Спяць нашы суседзі, бурыя мядзведзі

Ужо студзень на календары, а ў нашай краiне ўсё яшчэ восень

Студзень на двары, а ў краiне ўсё яшчэ восень

У верасні сіноптыкі нас пужалі: зіма будзе самай халоднай за апошнія сто гадоў. І як, скажыце, да гэтага ставіцца, калі на мінулым тыдні замест шалікаў і пальчатак нам спатрэбіліся гумавікі і парасоны. Цікавімся, а якія яшчэ змены ў паўсядзённае жыццё ўнесла гэткае не зусім зімовае надвор’е.

— Пакуль у нас усё сумна, — гавораць у парку адпачынку «Сонечная даліна». — З-за плюсавых тэмператур са снежня не працуюць горкі, наведвальнікам прапануем толькі забаўляльную праграму. Кожны дзень мы ўважлі-ва сочым за надвор’ем. Калі верыць сіноптыкам, хутка маразы ў Беларусь усё ж завітаюць. А як толькі на тэрмометры будзе -3… -5, пачнём уключаць снегавыя пушкі.

У рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы» сітуацыя крыху іншая.

— З шасці трас у нас працуюць дзве, якія мы паспелі зрабіць за адзіны снежны тыдзень. Зараз нам патрэбна толькі падтрымліваць іх у належным стане, — расказваюць у цэнтры. — На жаль, пакуль з-за адсутнасці снегу нельга адпачыць у экстрым-парку або пакатацца на дзіцячай і саннай трасах. Але наведвальнікаў не паменшала: на ўсе выхадныя да 25 студзеня месцаў ужо няма.

Яшчэ адна асаблівасць гэтай зімы — адсутнасць адкрытых каткоў.

— У мінулым годзе мы пачалі заліваць каткі ў лістападзе, пакуль жа ў Мінску працуе толькі адзін паўадкрыты, які размяшчаецца ля Палаца спорту, — расказвае Алена Сідарук, дырэктар Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва. — Ён мабільны, таму асаблівых тэмператур пры ўстаноўцы не патрабуе. У ідэале ж для заліўкі каткоў неабходна, каб на працягу тыдня было -5… -6 і крыху снегу.

А вось жывёл такія метамарфозы надвор’я не напужалі.

— Жыццёвы рытм нашых гадаванцаў не змяніўся, — усміхаецца Вольга Калмакова, начальнік асветніцкага аддзела Мінскага заапарка. — Мядзведзь, напрыклад, з пачатку снежня дрэмле ў сваёй бярлозе.

Не паўплывалі «плюсы» і на азімыя.

— На двары цёпла, а значыць, расліны не памерзнуць, — запэўнівае Дзмітрый Лужынскі, намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве НАН па навуковай працы і вытворчасці.

Добра таксама i аўтамабiлiстам: iм не патрэбна кожную ранiцу чысцiць машыны ад снегу. Але ж Дзяржаўта-інспекцыя нагадвае: у выніку анамальнага для студзеня надвор’я ўзнікае пастаяннае абмежаванне бачнасці. Таму вадзіцелям неабходна быць асабліва ўважлівымі і асцярожнымі на дарогах.

Абяцаныя яшчэ ў верасні маразы прыйдуць у краіну ў суботу. Праўда, будуць яны не такімі жахлівымі, як прадказвалі.

— З вечара пятніцы па ўсёй рэспубліцы пройдзе снег, — гаворыць Людміла Парашчук, галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра. — У суботу тэмпература панізіцца да -4… +1, а на наступным тыдні тэрмометры пакажуць -10… -15, месцамі нават -18 градусаў. Але для самай халоднай зімы стагоддзя гэтага мала. Рэкордны паказчык -42, які быў зафіксаваны 17 студзеня 1940 года, мы ў гэтым годзе, думаю, не перасягнём.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter