Што хвалюе Яна Сычэўскага?

Беларускае грамадска­культурнае таварыства ў Польшчы ўдзячна Беларусі за падтрымку яго шматлікіх культурна­асветніцкіх праектаў. Спадар Ян Сычэўскі быў у ліку ўдзельнікаў круглага стала ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, дзе абмяркоўваўся праект закона “Аб беларусах замежжа”. Ён, як вядома, даўно ўзначальвае Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы. Выступленне земляка, аднак, тычылася не толькі палажэнняў праекта закона, але і сучасных праблем суайчыннікаў на захад ад Буга.
Беларускае грамадска­культурнае таварыства ў Польшчы ўдзячна Беларусі за падтрымку яго шматлікіх культурна­асветніцкіх праектаў.

Ян Сычэўскі на сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў БеларусіСпадар Ян Сычэўскі быў у ліку ўдзельнікаў круглага стала ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, дзе абмяркоўваўся праект закона “Аб беларусах замежжа”. Ён, як вядома, даўно ўзначальвае Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы. Выступленне земляка, аднак, тычылася не толькі палажэнняў праекта закона, але і сучасных праблем суайчыннікаў на захад ад Буга.
На круглым стале ішла дыскусія: ці ёсць сэнс у законе, які рыхтуецца, дэталізаваць формы работы дзяржавы з беларускай дыяспарай, узаконьваць нейкія льготы для беларусаў замежжа? У прыватнасці, гэта магло б тычыцца кошту візаў, праезду па тэрыторыі Беларусі для асобных катэгорый грамадзян, кошту пражывання суайчыннікаў з замежжа ў нашых гатэлях. Як мяркуе Ян Сычэўскі, практычна ў кожнай дзяржаве, палітычнай сістэме немагчыма прымаць дэталёвыя законы: бо ўмовы існавання ўвесь час зменьваюцца, у тым ліку і фінансавыя. “Тое тычыцца і праекта, які мы абмяркоўваем, — канкрэтызаваў ён. — Можа паляпшацца ці пагаршацца фінансавае становішча краіны ў бліжэйшыя гады, а пад усякія буйныя праекты патрэбны сродкі. Колькі? Усё нельга прадбачыць... Таму закон варта афармляць як напрамак дзейнасці дзяржавы на карысць нейкіх асяроддзяў. Яго палажэнні могуць рэалізавацца ў залежнасці ад таго, якія магчымасці ў дзяржавы і ці ёсць на тое яе добрая воля. Апошняе, на мой погляд, самае важнае! І хоць закона па гэты час няма, але ж добрая воля з боку дзяржавы ярка праяўлялася ў дачыненні да беларусаў замежжа. Яна дапамагала нам як магла, а часамі і намнога больш. Мы бачылі тое з боку дзяржаўных дзеячаў, міністэрстваў, рэгіянальных улад: усе яны нам дапамагалі. Такім чынам быў пакліканы і Культурны цэнтр Рэспублікі Беларусь у Польшчы, які выдатна працуе ў сферы культуры, асветы. Можна згадаць і іншыя праявы клопату пра суайчыннікаў”.
Безумоўна, такую падтрымку адчуваюць найперш тыя суполкі беларусаў замежжа, якія самі актыўна працуюць на карысць Бацькаўшчыны, беларускай культуры, падтрымліваюць стасункі з беларускімі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі, творчымі гуртамі. Гэта заканамерна, бо і ў народзе кажуць: як гукнеш, так і адклікнецца.
У Польшчы ж цяпер, расказваў Ян Сычэўскі, сітуацыя асаблівая: “У нас асяроддзе беларускае цяпер не аднароднае і, можна сказаць, сканфліктаванае. Многія раней ведалі пра добрыя справы самай старой і прэстыжнай суполкі, Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы — цяпер апрача БГКТ існуе шмат іншых. На жаль, некаторыя з іх не рухаюцца ў напрамку праўды, і гэта нам вельмі баліць. Хоць суполкі беларускія па назвах, ды не паказваюць рэальныя факты ў дачыненні Беларусі, а рэалізу-юць іншыя праграмы. Мне часам нават падаецца, што ў Польшчы ёсць няпісаны закон: калі не можаш напісаць пра Беларусь дрэнна — не пішы нічога… На мой погляд, і “карта паляка” не ёсць праблема эканамічная, гэта не добрая воля дапамогі палякам, а дэманстрацыя палітычнай волі. Эксперты сцвярджаюць: у міжнародным маштабе гэта зроблена супраць права. Ёсць дэмакратычныя стандарты для ўсіх, але тады чаму адны тут становяцца лепшымі, а другія — горшымі? Навошта расслаенне людзей? Атрымліваецца: паляк у Беларусі будзе, як кажуць, велькім панам, калі будзе карыстацца “картай паляка”. Дарэчы, у нашым асяродку чуваць размовы, што і некаторыя нават беларусы па нацыянальнасці падключаюцца ў “карту паляка”. Бо прымаюць на сябе нейкія стандарты, накшталт: што ён католік — а тое няпраўда. Ці што ведае дасканала польскую мову. На мой погляд, гэта стандарты не дэмакратычныя, і яны ствараюць гэткі закалот (тут: у сэнсе завіхрэнне, узбаламучанасць. — Аўт.) на памежжы дзвюх дзяржаў. Хаця ў рэальнасці няма прычын, каб стасункі Беларусі і Польшчы, былі, я б сказаў, непарытэтнымі, як цяпер”. Спадар Ян нагадаў пра кантакты БГКТ з творчымі гуртамі з Беларусі, ды часамі вельмі няпроста здабыць для артыстаў візы ў польскіх консульствах Беларусі. Напрыклад, два гады таму ў Беластоку ладзілася Свята беларускай культуры, вялікае і прэстыжнае. Калектыў з Мінска быў запрошаны, ды ледзьве змог выехаць: з вялікай цяжкасцю ўдалося атрымаць візы ў мінскім консульстве.
І яшчэ пра адну вялікую праблему гаварыў на круглым стале ў беларускім МЗСе Ян Сычэўскі. Па яго словах, самае драматычнае для сяброў БГКТ цяпер — што ніхто з выпускнікоў двух беларускіх ліцэяў, у Бельску-Падляскім і Гайнаўцы, цяпер не хоча прадаўжаць вучобу ў Беларусі: “А вучацца там беларусы, ёсць і палякаў крыху, якія таксама вывучаюць беларускую мову. Чаму так адбываецца? Бо ліцэістам кажуць: нельга ехаць ў Беларусь, бо там няма дэмакратыі… То і няма сэнсу рабіць сабе ў галаве закалот. А раней жа праз многія гады мы накіроўвалі праз БГКТ да 30 асоб у ВНУ Беларусі кожны год! Яны вярталіся з дыпломамі, станавіліся прафесіяналамі ў сваёй справе. Бо ўзровень адукацыі, навучання ў Беларусі вельмі высокі. А цяпер: ніводная асоба з Польшчы не паступае ў беларускія ВНУ. Я лічу, гэта вельмі драматычная сітуацыя, якая мае адмоўны ўплыў на нашу моладзь”. Прытым спадар Ян нагадаў, што БГКТ шмат мерапрыемстваў ладзіць менавіта для дзяцей, моладзі. Штогод арганізуецца конкурс “Пазнай Беларусь!”, ладзяцца цікавыя экскурсіі ў нашу краіну. “Раней то быў пазітыўны штуршок у напрамку беларускай тоеснасці, — упэўнены Ян Сычэўскі. — Цяпер ён нейтралізуецца, можна сказаць, іншымі негатыўнымі фактарамі”.

Іван Ждановіч

На здымку:
Ян Сычэўскі на сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter