Вячаслаў Іванавіч разам з Філяменай Канстанцінаўнай сустрэлі разам шасцідзясятую вясну

Слава i Фiлямена

У ПАМЯЦІ сямейнай пары Філямены Канстанцінаўны і Вячаслава Іванавіча БУЙКО з шаркаўшчынскай вёсачкі Паяночы, больш падобнай цяпер на глухі хутарок, ваеннае ліхалецце пакінула свой след. На іх драўляным доме прымацавана чырвоная зорачка, якая сведчыць, што тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому выпала змагацца з ворагам у 31 палку 25 стралковай дывізіі Карэльскага фронту і ўдзельнічаць у пераможным парадзе ў Карэліі.



Вячаслаў Іванавіч разам з Філяменай Канстанцінаўнай сустрэлі разам шасцідзясятую вясну. У далёкія трыццатыя гады мінулага стагоддзя іх хутары межавалі. Амаль паўсотні гектараў зямлі мелі бацькі Філямены Цвірка. У заможнага хутараніна Васіля Лаўрэнцьевіча Буйко, дзеда Вячаслава Іванавіча, было 70 гектараў ворыва, 40 гектараў лесу, гурт кароў, некалькі коней, чарада авечак, свінні і безліч рознай свойскай птушкі.

Пад адным дахам у прасторнай хаце дзеда месціліся сем’і сыноў Лявона, Міхася і рана аўдавелага Івана. Асірацелых унукаў, Алеся, Аркадзя і гадавалага Славіка, глядзела бабуля Альжбета. Неўзабаве сіратам замяніла маці маладая Лідзія Якаўлеўна, якую бацька ўсватаў у вясковай мнагадзетнай сям’і. Прылашчыла яна хлопчыкаў, і сталі яны называць яе мамай. Дапамагалі па гаспадарцы, а ўвосень хадзілі ў школу за чатыры кіламетры ў вёску Таргвянова, дзе польскі настаўнік Рышард Шнорд адзін вучыў больш як сотню вучняў. Яго цікавыя ўрокі дагэтуль памятаюць Філямена Канстанцінаўна і Вячаслаў Іванавіч. Цішыня і парадак панавалі на занятках. Вучыліся ў дзве змены. Пасля школы дзетвара вярталася дамоў, дзе чакала яшчэ праца па хатняй гаспадарцы. Бабуля Альжбета прывучала ўнукаў да сялянскага жыцця. Накапае кошык бульбы і разам з імі абірае на ўсю вялікую сям’ю, у якой было больш за дваццаць чалавек. 



Зімовым часам у сялянскіх хатах ставілі кросны і да вясны ткалі палатно. Спрыту за станком у старэйшых вучыліся дзяўчынкі, а хлопчыкі дапамагалі дровы нарыхтоўваць, жывёлу даглядаць. Вясною ўсіх клікала поле. Падрастаючаму Славіку часта выпадала глядзець меншага браціка Гену, які папоўніў сям’ю. Нарадзіліся яшчэ дзве сястры. За доўгім сасновым сталом у дзедавай хаце ледзьве ўсе ўмяшчаліся. Аднаго бохана хлеба не хапала на абед. На жорнах малолі збожжа, і па некалькі разоў на тыдзень бабуля Альжбета замешвала ў дзяжы цеста. Духмяны пах свежаспечанага хлеба поўніў хату і нават падворак. 

Спрацаваны дзед Васіль Лаўрэнцьевіч адчуў, што цяжка кіраваць гаспадаркай, і падзяліў зямлю сынам. Кожная сям’я займела свой хутар. Івану выпаў надзел у Сватках па суседству з працавітымі гаспадарамі Юзэфай і Кастусём Цвіркамі, у якіх падрасталі два сыны і дзве дачкі. 

— З Цвіркавай Філяменай на лузе кароў пасвіў, — узгадвае дзевяностагадовы Вячаслаў Іванавіч Буйко. — Надзел наш цягнуўся да бальшака, па якім у першыя дні восені 1939 года, калі Германія напала на Польшчу, на падводах праводзілі на вайну сваіх землякоў. А праз некалькі тыдняў па шляху з усходу прыйшлі чырвонаармейцы і абвясцілі савецкую ўладу. Сяляне радаваліся прыходу вызваліцеляў, абдымаліся. Пасля дваццаці гадоў жыцця пад панскай Польшчай зноў поўнаўладна загучала наша мова. Бальшак ажывіўся ад руху машын, трактароў, танкаў. Польскія паны пакідалі маёнткі і паўцякалі. Мястэчка Шаркаўшчына стала раённым цэнтрам, дзе пачаў дзейнічаць зямельны аддзел, прадстаўнікі якога раздавалі беднякам памешчыцкія землі. Адкрыліся беларускія школы. У некаторых вёсках сталі арганізоўвацца калектыўныя гаспадаркі. Больш заможных хутаран раскулачвалі і высылалі ў Сібір.

— Як склаўся лёс вашай сям’і?

— Зямлі ў нас было многа, але не наймалі парабкаў, таму раскулачванне, як і суседзяў Цвіркаў, нас абмінула. Глеба на нашых палях урадлівая. Сеялі жыта, авёс, лён, проса, саджалі бульбу. 

Вечарамі моладзь збіралася ў каго-небудзь у хаце, і да позняй ночы заліваўся гармонік. А раніцай зноў чакала праца на зямлі. З вясны пасвіў кароў. Аднойчы чэрвеньскім вечарам прыгнаў іх з пашы і ад бацькі пачуў, што пачалася вайна. Па бальшаку праходзілі адступаючыя чырвонаармейцы. Спешна рухаліся падводы з мірным насельніцтвам. Праз некалькі дзён на шляху з’явіліся калоны варожых матацыклістаў, якія з закасанымі рукавамі гімнасцёрак ехалі ў бок Шаркаўшчыны. З гарышча дома назіраў за імі. Часам у небе праляталі звёны нямецкіх самалётаў. Паветраных баёў над нашай мясцовасцю не было. Сярод калон варожых фарміраванняў асобна вылучаліся італьянскія падраздзяленні. 

— Як вы іх адрознівалі?

— Нам падказвалі суседзі-хутаране, падворкі якіх былі ўздоўж бальшака, што рухаюцца калоны італьянцаў. 

Пасля праходу варожых фарміраванняў настала трывожная цішыня. Потым сталі даходзіць чуткі пра карніцкія аперацыі фашыстаў, якія знішчалі актывістаў савецкай улады, камсамольцаў і мясцовых яўрэяў. 

Нямецка-фашысцкае камандаванне ўсталявала жорсткі тэрор на акупіраванай тэрыторыі і поўную ліквідацыю ідэалагічных і палітычных асноў дзяржавы. Віцебшчына адносілася да так званай вобласці армейскага тылу нямецка-фашысцкай групы армій “Цэнтр”. У сваю чаргу, яе тэрыторыя, як і іншыя, падзялялася на акругі. Шаркаўшчына ўваходзіла ў Глыбоцкую акругу. Шматлікія карныя арганізацыі і спецыяльныя часці акупанты кінулі супраць мірнага насельніцтва. Для падтрымання “новага парадку”, масавага крывавага тэрору, была створана сістэма нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, а таксама апорных пунктаў дапаможнай паліцыі службы парадку, у якую прыцягвалі і мясцовых жыхароў. У Шаркаўшчыне размясціліся нямецка-фашысцкі гарнізон і амаль сотня літоўскіх карнікаў.

— Палову будынка Шаркаўшчынскай сярэдняй школы, дзе я вучылася, — распавядае Філямена Канстанцінаўна, — аддалі для размяшчэння гэтых літоўцаў. Як мы даведаліся, іх рыхтавалі да аблавы на партызан. Усіх школьнікаў адпусцілі дамоў, і я з сяброўкамі пайшла ў Паяночы, што ў сямі кіламетрах ад мястэчка. У прыцемках зайшла ў хату. Каля стала капціла газнічка. Маці ў суседзяў часала воўну, а бацька з меншымі братамі і сёстрамі сядзеў за сталом. У вакно ўбачылі, што з падворка ў хату накіроўваюцца невядомыя мужчыны са зброяй у руках. Хуценька затушылі капцёлку. Незнаёмцы ўвайшлі і спыталі, чаму патушылі святло. З перапуду не ведалі, што адказаць. А як зразумелі, што гэта партызаны, расказалі пра пачуты ў Шаркаўшчыне намер літоўскіх карнікаў. Мужчынам патрэбен быў возчык з канём. Мой брат Ян хуценька апрануўся, запраглі каня і паехалі. Пасля вяртання брат расказаў, што ездзілі караць даносчыка, які паведаміў акупантам, што пры спешным адступленні Чырвонай Арміі на хутарах засталіся чатыры армейцы.

— Гэтых чырвонаармейцаў я ведаў, — дадае Вячаслаў Іванавіч. — Маладзенькія рускія хлопцы Сашка, Ванька, Міколка і Пашка. Іх мы хавалі ад акупантаў. Яны дапамагалі па гаспадарцы. 

Вайна вайною, а маладая кроў закіпала ад пачуццяў. Адзін салдат прыкмеціў хутаранку Маньку. Зачасціў да яе. Кахаў дзяўчыну і наш мясцовы хутаранін Платон. Сутыкнуліся гарачыя галовы кавалераў. Манька ні аднаго, ні другога не адштурхвала. Платон не вытрымаў і данёс у Шаркаўшчынскі гарнізон, што чырвонаармейцы па хутарах хаваюцца. Прыехалі паліцаі і шукалі іх па падворках. Чырвонаармейцаў уратавалі ў аблаву браты Хведар і Амелька Каштальяны, падворак якіх месціўся на беразе рэчкі Янкі. Адтуль салдаты пераправіліся ў партызанскі атрад, дзе хадзілі на баявыя заданні. Часта партызаны бывалі на нашым хутары. Мы ім дапамагалі прадуктамі і адзеннем. Пяклі для іх хлеб. У нашым хляве стаялі два выкармленыя парсюкі. Аднаго бацька закалоў для перадачы ў атрад. Абсмаленую тушу пагрузілі на павозку, накрылі саломай і, як сцямнела, я адправіўся ляснымі шляхамі за дванаццаць кіламетраў у лясны гушчар, што пачынаўся за вёскай Лонск. Дарогу добра ведаў. На подступах да партызанскай стаянкі сустрэлі вартаўнікі і правялі да лясной кухні, дзе выгрузілі кабана, і пад раніцу вярнуўся дамоў.

— Нас таксама наведвалі партызаны, — працягвае размову Філямена Канстанцінаўна. — Бацькі прыхоўвалі для іх збажыну, бульбу, сала, льняную тканіну. Ад людзей чулі пра партызанскі атрад, які дзейнічаў у густых Казянскіх лясах, што ў бок Браслаўскіх азёр. Як ні імкнуліся акупанты блакіраваць там партызан, але нічога не атрымлівалася. У атрадзе былі ў асноўным мясцовыя жыхары, і яны ведалі самыя глухія лясныя сцежкі. Аператыўна пераходзілі ў іншае месца.

Акупанты ўчынялі расправу над мірнымі жыхарамі за падтрымку партызан. Так, летам 1942 года па даносу солтыса Рыгора Кухальскага ў вёсцы Васіліны расстралялі 16 мірных жыхароў. Сярод загінуўшых былі пяць камсамольцаў і юная піянерка Марыя Лысёнак. А ў вёсцы Альбінава нелюдзі зажыва ва ўласным доме спалілі сям’ю Рыгора Мілеўскага, жонку і пяцярых дзяцей. 

Карныя атрады з’яўляліся ў шаркаўшчынскіх вёсках Кушталі, Журавоўшчына, Падрэзаўшчына, Сялібка, Ігнальцы, Бялькова, Строна, дзе люта распраўляліся з мірнымі жыхарамі.

— Прымушалі паліцаі нас здаваць збожжа для акупантаў, — гаворыць Вячаслаў Іванавіч Буйко. — У іх узніклі цяжкасці з правізіяй. Збажына была ў вясковых гаспадароў. Пачыналася першая блакада нямецка-фашысцкімі войскамі партызан нашай мясцовасці. За нашым хутарам цягнулася непраходнае балота. Сусед Воранаў прывёў два дзясяткі партызан да сябе на падворак начаваць. Солтыс людзям прыказваў, што калі самі яны не павязуць на зборны пункт збожжа, то прыедуць карнікі і па падворках пачнуць збіраць самі. Некаторыя сяляне павезлі падводамі збажыну ў Шаркаўшчыну, і там адзін з іх прагаварыўся, што на хутары ў Воранава начуюць партызаны. Было гэта на Каляды. Карнікі прыскакалі і акружылі падворак Воранава. Адбыўся жорсткі бой, у якім чацвёра партызанаў загінулі…

Фронт з кожным днём набліжаўся. Колькі радасці было, калі ўбачылі на бальшаку першыя машыны з чырвонымі сцягамі. У вёсцы Пукі партызаны сустрэліся з байцамі Чырвонай Арміі. Салютавалі разам. Аднавілася савецкая ўлада, і аб’явілі набор на службу ў армію. 

Мне ішоў ужо дзевятнаццаты год. Палатняныя кайстры напоўнілі сухарамі, салам, іншымі харчамі, і канём бацька адвёз братоў Алеся, Аркадзя і мяне на зборны пункт у вёску Бяльмонты, адкуль пешшу адправіліся ў Шаркаўшчыну. Яшчэ не сціхала ў небе нямецкая авіяцыя і некалькі разоў даводзілася па камандзе хавацца ў прыдарожным сасняку. З ваенкамата нас адправілі пехатою  на захад. Тры дні крочылі праз вёскі і мястэчкі да чыгуначнай станцыі Краснае, што непадалёку ад Маладзечна. Начавалі, дзе заставала цемра. За вёскай Васюкі сустрэліся з партызанамі, якія нас папярэдзілі, што па навакольных мясцінах бадзяюцца ўзброеныя групы разбітай у “Бабруйскім катле” фашысцкай арміі, каб асцерагаліся сустрэчы з імі. Зброі ў нас не было. Усё абышлося добра. На чыгуначнай станцыі Краснае мы і іншыя запоўнілі тры вагоны таварняка і праз Мінск накіраваліся ў Смаленск. Стаялі першыя цёплыя дні восені. З чыгуначнага вакзала ў Смаленску нас павялі да Дняпра. Мы распрануліся і мыліся, а тым часам адзенне дэзынфіцыравалі ў спецыяльных аўтамашынах. Пасушыліся і паехалі ў Маскву, дзе атрымалі сухія пайкі на дзесяць дзён і чыгункай адправіліся на Карэльскі фронт. 

У Архангельскай вобласці, на ўзбярэжжы Белага мора, нас расфарміравалі па вайсковых часцях. З братамі мы трапілі ў 31-ы полк 25-й стралковай дывізіі, які стаяў у абароне на Анежскім возеры. Нямецка-фашысцкія войскі трымалі лінію абароны ад Ленінграда і далей на поўнач. Карэльскі фронт вёў абарончыя баі на тэрыторыі Савецкага Запаляр’я і Карэліі — да паўночнага ўзбярэжжа Ладажскага возера. На базе некалькіх аператыўных груп фронту былі створаны тры агульнавайсковыя арміі. У ходзе наступальных аперацый у чэрвені — лістападзе 1944 года злучэнні фронту вызвалілі Карэлію, Савецкае Запаляр’е і аднавілі дзяржаўную граніцу з Фінляндыяй і Нарвегіяй.

Полк стаяў у абароне і не даваў фашыстам адступаць. Наш узвод супрацьтанкавай роты глыбокай восенню 1944 года падышоў далей на поўнач да фінскай мяжы. Пасля зняцця блакады Ленінграда параходам па Белым моры нас даставілі на самы паўночна-заходні на Кольскім паўвостраве горад Печанга. Фашысты баяліся, каб мы не пазбавілі іх магчымасці перадыслацыравацца на захад. Яны імкнуліся вывесці свае фарміраванні ў нарвежскі порт Керкінес. Некаторыя варожыя групы здаваліся нам па 5—10 салдат.

— Вы не давалі ворагу адступаць на поўначы, а савецкія танкі ўжо ішлі па Берліну.

— Дзень перамогі мы сустрэлі на нарвежскай мяжы. У 4 гадзіны раніцы нас паднялі і паведамілі, што вайна закончылася, перамога! Далі каманду хутка падрыхтавацца да параднага строю, каб каўняры белыя былі падшыты і форма адзення парадная. Наладзілі пераможны парад у пяцідзесяці кіламетрах ад Печангі. Мы з братамі працягвалі службу ў Мурманску. Аднаўлялі марскія парты, авіяцыйны завод у Мурмашах. Ён быў моцна разбіты. Цягнулі праз горы высокавольтную электралінію да Печангі, дзе багатыя залежы нікелю.

— Закончылася служба ў арміі. А дома хто чакаў?

— Бацькі ўжо не было, але душа імкнулася да родных ніў. Цягніком даехалі да Полацка, а там — у Глыбокае. З Глыбокага на аўтамашыне, што вазіла збожжа на хлебапрыёмны пункт, дабраліся да Шаркаўшчыны. А там па бальшаку пайшлі напрасткі дамоў і не ведалі, што ў нашу вёску праклалі дарогу. Уладкаваўся рахункаводам у калгас “За чэсную працу”, а потым самастойна асвоіў бухгалтарскі ўлік і скончыў яшчэ спецыяльныя курсы. У канторы гаспадаркі працавала Філямена. Старшыня Васіль Іванавіч Спірыдонаў завёз нас у Варонкаўскі сельсавет, і там распісаліся. Вяселля не было. Пайшоў у прымакі. Скончыў Полацкую школу бухгалтараў і стаў галоўным спецыялістам у калгасе. Працаваў і брыгадзірам. Амаль у пяцьдзясят гадоў атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста ў Пастаўскім СПТВ і сеў за трактар «ДТ-54».

— Разам у адной гаспадарцы працавалі, — падсумоўвае Філямена Канстанцінаўна. — Сваю хату збудавалі. Дваіх сыноў выхавалі. Абодва скончылі Беларускі тэхналагічны інстытут, маюць сем’і. Нявесткі Тамара і Люба для нас сталі дачкамі. Двое ўнукаў — Алесь і Косцік. Да кожнага іх прыезду рыхтуем вясковыя пачастункі. Сёлета і падарункі трэба рыхтаваць. Сынам Генадзю спаўняецца 60 гадоў, Валерыю — 55, а гаспадару — усе 90. У маі адсвяткуем 70-годдзе Вялікай Перамогі. Вось такі багаты год на святы ў нас.

Уладзiмiр Субат

Шаркаўшчынскі раён

Фота з сямейнага альбома сям’і БУЙКО і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter