Маці вялікага сябра Беларусі і беларусаў Яна Райніса, 150-я ўгодкі якога цяпер адзначаюцца, мела беларускія родавыя карані і пахавана ў Віцебску

Сябры-суседзі Яніса Райніса

Маці вялікага сябра Беларусі і беларусаў Яна Райніса, 150-я ўгодкі якога цяпер адзначаюцца, мела беларускія родавыя карані і пахавана ў Віцебску


Карціна Мікалая Гусева “Янка Купала і Ян Райніс”. 1959 г.

У Беларусі ніколі не забываліся на Яніса Райніса (11.9.1865 — 12.9.1929), вядомага латышскага паэта і перакладчыка, драматурга, філосафа і грамадскага дзеяча. Ён нарадзіўся на прыберагу Даўгавы, у тых мясцінах, дзе і ў вуснах яго маці Дарты Пліекшанэ не зжылася мова беларусаў і перадаваліся сыну Жаныню матывы іх векапомнай песеннай творчасці. І калі некалькі латгальскіх паветаў Віцебскай губерні былі перададзены ў 1920 годзе Латвіі, Яніс Райніс стаў верным абаронцам нацыянальных правоў тамтэйшых беларусаў. Пасадзейнічаў адкрыццю для іх гімназій, школ, падтрымліваў і развіццё культурна-асветнай дзейнасці. Нездарма ён, міністр асветы Латвійскай Рэспублікі, быў запрошаны дэлегатам на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая  праходзіла ў Мінску 14-21 лістапада 1926 года. Гэта, дарэчы, быў першы навуковы выхад Беларусі на міжнародную арэну, як выказаўся яе ўдзельнік Сцяпан Некрашэвіч, вучоны-мовазнаўца, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інбелкульта (цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), акадэмік Беларускай акадэміі навук.

Разам з Райнісам выехалі тады з Рыгі дацэнт Латвійскага ўніверсітэта Эрнэстс  Блесэ, дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне Уладзімір Пігулеўскі. (У інтэрнэце знаходзім: ён з 1922 года жыў у Латвіі, дырэктарам гімназіі быў у 1924-25 гадах. А ў 1926-34 гадах загадваў беларускім аддзелам пры Міністэрстве адукацыі Латвіі. — Рэд.). Ехаў таксама з імі і рэдактар (на той час) газеты “Голас Беларуса” Кастусь Езавітаў. У вагоне разам з імі аказаўся навуковец і выдавец з Коўна Вацлаў Ластоўскі. Яніс Райніс некалькі разоў выступаў на канферэнцыі.


Яніс Райніс і ягоная жонка Аспазія

У Юрмале (станцыя Маяры, вуліца Я. Пліекшана, 5/7) я знайшоў у архівах Дачы-музея Райніса і Аспазіі некалькі кніг тых часоў з дарчымі надпісамі беларускіх пісьменнікаў, фотаздымкі з тых спектакляў, на якіх яму давялося быць у Мінску. Зацікавіў мяне здымак, на якім Райніс сфатаграфаваны разам з Янкам Купалам і пісьменнікамі, як пазней даведаўся — з сябрамі літаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша”. На здымку сядзяць злева направа: Змітрок Бядуля, Яніс Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва (намеснік старшыні згуртавання); стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка (сакратар), Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны (старшыня згуртавання “Узвышша”). На адвароце здымка я прачытаў аўтограф Янкі Купалы, напісаны лацінкаю: “Welmipavaźanamu pieśniaru Latwii J. Rajnisu szczyrapryjazny Janko Kupala Miensk 19/XI — 26 h.”

І яшчэ адзін здымак — цудоўны партрэт Яна Райніса — быў створаны ў той жа дзень. Дзе? У фотаатэлье “Трудколлектив”, што працавала на вуліцы Савецкай, 73. У Літаратурным музеі Янкі Купалы гэтыя здымкі можна ўбачыць. Ёсць на выставе і звесткі пра ўдзел паэта ў Акадэмічнай канферэнцыі. А дзе можна прачытаць сёння пра яе работу? Хіба ў публікацыі С.М. Запрудскага (“Веснік БДУ”. Серыя 4. 2004 г. № 3. С.21-26). Справа ў тым, што ўжо ў 1926-м Крэмль выказаў незадавальненне прайшоўшай канферэнцыяй. Пазней яна была абвешчана з’ездам беларускіх нацыяналістаў і контррэвалюцыянераў. Многія ўдзельнікі “нацдэмаўскага генеральнага злёта”, як яго назвалі, былі рэпрэсаваныя. Не ўратаваліся і тры “ўзвышанцы” са згаданага фотаздымка: У. Дубоўка, А. Бабарэка, Я. Пушча. У 1930-м яны былі арыштаваныя як “члены контррэвалюцыйнай арганізацыі”. Дарэчы, “выпраўлены”, адцэнзураваны фотаздымак 1926 года я таксама знайшоў у архівах Літаратурнага музея Янкі Купалы. Відаць, хоць і пакалечаны, перамаляваны ад страты трох асобаў, ён павінен быў нагадваць пра мінскае гасцяванне высокага латышскага госця ў экспазіцыях створанага Уладзіславай Луцэвіч Купалаўскага музея. А рэпрэсаваных пісьменнікаў рэабілітавалі толькі ў канцы 50-х...

Лепшым, чым на сапсаваным здымку, выглядае Райніс на карцінах мастакоў Мікалая Гусева “Янка Купала і Ян Райніс” (1959), Абрама Кроля “Сустрэча. Ян Райніс у гасцях у Янкі Купалы ў 1926 г.” (1982). У 2002 годзе рыжскі беларус Вячка Целеш выдаў паштоўку “Я. Купала і Я. Райніс”. На ёй за постацямі народных паэтаў відаць берагі ракі Дзвіны-Даўгавы. Мне гэтая паштоўка нагадвае яшчэ, што 21 лістапада 1926 года Райніс з Купалам быў у Віцебску на адкрыцці новага тэатра, які назвалі БДТ-2. Ён ведаў, што ў Віцебску жыла і пахавана яго мама Дарта, пра якую ён пісаў: “Па паданні продкі маці // з вольнае Літвы баяры” (Пераклад Рыгора Барадуліна). Але толькі праз дзясяткі гадоў ад наведання Райнісам гэтага горада на Стара-Сямёнаўскіх могілках была аздоблена магіла маці. І 140-годдзе з дня нараджэння Яна Райніса мы натхнёна адзначылі менавіта каля помніка Дарце Пліекшанэ з роду Грыкоўскіх. Пра тое знакавае месца ведаюць і беларусы Даўгаўпілса, сярод якіх вядомы паэт Станіслаў Валодзька.


Яніс Райніс у Мінску з беларускімі пісьменнікамі. 19.11.1926 г.

Згадваюцца мне знакавыя для беларусаў райнісаўскія даты. 1993 год. У серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” ў Мінску выйшаў салідны том “Ян Райніс. Выбранае”. Пазней, 4 кастрычніка 1995-га, у Беларускім таварыстве дружбы мы наладзілі літаратурна-музычную вечарыну “Ветрык, вей!” з выставай “Ян Райніс і Беларусь”. Дарэчы, найлепшымі перакладчыкамі Райніса ў Беларусі ў першую чаргу былі Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха, абодва — кавалеры ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі. Ах, якая прыгожая кніга “Ветрык, вей!” была выдадзена ў нас па-беларуску ў перакладзе Барадуліна! Потым 21 кастрычніка 2010 года ў Купалаўскім музеі прайшла вечарына, прысвечаная Райнісу: “Вясну з сабой я ўзяў на памяць”. Там жа 15 лістапада 2013 года былі вечарына “Я вам прынёс напеў зямлі бацькоўскай…” і выстава “Ян Райніс і беларуская літаратура”

Шмат зроблена ў Беларусі па ўшанаванні Яніса Райніса. У Мінску  ёсць вуліца Райніса. Пра некаторыя факты я згадваю ў тэксце “Пашанцавала… на Райніса”, змешчаным у адным з нумароў “Краязнаўчай газеты”: у інтэрнэце http://bfk.by/?p=2220

І прыведзеныя тут звесткі праўдзяць высновы Райніса, выказаныя ім  пасля вяртання з падарожжа 1926 года: “…беларусаў ахапіла цудоўная нацыянальная ўзнёсласць”. Прыкмечанай Райнісам узнёсласці, будзем спадзявацца, не паменее нам і ў будучыні. Такія вось мы, райнісаўскія суседзі-балткрэвы. Такім словам, дарэчы, у Латвіі называюць беларусаў. І, скажам, Беларускі культурны цэнтр у Даўгаўпілсе па-латышску пішацца так: Baltkrievu kultūras centrs.

Яніс Райніс

Улюбёнец у Айчыну

Хто любіць Айчыну,
той мае свой кут —
І дах над сабой
і апошні прытулак;
Такому тут хлеб
і любоў — паратунак,
Такому разумныя
існасці — тут.
Ды не! Ёсць яшчэ
закаваныя сэрцы, —
З іх молат не выкрасе
іскры пакут.
Айчыне не будуць яны аднаверцы.
Іх лёс бесталанны
вось з гэтай прычыны
Ў падмурак не ляжа
каханай Айчыны.

Пераклаў з латышскай мовы Сяргей Панізьнік паводле падрадкоўнікаў Ніны Янсанэ (Панізьнік)


Даведка ГР

Да 150-х угодкаў Яніса Райніса адразу дзве выставы экспанаваліся нядаўна ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі: “У сэрца глянь сваё...” і “Аспазія і Райніс. Мяцежніца/гуманіст. Гісторыя двух паэтаў”. Гэта быў аповед пра жыццёвыя шляхі, творчасць, гуманістычныя ідэі, сяброўскую перапіску Янкі Купалы і Яніса Райніса, а таксама ягонай жонкі-паэтэсы Аспазіі. Першую выставу падрыхтавалі супрацоўнікі Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску: 17 плакатаў, кнігі твораў Янкі Купалы і Яніса Райніса. Гэтая выстава, нагадала дырэктарка Купалаўскага музея Алена Ляшковіч, дэманстравалася ўжо ў  Мінску і ў Латвіі. А другую выставу арганізавалі Пасольства Латвіі ў Беларусі, Аб’яднанне мемарыяльных музеяў Латвіі, Сакратарыят старшынства Латвіі ў Савеце Еўрасаюза, Латвійская Нацыянальная камісія UNESCO, Музей літаратуры і музыкі. У Латвіі 2015-ы — год Я. Райніса і Аспазіі, і выстава прысвечана іх 150-м угодкам. Райніс і Аспазія паказаны як значныя асобы, яны зрабілі вялікі ўнёсак у станаўленне сучаснай латышскай мовы. У экспазіцыі выставы — 18 планшэтаў.
Сяргей Панізьнік, кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter