У гады Вялікай Айчыннай вайны газета “Чырвонаармейская праўда” (цяперашняя “Беларуская ваенная газета”) выдавалася і на туркменскай мове

Скрозь куль смяротны град…

У гады Вялікай Айчыннай вайны газета “Чырвонаармейская праўда” (цяперашняя “Беларуская ваенная газета”) выдавалася і на туркменскай мове
У гады Вялікай Айчыннай вайны газета Заходняга, а затым 3-га Беларускага фронту “Чырвонаармейская праўда” (цяперашняя “Беларуская ваенная газета”) выдавалася і на туркменскай мове

У Ашгабаце ў другой палове 1980-х аўтару гэтых радкоў давялося сустракацца з намеснікам галоўнага рэдактара “Гызыл эсгер хакыкаты” (так называлася “Чырвонаармейская праўда” на туркменскай мове) Анакулі Мамедкуліевым. І хоць па гістарычнай храналогіі лічыцца, што газета “Гызыл эсгер хакыкаты” існавала з лістапада 1942-га па ліпень 1945 года, хацелася б прывесці наступнае сведчанне старшага палітрука Анамурада Ананурава (упершыню апублікавана ў яго кнізе “З франтавых сшыткаў”, Ашгабат, 1972 год): “Гонар арганізацыі і выдання франтавой газеты выпаў на нашу долю. Першы нумар газеты “Гызыл эсгер хакыкаты” выйшаў 31 студзеня 1942 года, а апошні — 25 мая 1944 года. Усяго за гэты час мы выпусцілі каля 90 нумароў газеты і 30 лістовак. Да канца кастрычніка 1943 года рэдакцыя складалася з двух чалавек: з пачатку арганізацыі са мной працаваў старшы лейтэнант А. Мамедкуліеў… З першага лістапада 1943 года дабавіўся яшчэ адзін работнік — старшы лейтэнант А. Д. Анабаеў. У сакавіку 1944 года прыйшлі яшчэ двое: старшы лейтэнант Т. Курбанаў і старшы сяржант З. Джумасахатаў. Акрамя Джумасахатава, які працаваў карэктарам, усе супрацоўнікі рэдакцыі мелі вялікі досвед газетнай работы”.

Толькі ў адным нумары туркменскай газеты “Гызыл эсгер хакыкаты” (3-ці Беларускі фронт) былі нататкі сяр­жанта А. Лыгаліна “Радыст Жарыкаў”, карэспандэнцыя журналіста-казаха Г. Абішава пра салдата-туркмена “Аймамед Егенджаў”. Радавы М. Фядзінаў расказаў у газеце пра мужны подзвіг украінскага хлопца М. Амечанкі. У нумары былі апублікаваныя вершы туркменскага паэта Р. Сеідава “Пісьмо маці”. Пяру капітана М. Ананурава належыць артыкул “Дружба народаў — аснова сілы і магутнасці СССР”. Пад рубрыкай “Лісты на фронт” нацыянальныя ваенныя газеты друкавалі разнастайныя матэрыялы пра лепшых людзей дружнай сям’і народаў СССР, пра выкананне вытворчай праграмы, пра жыццё калгасаў, фабрык і заводаў, пра дасягненні навукі і тэхнікі…

Журналіст “Чырвонаармейскай праўды” Анакулі Мамедкуліеў на ліст-зварот туркменскага народа да воінаў-туркменаў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны (газета “Праўда”, 16 красавіка 1943 года), напісаў адказ землякам. У 1946 годзе паэтычны, ярка выражаны грамадзянска-публіцыстычны тэкст у перакладзе на рускую мову быў апублікаваны ў кнізе “Лісты з фронту”, выдадзенай у Ашгабаце.

Газета “Гызыл эсгер хакыкаты” неаднаразова пісала на тэму звароту туркменскага народа, публікавала адказы воінаў-землякоў. І, вядома ж, расказвала пра подзвігі салдат-туркменаў. 18 ліпеня 1943 года газета пісала, што адважны воін Герой Савецкага Саюза Айдагды Тахіраў забіў 47 фрыцаў. Ці іншы прыклад. Малады кавалерыст з Марыйскай вобласці, які ўступіў на фронце ў Камуністычную партыю, Бердымурад Даўлетжанаў 19 верасня 1943 года на подступах да адной з вёсак, умела маскіруючыся, падпоўз да групы фашысцкіх снайпераў, якія сваім агнём не давалі нашаму падраздзяленню рухацца наперад, і агнём гранат і аўтамата знішчыў 11 фашыстаў, расчысціўшы дарогу сваім. Пры замацаванні плацдарма на правым беразе Дняпра ён дзейнічаў гэтак жа самааддана. Пасля пераправы праз Дняпро чырвонаармейцы сутыкнуліся з бязлітасным агнём праціўніка, што перашкаджала іх далейшаму руху наперад. Тады Даўлетжанаў непрыкметна падпоўз да гітлераўцаў, знішчыў 12 чалавек і вывеў са строю фашысцкі мінамёт.


На работу журналістаў рэдакцыі туркменскай “Чырвонаармейскай праўды” свой уплыў аказвала тое, што чытачы нацыянальнага выдання былі разгрупаваныя па войсках, карпусах, дывізіях, палках на розных участках фронту. Гэтая акалічнасць абцяжарвала работу.

Але ўсё-такі журналісты-туркмены адшуквалі землякоў і пісалі пра іх. Асабліва настойлівым быў Анакулі Мамедкуліеў. Усюды і ва ўсім ён праяўляў выключную настойлівасць. Іншыя супрацоўнікі таксама стараліся. Вынік — змястоўныя, насычаныя інфармацыяй, граматна аформленыя нумары газеты.

Вось што піша ў сваіх успамінах М. Ананураў: “Мы штомесяц планавалі работу газеты. У мяне захаваўся, у прыватнасці, план работы рэдакцыі за красавік 1944 года. У ім было прадугледжана выпусціць восем нумароў, апублікаваць у іх чатыры перадавыя артыкулы. Вылучаліся таксама галоўныя тэматычныя напрамкі: Дысцыпліна, парадак, арганізаванасць; Добра ведаць аўтаматычную зброю; Гутарка-чытанне — асноўная форма агітацыйнай работы сярод байцоў нярускай нацыянальнасці; “Біць ворага па-гвардзейску”. Акрамя таго, у плане былі такія рубрыкі: “У дапамогу агітатару”, “Пісьмы аб воінскім выхаванні”, “У дапамогу сяржанту”, “Аператыўныя матэрыялы”, “Агляды ваенных дзеянняў на франтах Айчыннай вайны”, “У Туркменістане”, “За мяжой”, “Пытанні побыту”, “Камсамол”. Гэты план дае няхай не поўнае, але дастатковае ўяўленне аб праблематыцы выступленняў газеты”. І далей: “З 31 студзеня 1943 года па 20 мая 1944 года было выпушчана 78 нумароў (як бачыце, ва ўспамінах — розначытанне: дзве лічбы прыводзіць М. Ананураў: 78 і “каля 90” нумароў. — А.К.) газеты. У 1943 годзе — 57 нумароў… у 1944-м — 21 нумар… За гэты час апублікавана матэрыялаў пра баявыя эпізоды — 303, з іх пра воінаў-туркменаў — 69, афіцыйных матэрыялаў — 147, прапагандысцкіх матэрыялаў — 63, літаратурных матэрыялаў — 30 і інш. 52 матэрыялы атрыманы ад байцоў-туркменаў”.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Ашгабаце асобным выданнем убачыла свет паэма франтавога журналіста Анакулі Мамедкуліева, прысвечаная беларускаму патрыёту, кіраўніку падпольнай арганізацыі Канстанціну Заслонаву. У 1985 годзе паэму ў Ашгабаце перавыдалі паўторна асобнай кнігай — зноў на туркменскай мове… А я спадзяюся, што і беларусы ўспомняць пра гэты твор і зробяць усё магчымае, каб ён загучаў на беларускай і рускай мовах і стаў вядомым шырокаму колу чытачоў.

У вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнічалі туркменскія паэты Чары Ашыраў (у складзе войскаў 3-га Беларускага фронту. — А.К.), Рухі Аліеў. Тэма вызвалення Беларусі знайшла адлюстраванне ў іх творчасці. Вершы Р. Аліева, Ч. Ашырава пра трагічнае і гераічнае тых часоў апублікаваныя ў перакладзе на беларускую мову ў кнізе “І ўспомнім былыя паходы” (Мінск, 1990 год).

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter