Сустракай артыстаў, Пiнск!

Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi прыедзе ў сталiцу Палесся

Спiс гарадоў, у якiх ладзiць музычныя святы Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам маэстра Мiхаiла Фiнберга, папоўнiла сталiца Палесся — Пiнск. 3 кастрычнiка жыхароў горада i раёна чакае сустрэча са славутым калектывам.

— Геаграфiя музычных iмпрэз, якiя праводзiць у так званых малых гарадах наш аркестр, пашыраецца. Услед за Нясвiжам, Заслаўем, Туравам, Мсцiславам, Мiрам, Чачэрскам вялiкая музыка прыходзiць цяпер ужо i ў гэты куток Палесся. «Пiнскiя спатканнi-2009» — так назвалi мы першы музычны праект, якi прадставiм на зямлi, што з даўнiх вякоў славiцца сваiмi мастацкiмi здабыткамi i мае асаблiвае значэнне для гiсторыi беларускай музыкi, — адзначае народны артыст краiны прафесар Мiхаiл Фiнберг.

У адзiн дзень пiнчан чакаюць адразу чатыры спатканнi з рознай музыкай — чатыры канцэртныя праграмы. Першая пазнаёмiць з адноўленымi аркестрам творамi беларускiх кампазiтараў далёкiх стагоддзяў. Другая прапануе аўтарскi канцэрт Яўгена Глебава, славутага беларускага кампазiтара, якi ў ХХ стагоддзi прынёс вядомасць айчыннаму мастацтву ў еўрапейскiм свеце. Прыхiльнiкаў джаза зацiкавiць выступленне бiг-бэнда аркестра з праграмай, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння легендарнага Эдзi Рознера, а для аматараў папулярнай музыкi падрыхтаваны святочны гала-канцэрт з удзелам вядучых салiстаў аркестра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter