Свята з каларытам.

Насамрэч ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праводзіцца раз у два гады, распачаўся яшчэ летась — канцэртам у Белдзяржфілармоніі.

Каторы год з сябрамі ездзім на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродна. Свята дае магчымасць пазнаваць культуру іншых народаў, нават не выязджаючы з роднай краіны. Чулі, што фестываль пройдзе і гэтым летам. Можа, вядома, калі дакладна? Не хацелася б прапусціць такое мерапрыемства.
Сям’я ПІЛЕЦКІХ, Астравецкі раён

Насамрэч ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праводзіцца раз у два гады, распачаўся яшчэ летась — канцэртам у Белдзяржфілармоніі. Аднак яго заключны этап — маштабнае свята ў Гродна, пра якое і пішуць нашы чытачы, сапраўды пройдзе толькі сёлета. Па планам — 1—3 чэрвеня. У хуткім часе дата павінна быць зацверджана пастановай Савета Міністраў.

Аднак, каб пазнаёміцца з культурай іншых нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, не абавязкова чакаць лета. Традыцыйна пасля адкрыцця фестывалю ў сталіцы святочныя мерапрыемствы з удзелам нацыянальных дыяспар праходзяць па ўсёй краіне. Журы са спецыялістаў у розных сферах мастацтва выязджае ў беларускія гарады і вёскі, каб адабраць да ўдзелу ў заключным этапе ў Гродне самых яркіх і таленавітых прадстаўнікоў нацыянальных культур. А “Народная газета” парцягвае праект “Мы” — аповед пра культуру, быт і кухню народаў, якія пражываюць на Беларусі.

Што цікава, з кожным годам да культурнага форуму далучаюцца ўсё новыя народнасці. Калі ў першым фестывалі ў 1996 годзе ўдзельнічалі 11 нацыянальных культурна-асветніцкіх аб’яднанняў, то ў восьмым фестывалі ў 2010 годзе іх колькасць узрасла да 33. А да апошняга адбору далучыліся таксама іспанцы, венесуэльцы і афрыканцы — так што цяперашні фестываль папоўніўся выхадцамі з яшчэ трох краін. І трэба думаць, сёлетняе свята ў Гродне будзе яшчэ больш яркім і эмацыянальным.

— Гэты фестываль з’яўляецца адным з самых важных і цікавых у разнастайнай палітры фестывальнага руху. Для нашай краіны ён найбольш актуальны, — лічыць намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. — У Беларусі пражываюць прадстаўнікі звыш 140 нацыянальнасцей. Амаль кожная з іх мае ўласныя творчыя калектывы, якія, безумоўна, узбагачаюць і развіваюць нашу агульную нацыянальную культуру.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter