шукаць сабе новае прыстанішча

Сядзіба адрадзілася

Відаць, самаму папулярнаму прывіду Мінска — Белай панне Лошыцкай сядзібы — давядзецца шукаць сабе новае прыстанішча. Таму што спакой, смяюцца работнікі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу, іх Панначцы цяпер можа толькі сніцца: пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ сюды валам павалілі мінчане і госці горада. Дом жыве новым, поўным экскурсій і прыёмаў жыццём. Спецыялісты “Белрэстаўрацыі” пастараліся па максімуме ўзнавіць атмасферу гарадской сядзібы XIX — пачатку XX стагоддзя. Былы дваранскі маёнтак сёння ператварыўся ў агульнадаступнае месца адпачынку.



 Рэстаўрацыя былога маёнтка Прушынскіх і Любанскіх, дзе ў 20-я гады мінулага стагоддзя працаваў акадэмік Вавілаў, а стагоддзем раней ступала нага Дуніна-Марцінкевіча, афіцыйна цягнулася больш за шэсць гадоў. На пашпарце аб’екта пачаткам работ значыцца 2008 год, хоць гутаркі пра рэканструкцыю Лошыцкай сядзібы вяліся яшчэ з 2002-га. У тым годзе Мінгарвыканкам прыняў рашэнне “Аб аднаўленні і развіцці Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу ў горадзе Мінску”. Работы, успамінае намеснік дырэктара Музея гісторыі горада Мінска Пётр Хацько, ішлі цяжка: змяняліся праекціроўшчыкі і падрадчыкі, ссоўваліся тэрміны, спецыялісты-рэстаўратары часцяком не маглі прыйсці да адзінага кампраміснага рашэння:

— Цяпер, дзякуй богу, усё ў мінулым. Спецыялісты цалкам узнавілі спрадвечнае аблічча сядзібы. Усё страчанае вярнулася на ранейшае месца, але ўжо, натуральна, у сучасных матэрыялах. Сядзіба пачала жыць — і гэта самае галоўнае. Мы спадзяёмся, што кожны, наведаўшы залы, зможа прасякнуцца духам XIX стагоддзя.

У стварэнні экспазіцыі сядзібы дапамагалі  не толькі беларускія музеі, але і прыватныя калекцыянеры
У стварэнні экспазіцыі сядзібы дапамагалі  не толькі беларускія музеі, але і прыватныя калекцыянеры

Пры гэтым музейны комплекс зусім не пахне даўніной. Хутчэй, наадварот: архітэктурныя элементы, фрагменты маляўнічага дэкору, ляпніна, а таксама ўнікальныя кафляныя печы і камін выглядаюць зусім як новыя. Уражанне падманлівае: усе печы — аўтэнтычныя, кожная — сапраўдны твор мастацтва. Яны захаваліся настолькі добра, што цяпер цалкам маглі б выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Але з меркаванняў тэхнікі бяспекі агонь у іх распальваць, натуральна, не будуць.

На аднаўленне інтэр’ераў майстрам спатрэбілася некалькі гадоў. Войны і час не пашкадавалі падлогу, вокны і столі. Адсутныя часткі аздаблення і дэкору аднаўляліся па ацалелых фрагментах-узорах. 

Юліяна Леановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter