Скарбы з родных ваколіц

Творчасць фальклорнага калектыву “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі
Артысты “Гасцінца” творча выкарыстоўваюць беларускія фальклорныя традыцыіТворчасць фальклорнага калектыву “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі.

У 1998 годзе Лізавета Пятроўская пачала працаваць у Ракаўскім Доме культуры. З таго часу і ўзнік “Гасцінец”. Калектыў пачынаўся з трох сясцёр, а сёння тут больш за 15 удзельнікаў. Спявалі каляндарныя, сямейна-абрадавыя песні, ставілі абрадавыя святы. Матэрыял адшуквалі самі: вандруючы па раёне, распытвалі пра мясцовыя звычаі, адметнасці святкаванняў, запісвалі песні, паданні, вучыліся народным танцам.
У 2000 годзе “Гасцінец” атрымаў званне народнага і магчымасць удзельнічаць у конкурсах. З таго часу было шмат выступленняў. Асабліва насычаным быў мінулы год: шэраг праграм у Ракаве, святкаванне юбілею Мінскай вобласці, угодкаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Былі артысты на Міжнародным фестывалі-конкурсе сямейных калектываў у Мурманску (адтуль “Гасцінец” прывёз дадому Гран-пры). А яшчэ — канцэрт артыстаў Мінскай вобласці ў Маскве, удзел у раённых і абласных “Дажынках”, рэгіянальны конкурс песні ў Астраўцы, абласны фестываль сямейных калектываў.

Сем гадоў таму Лізавета Пятроўская стварыла і рознаўзроставы дзіцячы фальклорны калектыў “Вянок”. Ён сёння носіць званне ўзорнага, як і “Гасцінец”, не вяртаецца на Валожыншчыну без узнагарод. Найбольш значныя перамогі: першае месца на Рэспубліканскім фестывалі традыцыйнай культуры “Берагіня” і Гран-пры на фестывалі “Напеў зямлі маёй”. Запомнілася дзецям і паездка ў Германію, дзе артысты “Вянка” не толькі адпачывалі, але далучалі замежнікаў да жыватворных крыніц народнай творчасці. Традыцыйнае мастацтва — непаўторны летапіс гісторыі народа, нездарма ЮНЕСКА прызнала яго скарбам сусветнага маштабу.

На пытанне пра жыццёвыя прыярытэты Лізавета Пятроўская адказала: “Самае важнае ў жыцці — гэта любоў: да песні, да зямлі, да справы…”

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter