Сустрэцца, песнямі сагрэцца…

Суполка суайчыннікаў з Нарвы гасцявала ў Мінску і ўжо рыхтуецца прымаць у сябе эстонцаў з БеларусіЛюбіць на адлегласці — цяжка. Таму і хочацца беларусам, жывучы ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, падтрымліваць з ёй сувязі. Якім чынам? Стасункі могуць быць у розных фарматах. То можа каму прыдасца і досвед суполкі “Сябры” з Нарвы? Пра тое і пойдзе гаворка.
Суполка суайчыннікаў з Нарвы гасцявала ў Мінску і ўжо рыхтуецца прымаць у сябе эстонцаў з Беларусі

У рэпертуары творчага гурта суполкі “Сябры” з Нарвы ёсць і беларускія, і эстонскія песніЛюбіць на адлегласці — цяжка. Таму і хочацца беларусам, жывучы ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, падтрымліваць з ёй сувязі. Якім чынам? Стасункі могуць быць у розных фарматах. То можа каму прыдасца і досвед суполкі “Сябры” з Нарвы? Пра тое і пойдзе гаворка.
Утульная актавая зала Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, што на Чычэрына, 11. Публіка займае месцы, рыхтуюцца артысты. На першым радзе ў прыгожых строях госці: адна з актывістак нарвскага беларускага таварыства “Сябры” з Эстоніі Людміла Аннус і яе паплечнікі. Людміла яшчэ ў маі казала пра жаданне мець стасункі з эстонцамі з Беларусі, і бліжэй да творчай сустрэчы-канцэрта рупілася, каб і ў “Голасе Радзімы” пра адметны праект расказалі. Яно таго варта. Яшчэ ўвесну прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніна Савінава і старшыня Эстонскага культурна-асветніцкага аб’яднання “Ластаўка” Олівер Манглус падпісалі ў Мінску дамову аб супрацоўніцтве. Абодва бакі — як беларусы Эстоніі, так і эстонцы Беларусі — зацікаўлены ў наладжванні рознабаковых кантактаў.
Каб даехаць у Мінск, “Сябры” арандавалі аўтобус. Візіт стаў магчымым дзякуючы намаганням прадстаўнікоў беларускай і эстонскай дыяспар, падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”. Вітаючы гасцей на сцэне, дырэктар РЦНК Міхаіл Рыбакоў падкрэсліў: эстонцы ў Беларусі, як і беларусы ў Эстоніі, любяць і цэняць абедзве радзімы: Эстонію і Беларусь. Таму і жадаюць будаваць масты сяброўства, паразумення паміж краінамі, каб збліжацца духоўна, лепш разумець адзін другога. Так і нарадзіўся сумесны праект пад назвай “Я хацеў бы быць дома”, мэта якога — папулярызацыя нацынальных культур. А “народнымі дыпламатамі” ў ім ахвотна пагадзіліся быць нацыянальныя супольнасці ў Эстоніі і Беларусі.
Эстонска-­беларускі гурт “Ваакс” з Клічаўскага раёна Магілёўшчыны — “жывая галінка” ад гурта “Жытніца”Як абмяняліся цёплымі прамовамі ды сувенірамі Олівер Манглус і Людміла Аннус, надышла пара сагрэць душы песнямі. Вядучая, сама ўкраінка, запрасіла на сцэну гурт беларускай песні суполкі “Сябры”. Мастацкі кіраўнік у ім Ларыса Ждановіч, на акардэоне грае Фелікс Пярсіцкі. І як заспявалі землякі, то адразу ўзялі ў палон усю залу. Ужо і не ведаю, чаго ў іх манеры выканальніцкай больш, але народная напеўнасць, шчырасць ды плюс “настальгічная” танальнасць спеваў узрушаюць эмоцыі. А словы! “Беларусь — імя святое! Наша любая Белая Русь! Беларусь — слова ўсім дарагое. Мы ўсе дзеці твае, Беларусь!” — гэты верш, дарэчы, я пабачыў і як эпіграф у прыгожым буклеце, выдадзеным суполкай да 10-х угодкаў. Сёлета таварыству, якім кіруе цяпер Васіль Ждановіч, 14 гадоў. Госці яшчэ гожа праспявалі “пра вёсачку” (бо многія і самі з вясковымі каранямі) ды “Аксамітны летні вечар” і пад апладысменты саступілі месца эстонцам.
Праўда, то былі не проста эстонцы, а цэлы сямейны эстонска-беларускі фальклорны гурт “Ваакс” з Клічаўскага раёна Магілёўшчыны, кіраўнікі якога прылічваюць сябе да Культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Эстонская абшчына “Ластаўка”.
Гурт “Ваакс”, лічы, жывы сімвал духоўнай і крэўнай роднасці эстонцаў і беларусаў! Бо кіраўнік гурта Уладзімір Ваакс — эстонец па крыві, а салістка, жонка ягоная Алена — беларуска. Старэйшы сын Арцём, як і бацька, скрыпач, навучаецца ў Магілёўскім музкаледжы, стыпендыят Спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. І Георгій Ваакс у 10 гадоў таксама на сцэне. Уладзімір спрабаваў сказаць пра тое, як — праз Казахстан — бацька ягоны і сам ён апынуўся ў Беларусі, аднак, расхваляваўшыся, даручыў весці рэй жонцы. “Па-рознаму складваюцца лёсы людзей, — заўважыла Алена Міхайлаўна, — аднак вельмі важна, каб мы не забываліся, адкуль родам. Таму вельмі спрыяе і народнае мастацтва”. Яна нагадала, што гурт “Ваакс” — гэта “жывая галінка” ад заслужанага аматарскага калектыву Беларусі, ансамбля народнай песні і музыкі “Жытніца”. “Ваакс” здзівіў усіх тым, што спачатку артысты ў эстонскіх строях выконвалі эстонскія песні і найгрышы, а потым, пераапрануўшыся, яны ж паўсталі перад гледачамі ўжо як ядро гурта “Жытніца”, які жыве ў плыні беларускага фальклору ўжо больш за 20 гадоў.
Ну і “Сябры” былі на вышыні: частку праграмы спявалі па-эстонску! У тым ліку і забаўныя дзіцячыя песні. Можна шчыра парадавацца, што нашы землякі з Нарвы і свае скарбы духоўныя любяць, і чужыя — паважаюць. А ў гурце, аказваецца, таксама ёсць эстонска-беларуская сямейная пара: акардэаніст-эстонец Фелікс Пярсіцкі ды таленавітая спявачка і вышывальніца Ганна. Яшчэ ў гурце, дадам, спяваюць Людміла Аннус, Віктар Байкачоў, Ларыса Ждановіч, Ніна Камп, Любоў Мазанава.
Сустрэча-канцэрт толькі распачынала “праграму візіту” “Сяброў” у Беларусь. “Пасля Олівер арганізаваў чаяванне, мы змаглі ўсе перазнаёміцца, завязаліся творчыя кантакты, найперш з Георгіем і Аленай, чыя творчасць нам вельмі даспадобы, — напісала днямі ў рэдакцыю Людміла Аннус. — Сябры наладзілі нам экскурсію па Мінску, мы любаваліся сталіцай з агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі. Усе, наведаўшы крамы, засталіся вельмі задаволены як якасцю, так і коштамі беларускай касметыкі, трыкатажу, бялізны. А ў нядзелю ў этнакомплексе “Дудуткі” мы самі ахвотна дапамагалі ў працы кавалю ды хлебапёку, частаваліся выдатнай самагонкай з незвычайнай закускай: мёд з салёным агурком. Думаю, калі эстонская дэлегацыя прыедзе да нас у Нарву, а тое будзе 12 кастрычніка, то мы таксама, як кажуць, у даўгу не застанемся”.
Кантакты беларускай дыяспары ў Эстоніі і эстонскай у Беларусі будуць пашырацца, упэўнены дырэктар РЦНК Міхаіл Рыбакоў. На тое скіравана і пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Асацыяцыяй беларусаў Эстоніі, таварыствам “Радзіма”, суполкай “Ластаўка” і РЦНК. У Таліне прайшоў круглы стол “Умацаванне сяброўскіх сувязяў паміж краінамі Балтыі і Рэспублікай Беларусь” з удзелам грамадскасці і парламентарыяў абедзвюх краін. З удзелам эстонцаў у Беларусі і беларусаў Эстоніі прайшла дабрачынная акцыя: збор падарункаў і канцэрт для малазабяспечаных сем’яў “Падары ўсмешку дзецям”. Цяпер актывісты дыяспар дапамагаюць турыстам з Беларусі бываць у Эстоніі і наадварот.
Візітам “Сяброў” ў Мінск пачаліся творчыя кантакты між гуртамі, калектывы дыяспар будуць “абменна” ўдзельнічаць у святах, фэстах у Беларусі, Эстоніі. База для кантактаў салідная: у Эстоніі жыве ад 17 да 21 тысячы беларусаў, у Беларусі — больш за 400 эстонцаў.

Іван Ждановіч

На здымках:
У рэпертуары творчага гурта суполкі “Сябры” з Нарвы ёсць і беларускія, і эстонскія песні
Эстонска-­беларускі гурт “Ваакс” з Клічаўскага раёна Магілёўшчыны — “жывая галінка” ад гурта “Жытніца”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter