Саюз узросту і маладосці

Ініцыятарамі стварэння пісьменніцкай арганізацыі Беларусі некалі выступілі класікі беларускай літаратуры...

Ініцыятарамі стварэння пісьменніцкай арганізацыі Беларусі некалі выступілі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. І сёння іх ідэі творчай супольнасці працягваюць жыць і працаваць на роднае слова, стымулююць творчасць і мастацкі густ. Аб ролі сучаснага Саюза пісьменнікаў Беларусі ў грамадскім жыцці ішла гаворка на ўрачыстым сходзе ў сталічным Доме літаратара, прысвечаным 75-м угодкам з часу ўтварэння творчай арганізацыі і 65-й гадавіне вызвалення нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У цэнтры ўрачыстай падзеі — пісьменнікі, чыя маладосць прыпала на цяжкія гады ваеннага ліхалецця. Старшыня саюза Мікалай Чаргінец падкрэсліў, што гэтая абставіна стала для многіх сённяшніх ветэранаў крыніцай іх літаратурных пошукаў і набыткаў. Паважаны сход і найперш удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны віталі ад імя Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Бервін, міністр абароны Леанід Мальцаў, намеснік міністра культуры Віктар Кураш і iншыя. Ад Канфедэрацыі пісьменніцкіх саюзаў Беларусі і Расіі ўрачысты сход вітаў тэлеграмай яе старшыня Герой Сацыялістычнай Працы Сяргей Міхалкоў. Пісьменнікаў віншавалі прадстаўнікі ЦК БРСМ, маладыя літаратары. З узнёслым, удумлівым словам да ўсіх звярнуўся з нагоды падзеі пісьменнік Алесь Савіцкі.

Групе ветэранаў Леанід Мальцаў уручыў медалі, выпуск якіх прымеркаваны да 65-й гадавіны Вялікага вызвалення.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter