В деревне Павлово Слонимского района на Пасху пекут шесть разных видов Караваев

Сіт мукі і сем фасак масла

«Бабкіны пірагі», «Чырвоная горка», «Мазурка», «Пляцёнка», «Крыжык»... У вёсцы Паўлава Слонімскага раёна на Вялікдзень пякуць шэсць розных відаў караваяў

Аднойчы спрабавала спекчы булкі на Вялікдзень. Хацелася, каб яны былі такія, як у маёй бабулі: пульхныя, духмяныя, з цёмнай блішчастай скарыначкай. Аднак выйшлі не пірагі, а, як кажуць, «лепнякі». І вось сёлета вырашыла ўсё ж гэты навык спасцігнуць. Ды і настаўнікі хутка знайшліся. Майстрыхі з вёскі Паўлава Слонімскага раёна на працягу дзесяцігоддзяў збіралі старадаўнія рэцэпты выпечкі ў мясцовых жыхарак. Сёння ўзноўленае імі майстэрства мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Каб даведацца аб сакрэтах смачных пірагоў, мы завіталі да чараўніц-каравайніц у госці.

Таццяна Кірыенка.

Смак па-паўлаўску!

Дар'я КІРЫЕНКА, метадыст аб'яднання «Чараўніцы-каравайніцы».
Мы прыехалі ў Паўлава ў «свіныя галасы», што значыць «спазніўшыся». Гаспадыні паспелі падаіць сваіх каровак, напоўніць збанкі сырадоем, сабраць свежых курыных яек, збіць масла. Усё гэта — важныя складнікі будучых велікодных караваяў.

— Заходзьце, госцікі дара­жэнькія! Рады вітаць вас у нашай цёплай хаце. Першая справа для таго, каб пачаць замешваць цеста для велікоднага каравая, — добра памыць рукі, а яшчэ апрануцца ў светлае чыстае адзенне. Так рабілі нашы прабабулі, — сустракае нас дырэктар філіяла «Навасёлкаўскі цэнтр культуры» Слонімскага народнага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Наталля Стасюкевіч.

Пакуль рыхтуемся да адказнай справы, гаспадыні расказваюць, што іх аматарскае аб'яднанне ўтварылася амаль 30 гадоў таму і назву атрымала гучную — «Чараўніцы-каравайніцы». У 2002-м яму прысвоена званне народнага, а ў 2017-м, калі ў Паўлаве пабудавалі этнагасцёўню з новай печчу, іх кулінарная справа загучала не толькі ў Гродзенскім рэгіёне, але і за яго межамі. Падзівіцца, а то і паласавацца чароўнымі булкамі ўвішных гаспадынь прыязджаюць шматлікія турысты на «Паўлаўскі фестываль». Сёння гэта візітка Слонімскага раёна.

Узнікае пытанне: чаму для выпякання каравая ў адной хаце збіраецца цэлы гурт жанчын?

— Справа ў тым, што велікодныя караваі, як і вясельныя, гатаваліся амаль чатыры дні, — адказвае старэйшая майстрыха Лілія Лагуцік. — Адначасова патрэбна было і за гаспадаркай глядзець, таму адной складана справіцца. Адсюль даўняя традыцыя беларусаў — талака. Дык яно і смялей, і весялей выходзіла. Тым больш сяброўкі-каравайніцы прыходзілі не з пустымі рукамі (прыносілі муку, яйкі, масла) і пры гэтым прыгаворвалі: «Прынесла я вам сем сіт мукі, каб вялік быў наш каравай. Прынесла я вам сем фасак масла, каб пушон быў наш каравай. Прынесла вам гарнец яек, каб румян быў наш каравай».

Той самы кекс

У вёсцы Прырэчча жыве адна з настаўніц сённяшніх майстрых — Марыя Іванаўна Пятліцкая.
У вёсцы Прырэчча жыве адна з настаўніц сённяшніх майстрых — Марыя Іванаўна Пятліцкая. Яна расказвае:

— Раней усіх каравайных пірагоў было дванаццаць (магчыма, ад дванаццаці апосталаў). Выпякалі адзін вялікі, старэйшы, каравай, затым чатыры падоўжаныя і сем маленькіх. Сярод іншых фігур з цеста на версе аднаго з пірагоў быў вялікі крыж.

Пірог з крыжам так і назвалі — «Крыжык». Прызначаўся ён для душ памерлых продкаў. Яго ў першы або чацвёрты дзень Пасхі неслі на могілкі, у наш час гэты звычай перайшоў на Радаўніцу.

Асаблівасць: паўлаўскія велікодныя караваі выпякаюць з песнямі, замовамі, абрадамі, што не менш важна, чым інгрэдыенты. Звычаі надаюць гэтаму працэсу адмысловы сэнс, настройваюць на добры лад гаспадынь. А гэта, кажуць яны, спрыяе выдатнаму смаку пірагоў.

Паўлаўскія майстрыхі ў наш час на Вялікдзень выпякаюць шэсць відаў караваяў. Пірог «Пасха» — круглы, высокі, зверху выкла­дзены літары з цеста «ХВ» — «Хрыстос васкрэс». Выпякаецца для асвячэння ў храме. Менавіта яго гаспадыня зранку дзеліць паміж усімі членамі сям'і для разгавення. «Мазурка» гатуецца спецыяльна для прыёму гасцей, таксама круглы. Пірог яшчэ называюць правобразам сучаснага кекса: у яго рэцэпце шмат яек і масла.

Паўлаўскія велікодныя пірагі гатуюць каравайніцы згодна з мясцовай традыцыяй.

«Пляцёнка» вылучаецца спле­ценымі з цеста косамі. А ў сярэдзіне круга — ягады. Гэты цуд прызначаўся для частавання валачобнікаў. Што за дзіва — «Бабкіны пірагі»! Аздобленыя фігуркамі жывёл, птушак, кветачкамі — гатаваліся для дзяцей. Пякуць сёння па старадаўнім звычаі і булку для свойскай скаціны — «Чырвоная горка» (атрымала імя ад начынкі фарбаванымі яйкамі). Па павер'ях, засцерагала жывёлу ад сурокаў і хвароб. Гатавалі яе з аўсом, але без цукру.


Адметнасць паўлаўскіх кара­ваяў — упрыгожванне зелянінай, якую і пасля Вялікадня не выкідалі, а выкарыстоўвалі як лекавыя расліны.

Гэты цуд — «Пляцёнка» для валачобнікаў.

 Уся справа ў шышках

Пакуль цеста вымешваецца, майстрыхі спяваюць сумную песню «Свеціць месяц на дварэ». Усё ж такі пост, з прыпеўкамі не разгуляешся… Гаспадыні расказваюць, што пачыналі рашчыняць цеста ў Вялікі чацвер, а выпякалі толькі ў пятніцу. Яе па-мясцоваму называюць «гарачай», «чырвонай».

Перад важнай працай старэйшая майстрыха тройчы звяртаецца да памерлых продкаў і самога Бога: «Прашу благаславіць каравай рашчыніць». Сяброўкі адказваюць хорам: «Бог благаславіць!»

Для цеста бяруць 3 кілаграмы мукі, літр малака, кілаграм цукру, 200 грамаў сметанковага масла, 5 яек, 100 грамаў дражджэй, 50 грамаў сланечнікавага алею, 10 пачак ваніліну. Цеста дзеляць на часткі і кожны пірог выпякаюць асобна. У час замешвання майстрыхі прыгаворваюць, звяртаючыся да цеста, як да адушаўлёнай істоты: «Я ж цябе мясіці буду, я ж цябе ў печ садзіць буду, з печы вымаць буду, з печы вымаць буду і ў дарогу адпраўляць буду. У дарогу дальнюю, ясную, па долю шчасную».

Дзежку з цестам ставім на цёплую, загадзя выпаленую печ. А пакуль яно падыходзіць, гатуем упрыгожванні. Дарэчы, і кветачкі, і птушачкі спечаныя называюцца адным словам — «шышкі». Цеста для іх замешваюць асобна, складаецца яно з мукі, малака, цукру, маргарыну, смятаны, ваніліну, карыцы. Замес робяць такім жа чынам, як і для каравая, толькі замест дражджэй кладуць соду, дабаўляюць менш яек і масла. Затым «шышкі» абмазваюць жаўткамі і запякаюць над полымем у печы. Дарэчы, дровы павінны быць альховымі, без кары, каб не было дыму.

Пакуль «шышкі» апальваюцца, з печы здымаюць падышоўшае цеста і раскладваюць у змазаныя алеем круглыя формы, прыгаворваючы: «Саступі, Божа, з неба, як ты нам цяпер трэба. Памагаў замясіці, памажы ж і ўсадзіці».

Калі прыйдзе час ставіць каравай у печ, гаспадыня хрысціць яе чатыры вуглы.

— Перад тым як адправіць булкі ў печ, важна праверыць, ці не занадта высокая ў ёй тэмпература, — адзначае Лілія Лагуцік. — Для гэтага бяром жменю мукі і сыплем у печ. Калі мука адразу згарыць, значыць, трэба яшчэ пачакаць. Інакш, замест пухкіх пірагоў атрымаюцца блінцы.

У асноўным караваі ставяць у печ на дзве гадзіны. Як спякуцца, даюць астыць. У гэты час прыгаворваюць: «Дайце сыру, масла, каб яго цела згасла».

Вось такую кулінарную навуку засвоілі мы ў час падарожжа ў вёску Паўлава Слонімскага раёна. Здаецца, простае рамяство, а колькі ў ім сакральнага зместу і народнай мудрасці. Хочаце самі прыгатаваць смачныя пірагі на Вялікдзень? Кіруйцеся парадамі чараўніц-каравайніц, і велікодныя булкі абавязкова атрымаюцца пышнымі і смачнымі!


САКРЭТЫ ПАЎЛАЎСКІХ КАРАВАЯЎ

Каб пірог удаўся, гаспадыня павінна быць у добрым настроі.

Каб ён ішоў у рост, трэба замешваць цеста зранку.

Дрожджы разводзяць у невялікай колькасці вады, пасля змешваюць з малаком.

Каб цеста вельмі хутка не падыходзіла, яго трэба накрыць мокрым ручніком.

Калі пірагі падыходзяць, не трэба побач з імі стукаць, бо яны ападуць.

Калі караваі пасадзілі ў печ, то хлебную лапату неабходна падняць вышэй да столі, каб яны больш падняліся.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter