Спадчына для Юлі

Дачка ваеннага лётчыка з Кіева ведае многія адметныя беларускія словы і памятае, што родавыя карані яе — у Дубровенскім раёне ВіцебшчыныУгледзьцеся ў яе фота, шаноўныя чытачы. Зямлячка вам знаёма? Калі вы пастаянны чытач “Голасу Радзімы”, то здагадаліся: Юля Аўдзеенка ўжо была на калектыўных здымках, што ілюстравалі тэксты з нашага ўкраінскага цыкла. Пара пазнаёміцца з ёй пабліжэй.
Дачка ваеннага лётчыка з Кіева ведае многія адметныя беларускія словы і памятае, што родавыя карані яе — у Дубровенскім раёне Віцебшчыны

Зямлячка з Кіева Юля АўдзеенкаУгледзьцеся ў яе фота, шаноўныя чытачы. Зямлячка вам знаёма? Калі вы пастаянны чытач “Голасу Радзімы”, то здагадаліся: Юля Аўдзеенка ўжо была на калектыўных здымках, што ілюстравалі тэксты з нашага ўкраінскага цыкла. Пара пазнаёміцца з ёй пабліжэй.
Вось фрагмент запісу размовы з Юляй у Кіеве, у Пасольстве Беларусі, на пачатку мая: “Я нарадзілася ў горадзе Дуброўне Віцебскай вобласці. І бацькі мае з тых мясцін: тата са Станіславова, мама — з Чубакова, гэта родныя і мне вёскі Дубровеншчыны. Тата, яго завуць Мікалай, ваенны лётчык, і так склаліся яго жыццёвыя дарогі, што мы прыехалі жыць у Кіеў. Але я часта бываю на зямлі бацькоў і продкаў, раз у год — як мінімум. І з Беларуссю ў мяне спалучаны асаблівыя ўспаміны дзяцінства. Я ведаю: многія адукаваныя маладыя людзі, апынуўшыся ў іншых краінах, цікавяцца сваёй гістарычнай радзімай. Мне падаецца, гэта вельмі важна для агульнага развіцця, духоўнага станаўлення асобы”.
Можна парадавацца, што дзяўчына з маладых год цягнецца да культурнай спадчыны продкаў-беларусаў. Рамантык па натуры: Юля і вершы піша, у тым ліку “па матывах” вясковага маленства, а раней марыла пра журналістыку. Хоць і на зямлі, пэўна, стаіць цвёрда — летась закончыла Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт у Кіеве і працуе юрыстам у дзяржаўнай авіяслужбе ў Міністэрстве інфраструктуры Украіны. Юля цікавіцца гісторыяй авіяцыі, самалётамі, займаецца верхавой яздой, фатаграфіяй, цэніць у чалавеку вернасць. І мовы ёй цікава вывучаць: марыць “ідэальна размаўляць на англійскай ды іншых”. Хоча, каб у будучыні праца яе была звязана з Беларуссю — напрыклад, с развіццём авіязносін паміж нашымі краінамі.
Не ведаем, як Юлі, а нам падалося вельмі сімвалічным, што і Дуброўна, і Кіеў стаяць на Дняпры — магутнай рацэ, што лучыць народы. Па берагах яго, сведчаць археолагі, шмат было старажытных паселішчаў, там праходзілі водныя шлях “з варагаў у грэкі”. Можа, таму і культуры народаў падобныя, і па генах, па крыві, чулі мы ў Кіеве, украінцам беларусы — самыя блізкія браты. Таму стасункі паміж Беларуссю і Украінай, мае рацыю Юля, абавязкова будуць развівацца: бо дзейнічае вечны закон прыцягнення падобнага.
А што за закон такі? Можна пачытаць тое ў мудрых кніжках, даведацца, што ў яго шмат праяў. Вось Юля расказвае, як бацькі яе наведваюць сваіх маці, яе бабуль у Дубровенскім раёне. “І мне хацелася б часцей там бываць, — дадае субяседніца. — Там у мяне багата сяброў. Я шмат вандравала па Беларусі, наведвалі мы родзічаў у Віцебскай вобласці, Магілёве і вобласці, Мінску”. Гэта і ёсць: прыцягненне радні, зямлі бацькоў. Адкрытая для такіх кантактаў душа Юлі, і таму шмат сяброў да яе і ў Кіеў з Беларусі прызджае. А яна хоча пабываць і ў заходніх рэгіёнах краіны: у Брэсце, Гродне. Праўда, падказалі мы зямлячцы, і на Дубровеншчыне нямала знакамітых месцаў. Адтуль родам Аляксандр Казарскі, капітан брыга “Меркурий”, які вызначыўся ў Руска-турэцкай вайне: герою самы першы помнік у Севастопалі паставілі, з надпісам “Нашчадкам у прыклад”. Ля яго беларусы горада па святах і збіраюцца.
Збіраюць, гуртуюць людзей, прымушаюць разважаць над праблемамі вечнымі і надзённымі спектаклі, пастаўленыя па п’есах сучаснага класіка, драматурга Аляксея Дударава. Па яго сцэнарыі зняты на пачатку 80-х душэўны фільм “Белыя Росы”, здымаецца і працяг кінахіта. А родам Аляксей Ануфрыевіч з Дубровеншчыны, з вёскі Зарубы. “Дударава пакуль не ведаю, але трэба будзе яго творы пачытаць, — жыва адгукнулася Юля. — Думаю, і бацькам тое цікава будзе”.
У Юлі шмат цёплых успамінаў пра канікулы ў Чубакова: “Там вёска немалая. Прырода вельмі прыгожая, возера недалёка, і мы хадзілі туды з сябрамі купацца, загараць, рыбу вудзіць. Цяпер, хоць вёска і змянілася, але ўспаміны жывыя, цягне мяне туды”.
Мы гутарылі па-руску, але запыталі, якія словы беларускія Юля чула ад мясцовых дзяцей і дарослых на Дубровеншчыне. Яна прыгожа ўсміхнулася: “Я ведаю шмат беларускіх слоўцаў, цудоўна разумею землякоў. Асабліва ж мне запомнілася слова каўнерык…”.

Іван і Валянціна Ждановічы

На здымку:
Зямлячка з Кіева Юля Аўдзеенка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter