Актывісты суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса ў чарговы раз пабывалі ў Краславе, а таксама на Бацькаўшчыне

Шчасце новых дарог

Актывісты суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса ў чарговы раз пабывалі ў Краславе, а таксама на Бацькаўшчыне


Беларусы Даўгаўпілса ладзілі кірмаш у Браславе. Фота: Жанна Бяляўская

Рух, як вядома, жыцця аснова. Вось і мы, актывісты суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса, не стамляемся вандраваць, удзельнічаем у розных праектах. Раскажу пра дзве паездкі, удзельнікам якіх быў сёлета.

Выстава ў Краславе


Таварыства “Уздым” даўно супрацоўнічае з Беларускім таварыствам  “Вясёлка” і знакамітай сярэдняй школай “Varavīksne” (“Вясёлка”) з горада Краслава. Дзеці школы ўдзельнічалі ў святочным канцэрце, што ладзіўся да 20-х угодкаў беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” з Даўгаўпілса. А нашы выхаванцы былі ў краслаўскіх равеснікаў на навагоднім свяце.

Сёлета мы ладзілі выставу самадзейных мастакоў таварыства “Уздым” у школе Краславы, калі адзанчаліся Дні славянскай культуры. А ў школе якраз быў чарговы выпуск вучняў факультатыва беларускай культуры: ён працуе з 1993 года з ініцыятывы дырэктара Аркадзя Флейшмана. Спачатку заняткі вяла С. Стэльмачонак, потым — Н. Курціша, а з 2012-га вядзе Н. Тадэла. Сёлета факультатыў закончылі 9 вучняў. Школу наведаў таксама, наладжваючы сяброўскія стасункі з мясцовымі беларусамі, і прадстаўнік Полацкага дзяржніверсітэта Александр Андрыеўскі.

З віншавальнымі словамі да вучняў звярнулася дырэктар школы Людміла Сенчанкова, кіраўніца факультатыва Надзея Тадэла. Вучні праспявалі некалькі беларускіх песень. Дарэчы, выступалі ў прыгожых беларускіх касцюмах. Я ж, прадстаўляючы выставу, расказаў пра саміх мастакоў, а гэта Анастасія Сазанкова, Оскар Янсан, Галіна Жэлабоўская і Надзея Паўловіч. Асабістыя выставы іх праходзілі ў Даўгаўпілсе, Рызе, Віцебску, Браславе. Галіна Жэлабоўская — сябар Аб’яднання мастакоў- беларусаў Балтыі “Маю гонар”, Анастасія Сазанкова і Оскар Янсан уваходзяць у Латгальскую асацыяцыю мастакоў, Надзея Паўловіч вучыцца ў Стакгольме. Дзецям спадабаліся карціны, выкананыя ў розных стылях. Дзякуем за дапамогу ў арганізацыі выставы кіраўніцтву школы, сябрам таварыства “Вясёлка” з Краславы, Аляксандру Клімаву і Святлане Стэльмачонак, адміністрацыі школы “Varavīksne” (“Вясёлка”).

Хораша душы на “Браслаўскім кірмашы”


Мы сябруем, супрацоў­нічаем з Браслаўскім музейным аб’яднаннем, і таму таварыства “Уздым” паўдзельнічала ў “Браслаўскім кірмашы”. Традыцыйна свята ладзілася ў Доме рамёстваў, што на беразе возера Дрывяты. А пагода сёлета 7 жніўня не надта спрыяла, і таму канцэрт, майстар-класы прайшлі ў музейным памяшканні.

Жнівень — спрыяльная пара для сустрэчы сяброў, і “Браслаўскі кірмаш” сабраў надзіва шмат удзельнікаў, гледачоў. Прыехалі на Бацькаўшчыну беларусы з Латвіі, госці з Расіі, былі нават з Амерыкі.

Суполку“Уздым” прадстаў­лялі старшыня таварыства Людміла Сінякова, член праўлення Жанна Бяляўская, гісторык-краязнавец Мікола Паўловіч, а таксама ўдзель­ніцы гурта народнай песні “Купалінка”: Тэрэса Паўлава, Валянціна Ліпінская, Іна Валюшка. Нашу дэлегацыю гасцінна прымалі Надзея Дударонак, дырэктар музейнага аб’яднання, а таксама Элеанора Зінкевіч, кіраўніца Дома рамёстваў, і Ларысай Дарафейчык — яна была галоўнай гаспадыняй і вядучай на кірмашы.

Нам аказалі вялікі гонар: даручылі адкрыць свята.“Купалінка” спявала народныя беларускія і латышскія песні. Яшчэ В. Ліпінская і Л. Сінякова паказалі жартаўлівую імпрэзу “Прыгоды суседак на кірмашы”. І якраз пад час яе суполка “Уздым” падаравала Браслаўскаму аб’яднанню музеяў латышскія прысмакі ды гістарычныя артэфакты з маіх новых знаходак. А нам падарылі выяву герба Браслава і паштоўкі з відамі Браслаўшчыны.

Гледачам спадабаліся выступленне калектыва з Ахрэмаўцаў “Сябрына”, песні пад гармонік маладой спявачкі з Кубані. На кірмашы працавалі майстар-класы: гэта было пляценне з саломкі ды паперы, выраб ляляк-абярэгаў, ткацтва, вязанне. Прадаваліся вырабы народных майстроў Браслаўшчыны. На свяце было шмат ганаровых гасцей, у іх ліку і дыпламаты з замежжа: з цікавасцю знаёміліся з музейным аб’яднаннем. З’явіліся і ў нас новыя знаёмцы. Узніклі задумы, якія, спадзяемся, увасобім у рабоце суполкі. А потым за кубкам кавы ў гатэлі музея мы дзяліліся ўражаннямі ды абмяркоўвалі новыя планы.

Мікола Паўловіч, сябра таварыства “Уздым”

Голас Радзімы № 32 (3488), чацвер, 25 ЖНІЎНЯ, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter