Святло! Заўсёды святло! Яно – у кнігах

НАПРЫКАНЦЫ жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Рамана МАТУЛЬСКАГА “З мінулага ў будучыню. Бібліятэкі Беларусі”. Некалькі слоў пра аўтара. Раман Сцяпанавіч хоць і нарадзіўся на Украіне, але лічыць сябе шчырым беларусам. Ён скончыў Мінскі інстытут культуры, працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы нашай краіны, у Беларускім універсітэце культуры і мастацтва, а з 2003 года стаў дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Доктар педагагічных навук, прафесар. І, безумоўна, даследчык бібліятэчнай справы. Як вынік ужо выдадзена тры кнігі. Гэта — чацвертая. Падаравала яе нам “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Як пажартавала на вечарыне Таццяна Бялова, дырэктар гэтага выдавецтва: “Мы з Раманам Сцяпанавічам нарадзілі добрае дзіця”.

Так лічыць былы жыхар украінскай вёскі Навасельцы Раман Матульскі, які нядаўна адзначыў 50-годдзе ў Пуэрта-Рыка і падарыў беларусам кнігу пра іх духоўную спадчыну.

НАПРЫКАНЦЫ жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Рамана МАТУЛЬСКАГА “З мінулага ў будучыню. Бібліятэкі Беларусі”. Некалькі слоў пра аўтара. Раман Сцяпанавіч хоць і нарадзіўся на Украіне, але лічыць сябе шчырым беларусам. Ён скончыў Мінскі інстытут культуры, працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы нашай краіны, у Беларускім універсітэце культуры і мастацтва, а з 2003 года стаў дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Доктар педагагічных навук, прафесар. І, безумоўна, даследчык бібліятэчнай справы. Як вынік ужо выдадзена тры кнігі. Гэта — чацвертая. Падаравала яе нам “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Як пажартавала на вечарыне Таццяна Бялова, дырэктар гэтага выдавецтва: “Мы з Раманам Сцяпанавічам нарадзілі добрае дзіця”.

І, наогул, на прэзентацыі было шмат светлых жартаў, добрых пажаданняў. Тон задала першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, эстафету падхапілі Тадэвуш Стружэцкі, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Шчасны, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, навукоўцы — гісторыкі, рэцэнзенты кнігі, калегі па працы. Ды і сам віноўнік урачыстасці не заставаўся ў баку. Высветлілася, што Раману Матульскаму споўнілася толькі што 50 гадоў, а ён са свайго юбілею “збег” у далёкае Пуэрта-Рыка. І пачалося вясёлае абмеркаванне гэтай падзеі. Нарэшце ўсе пагадзіліся на адным: новая кніга — добры падарунак да дня нараджэння аўтара. І пачатую работу трэба працягваць. Першая частка кнігі прысвечана развіццю кніжнай і бібліятэчнай справы на Беларусі з X да пачатку XX стагоддзя, а другое выданне павінна ахопліваць, па меркаванні жартаўнікоў, эпоху Леніна, Сталіна да эпохі Матульскага. Раман Сцяпанавіч пагадзіўся з тымі, хто даваў такую параду. І сказаў: “Я проста вымушаны пісаць працяг”.

— Неяк сяджу вечарам за камп’ютарам, працую. Прыходзіць жонка, пытаецца: “Над кнігай шчыруеш?” Ківаю галавой. “Яно і добра, — кажа яна летуценна. — Выдасі свой твор, атрымаеш добры ганарар, мы за тыя грошы з табой увесь свет аб’едзем”. Я зноў кіўнуў галавой. І вось фінал. Кніга напісана, выдадзена, але, як бачыце, яна тонкая, ды і тыраж усяго 2000 экзэмпляраў. Так што трэба пісаць другі том, выконваць абяцанне, якое даў жонцы.

Гэтае “прызнанне” аўтара выклікала дружны смех і гарачыя апладысменты ўсіх, хто прыйшоў на імпрэзу.

А калі гаварыць сур’ёзна, то вечарына ўдалася. На ёй вялося дэталёвае абмеркаванне новага твора, бо такіх грунтоўных даследаванняў яшчэ не было ў нашай краіне. Кніга ахоплівае перыяды ўваходжання беларускіх зямель у склад Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. У ёй шмат цікавай інфармацыі, невядомых ці мала вядомых старонак гісторыі, яна добра ілюстраваная, чаго не хапае творам такога кшталту. І працяг першага тома, сапраўды, будзе. Работа, па сутнасці, пачалася.

Калі вечарына скончылася, я папрасіў Рамана Матульскага даць невялікае інтэрв’ю для “Белорусской нивы”. Павіншаваў аўтара з юбілеем, з выданнем такой патрэбнай кнігі, з тым, што ён, украінец, так цудоўна валодае беларускай мовай. Раман Сцяпанавіч усміхнуўся:

— Вы ж чулі, што ўсе выступаючыя казалі толькі на матчынай мове. А Матульскі таксама не хацеў быць белай варонай. Уявіце сабе француза ці немца, які на нейкім мерапрыемстве пачне казаць на мове іншага народа. Ды яго згоняць з трыбуны.

— Раман Сцяпанавіч, а ці праўда, што вы свой твор пачалі пісаць, калі ляжалі ў кардыялогіі?

— Праўда. Чаму? Таму, што вольны час з’явіўся. Хацеў напачатку адлюстраваць будучае бібліятэчнай справы. Ужо “занатаваў” некалькі старонак, ды адчуваю: работа не ідзе, няма натхнення. У выніку з’явілася кніга не пра будучае, а пра далёкую мінуўшчыну. Гэта падалося мне цікавейшым. Бо гісторыя станаўлення і развіцця бібліятэк, як і шматлікіх помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, да гэтага часу кепска даследавана і практычна не вывучана. Нават у прафесійных колах яе разгляд абмяжоўваецца падзеямі мінулага стагоддзя. І не трэба здзіўляцца. Гэта факт: напачатку дваццатага стагоддзя на Беларусі амаль не засталося бібліятэк. Вядома, можна спасылацца на шматлікія войны, рэвалюцыі, катаклізмы. Але мы забываем, што тэрыторыя Беларусі стала своеасаблівай буфернай зонай паміж праваслаўем і каталіцызмам. Супрацьстаянне двух вядучых хрысціянскіх канфесій пачалося на нашых землях амаль адразу пасля хрышчэння Русі і не спынялася ніколі. Сюды памкнуліся хаўруснікі Марціна Лютэра — пратэстанты, сюды беглі стараверы з усёй Расіі, тут была апошняя апора радыкальнага каталіцкага ордэна езуітаў. І трэба адзначыць, гэтыя людзі на чужой зямлі вялі сябе не як госці, а пастаянна ваявалі паміж сабой. Ваявалі яны і з кнігамі. Вядома, напрыклад, як езуіты палілі забароненыя кнігі ў 1581 годзе ў Вільні. Нямала фактаў, калі бібліятэкі “перапрафіляваліся” і знішчаліся “шкодныя” кнігі, калі руйнаваліся бібліятэкі храмаў, сабораў, манастыроў, навуковых устаноў, нават асабістыя калекцыі хаўрус- нікаў той ці іншай веры. Не на карысць былі палітычныя і ідэалагічныя “разборкі”. Але пра гэта доўгі расказ.

— А ці не працягваецца і сёння той працэс, тая пагроза, але з іншага боку? Замест сапраўднай кнігі нам прапаноўваецца камп’ютарны варыянт, электронныя бібліятэкі.

— Я вам скажу парадаксальную рэч. Не трэба забываць, што кніга была заўсёды дарагім таварам, прадметам раскошы. І сёння яна такая, нягледзячы на вялікі прарыў у электронных тэхналогіях, у камп’ютарызацыі свету. Кніга вяртаецца ў сваю нішу. Бо яна своеасаблівае люстэрка эканамічнай моцы краіны, тэхналагічных набыткаў, духоўнай сілы народа.

— Выданне кніг, развіцце бібліятэчнай справы ў нас было лепшым, чым у суседзяў?

— Так. І пра гэта яскрава сведчаць работы расійскіх даследчыкаў Шчавінскай і Радзінцава. Яны, у прыватнасці, напісалі ў сваіх творах, што напрыканцы XVI стагоддзя для беларусаў было выдадзена 400 кніг, для украінцаў — 30, для расіян усяго 10. Вось і мяркуйце самі.

Ды і бібліятэкі ў нас з’явіліся даўно. Першай, як вядома гісторыкам, была бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Даследчыкі лічаць, што дата стварэння яе — 1066 год. І мы гэтую бібліятэку лічым першым падмуркам пад Нацыянальную бібліятэку нашай краіны.

Славілася ў свой час і бібліятэка Супрасльскага Благавешчанскага манастыра. У ёй, як сведчаць дакументы, захоўвалася каля 600 тамоў. Сярод друкаваных кніг было нямала тых, што выдаў Ф. Скарына, унікальныя экзэмпляры Евангелля В. Цяпінскага, кнігі выдаўца І. Фёдарава.

А калі гаварыць пра прыватныя бібліятэкі, калекцыі, то тут першынство, безумоўна, за калекцыяй Радзівілаў, якая была створана ў радавым замку ў Нясвіжы. На працягу доўгага часу яна фактычна выконвала функцыі дзяржаўнай бібліятэкі на беларускіх землях ВКЛ.

— Раман Сцяпанавіч, падчас работы над кнігай, падчас пошуку матэрыялаў для яе, што здзівіла вас, што ўразіла?

— Здзівіла, колькі страціла наша краіна духоўнага багацця. Я кажу пра кнігі, пра калекцыі, якія былі створаны, і якія на вякі страчаныя ці не вернутыя нам. Чамусьці мы ўпарта маўчым пра Віленскую публічную бібліятэку, якая была буйнейшай у Расійскай імперыі. Ці шмат размоў пра бібліятэку Віленскага ўні- версітэта? А ці ўспамінае хто пра бібліятэку Полацкага езуіцкага калегіўма? А яны ж існавалі ў адзін і той жа час, супернічалі паміж сабой…

Таму нашчадкі павінны ведаць гісторыю, павінны ведаць сваю спадчыну. А для гэтага неабходна весці больш інтэнсіўны пошук страчанага, а раптам удача напаткае нас. Давайце вяртаць сваё, беларускае, што захоўваецца ў іншых краінах. І весці справу напорыста. Такі лейтматыў маёй кнігі.

Яўген КАЗЮКІН, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter