Удзельнікі Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету адкрывалі для сябе сучасную Беларусь

Шляхі вядуць дадому

Пад час Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету яго ўдзельнікі не толькі дзяліліся сваімі творчымі набыткамі, але і адкрывалі для сябе сучасную Беларусь
Кацярына Мядзведская

Пад час Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету яго ўдзельнікі не толькі дзяліліся сваімі творчымі набыткамі, але і адкрывалі для сябе сучасную Беларусь

Маладыя выступоўцы з танцавальнага гурта “Чайка” з Аргенціны Мяліса Вара, Таццяна і Эстэбан Куц упершыню пабывалі ў Беларусі. Пра зямлю продкаў яны чулі ад бацькоў, бабуль і дзядуль, шмат чыталі на занятках ў нядзельнай школе ў таварыстве “Усход”, што дзейнічае ў аргенцінскім горадзе Бярыса. З маленства займаюцца беларускімі танцамі, шыюць нацыянальныя строі, ведаюць беларускія музычныя творы. Аднак у Беларусі ніколі не былі: іх прадзядулі і прабабулі пакінулі яе на пачатку мінулага стагоддзя. І гэтыя трое — першыя са сваіх эмігранцкіх сем’яў, хто з тае пары прыехаў сюды. Тое адбылося дзякуючы Фэсту і яго арганізатарам: Міністэрству культуры і Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур, якія нават аплацілі пералёт беларускіх аргенцінцаў у абодва канцы.

dadomu.png

Сабрацца разам на Бацькаўшчыне — вялікае свята для таленавітых беларусаў усяго свету


Больш чым 10 гадоў не была на Бацькаўшчыне Ніна Менцюкова з Італіі, 7 — Вольга Сотнікава-Рамас з Мексікі… Прыехала больш за 250 чалавек з 18 краін. Запішам для гісторыі: Аргенціна, Арменія, Бельгія, Германія, Італія, Іспанія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Мексіка, Латвія, Літва, Польшча, Расія, Украіна, Францыя, Швейцарыя, Эстонія. Госці паказвалі сваё майстэрства, пад час экскурсій адкрывалі для сябе сучасную Беларусь. А пляцоўкі Фэсту сталі месцам сустрэч з сябрамі і партнёрамі.

Рух насустрач


Насычанай была праграма ў дэлегацыі з казахстанскага Паўладара. Салісты вакальнага гурта “Надзея” Аляксей Кравец, Максім Кашаміраў, Іван Нечапурэнка, Паліна Цыбулькіна, як і старшыня этнакультурнага аб’яднання “Беларусь” Любоў Богнат не трацілі часу марна. Пабывалі ў Заслаўі, Хатыні, этнамузеі ў Дудутках. Завіталі ў Пасольства Казахстана ў Мінску, сустрэліся са студэнтамі БНТУ, зазірнулі ў Цэнтр Абая, створаны пры гэтай вну. А ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур была сустрэча з калегамі па культурнай працы — прадстаўнікамі казахскай дыяспары ў Беларусі.

dadomu1.pngСтаршыня суполкі “Ата-мекен” Галія Есенбаева прымала гасцей як сапраўдная гаспадыня. Па казахскай традыцыі (дый у беларусаў такая…) прапанавала чай з цукеркамі. У сяброўскай размове высветлілася, што Галія Каздзібаеўна жыла ў Алма-Аце, а ў Паўладары праходзіла практыку, таму добра ведае горад, з ім звязаны светлыя ўспаміны. Дый дзейнасць абедзвюх суполак падобная. Так, адзін з кірункаў працы “Ата-мекен” — пошук пахаванняў казахаў, якія загінулі пад час Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Беларускія казахі даглядаюць магілы суайчыннікаў, звязваюцца з сем’ямі загінулых, перадаюць ім звесткі пра родных. Падобны кірунак дзейнасці ёсць у беларусаў Паўладара. Разам з Любоўю Іванаўнай і “Надзеяй” прыляцела з Паўладара ў Беларусь і сям’я Абазавікоў: пакласці кветкі на магілу свайго дзядулі. Знайшлі пахаванне ў вёсцы Калінаўка Бярозаўскага раёна Брэстчыны дзякуючы запыту ў беларускія архівы паўладарскай суполкі беларусаў.

У РЦНК паўладарцы пазнаёмі­ліся з артыстамі танцавальнага гурта “Сонечная Грузія”, якія праводзілі там рэпетыцыю. Кіраўнік гурта Суліко Іяселіяні наведаў гала-канцэрт Фестывалю ў Белдзяржфілармоніі, прычым выступленне вакальнага ансамбля “Надзея” ён вітаў стоячы.

Да самых каранёў


Зразумела, Мінск спадабаўся ўсім. Многіх здзіўлялі шматлікія новабудоўлі, чысціня вуліц, шырокіх праспектаў, радавалі шматлікія фантаны, паркі, архітэктура сучасных будынкаў. Аднак усё ж клікала да сябе і вёска. Гасцей Фэсту падзялілі на чатыры групы, адна пабывала ў Заслаўі, другая — у Валожыне, трэцяя ж — у Чысці пад Маладзечна. Самая “інтэрнацыянальная” група з беларусаў Іспаніі, Аргенціны, Мексікі, Казахстана, Расіі ды Арменіі, у якой была і я, наведала аграгарадок Стары Свержань: гэта Панямонне, Стаўбцоўскі раён Міншчыны.

dadomu2.pngЯшчэ па дарозе яны згадвалі свае родныя мясціны, расказвалі гісторыі, з імі звязаныя. Нехта лазіў у чужыя сады па яблыкі, хтосьці рыбу вудзіў, пасвілі кароў ды коней... Настасся Трубянкова нарадзілася ў Новасібірску, пра Беларусь ведае з аповедаў бабулі, аднак і яна згадала, як раней пужалі дзяцей, каб не заходзілі далёка: з багны й прырэчнага туману выходзяць увечары ведзьмакі... З аповедамі ды спевамі даехалі ў Музей-сядзібу “Акінчыцы”: там нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас. Сёння гэта ўскраіна Стоўбцаў, раней была вёска. Сярод экспанатаў — аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я паэта, прадметы тагачаснага побыту. Усім спадабаліся лыжкі, якія выразаў дзядзька Антось (дзядзька паэта і персанаж паэмы “Новая зямля”). Алег Рудакоў з Іркуцка, кранаючы лыжкі, загадваў жаданні. Дзяўчаты з Аргенціны ледзь стрымлівалі слёзы, гледзячы на мэблю, кошыкі, посуд, куфры, калаўрот, калыску, якім звыш ста гадоў. Прызнаваліся: бачылі такое на карцінках ды ў інтэрнэце, і не верыцца ім, што яны тут. Кожны з радзімы Якуба Коласа павёз з сабой сувенір: ляльку-абярэг, кошык... Крысціян Медыявілья з Іспаніі паехаў з Акінчыцаў у саламяным капелюшы, у якім і выступаў потым на сцэне Дома культуры ў Старым Свержані, на пляцоўцы ля Палаца спорту ў Мінску, на канцэрце ў філармоніі.

Што застанецца?


Цікавай старонкай Фэсту стала адкрыццё фотавыставы “Мы — беларусы”, выстаў карцін суродзічаў з замежжа і вырабаў народных майстроў у Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Арыгінальныя дрэвы з паўкаштоўных камянёў прывезла Ніна Менцюкова з Італіі. Такое майстэрства асвоіла ўжо ў Італіі, а ўспаміны пра непаўторную прыроду Беларусі, яе гаі ды лясы прыносяць натхненне і спакой у працы. З Італіі прыехалі гліняныя вырабы Таццяны Канавалавай, вышываныя абразы Ірыны Тапчылкі.

dadomu3.pngНародныя майстрыхі з Малдовы Ларыса Бугаева і Людміла Вайнштэйн прывезлі карціны, вышываныя стужкамі. На выставе яны расказвалі: каб вырабіць і невялічкі ўзор, патрэбен немалы спрыт, бо цяжка прапусціць стужку цераз тканіну. Майстрыха Ірына Лазарук прывезла працы па фларыстыцы. Казала: адзін твор часам робіць цэлы год, бо кветкі і травы знаходзіць і высушвае сама, прычым гэта расліны як з Малдовы, так і з Беларусі. Шмат карцін прадставілі мастакі з Польшчы Міраслаў Здрайкоўскі, Даніэль Грамацкі ды Аляксандра Чарняўская. На выставе былі і творы Вячаслава Ігнаценкі, фотаработы Ганны Мазур з Малдовы. Незвычайныя партрэты і пейзажныя замалёўкі Вольгі Гуськовай з Бельгіі склалі цэлую экспазіцыю.

Што да фотавыставы “Мы — беларусы”, то ў яе ўвайшлі каля 60 фотаздымкаў, на якіх бачна жыццё і дзейнасць беларускіх суполак у розных краінах. Вось гурт беларускай песні “Сябры” на раённым свяце “Сабантуй” у Башкартастане, вось Алег Рудакоў і Воля Галанава ў ролях Купаліша і Купалінкі на Купаллі  ў Іркуцку, а тут свята “Масленіца” ў латвійскім Даўгаўпілсе, далей — Дзень Незалежнасці Беларусі святкуюць у Ціраспалі, сустрэча з ветэранамі ў Кішынёве…

Тыя, хто прыйшоў на адкрыццё выставы, з цікавасцю разглядвалі фотаздымкі экспазіцыі “Мы — беларусы”. Знаходзілі знаёмыя твары, па-дзіцячы радаваліся, калі пазнавалі сябе на здымках, фатаграфаваліся побач з імі. Сімвалічна, што выстава адкрылася менавіта ў Гістарычным музеі. Бо і сам фоталетапіс беларусаў замежжа — гэта гісторыя часткі народа, беларусаў, што па розных прычынах жывуць удалечыні ад Радзімы, але маюць з ёй духоўную повязь.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter