Шэраг цікавых імпрэзаў, сустрэч праходзіць з удзелам беларусаў Даўгаўпілса, горада на Дзвіне-Даўгаве

Школьныя клопаты “Уздыму”

Шэраг цікавых імпрэзаў, сустрэч праходзіць з удзелам беларусаў Даўгаўпілса, горада на Дзвіне-Даўгаве



Ладзіць культурна-асветніцкія сустрэчы ў школах горада — для нас традыцыя. Чарговая, з удзелам сяброў Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, прайшла 18 красавіка ў сярэдняй школе Цэнтра (так яе называюць у Даўгаўпілсе). Старшыня суполкі Людміла Сінякова расказала вучням і настаўнікам, як яна ўзнікла, пра кірункі дзейнасці. З бліц-апытання мы даведаліся: і сярод прысутных нямала беларусаў. Увогуле ж нашых сустрэнеш у горадзе на кожным кроку. Гаварылі пра творчыя гурты “Уздыму” і Цэнтра беларускай культуры, і як жыхарам горада атрымаць адукацыю ў ВНУ Беларусі, паехаць на нашу Бацкаўшчыну на экскурсію ці ў санаторый. Цікава, эмацыйна выступіла вядомы ў горадзе лекар, член праўлення “Уздыму” Зінаіда Сіліня. Праспявала ўрыўкі з розных латышскіх і беларускіх песен, частушкі пра каханне. І як доктар дала параду — спяваць, спяваць і спяваць! Бо песня жыць дапамагае. Усе дружна пляскалі ў ладкі.


Я расказваў пра даўнюю беларуска-латвійскую гісторыю, прыводзіў цікавыя факты. Напрыклад, пра тое, што Рыга была заснавана… з дазволу Полацкага князя. А ў 20-30-я гады ў Даўгаўпілсе працавалі некалькі беларускіх таварыстваў, гімназія, беларуская школа, тэатр, меўся беларускі музей (першы ў горадзе!), пяць бібліятэк. На будынку беларускай школы па вул. Варшавас мы ўсталявалі памятную дошку. Нехта й пабачыць захацеў той будынак. Увогуле вучні былі актыўнымі: успаміналі, напрыклад, латышскія святы, знаходзячы паралелі з беларускімі. На заканчэнне Людміла Сінякова расказала пра дзейнасць маладзёжнай секцыі пры таварыстве. То можа з часам і з гэтай школы ў суполку прыйдзе папаўненне. А з кіраўніцтвам школы мы абмеркавалі, што цікавага можам зрабіць разам. Атрымалі ў падарунак кнігу: пра майстроў- керамістаў.


І яшчэ навіна: дзеці нядзельная беларускай школы “Вясёлка” наведалі выставу мастакоў аб’яднання “Маю гонар” — яна працуе ў гарадскім Краязнаўчым музеі з 8 красавіка. Разам з дзецьмі, настаўнікамі яе пабачылі і бацькі. Спачатку разглядалі працы Пятра  Худабчонкі, высвятлялі, якія мясціны Даўгаўпілса адлюстраваў майстар. Потым перайшлі ў залу з творамі беларускіх мастакоў. Шмат было станоўчых эмоцый! Як агледзеліся, настаўніца Людміла Сінякова прапанавала дзецям паказаць карціны, якія ім найбольш спадабаліся. Найменшаму Арцёму глянулася карціна В. Целеша “Інтэграцыя”: на ёй ёсць прыгожая і “як жывая” шакаладка. Караліна паказала на карціну, дзе намалявана сала. Патрыка прывабіла абстракцыя, Элю — карціна з букетам рабіны, Ксеніі спадабалася карціна з кветкамі (дарэчы, яе аўтар Г. Жэлабоўская — настаўніца 16-й школы Даўгаўпілса). Дзецям спадабалася гульня, і кожны хацеў паказаць “сваю” карціну. Настаўніца ж прапанавала паспрабаваць іх намаляваць — кожнаму сваю… А на ўспамін пра незвычайны ўрок застаўся прыгожы фотаздымак на ганку музея.

Мікола Паўловіч, г. Даўгаўпілс

Фота: uzdim.lv

Голас Радзімы № 15 (3471), чацвер, 28 Красавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter