Песні самадзейнага паэта і кампазітара Міхаіла Скрундзя такія вядомыя, што часам іх называюць народнымі

Самародак-песеннік з Баранавіч

Песні самадзейнага паэта і кампазітара Міхаіла Скрундзя такія вядомыя, што часам іх называюць народнымі

У адзін з прыездаў у Беларусь Людміла Аннус, кіраўніца суполкі “Сябры” з Нарвы, запытала: ці ведаю я Міхаіла Скрундзя? Гэта, падказала, аўтар шэрагу вядомых песень. Не, мы не знаёмыя... А праз колькі дзён яны з мужам, Віктарам Байкачовым, пабывалі ў гасцях у самадзейнага паэта і кампазітара, даслалі з Нарвы невялічкі тэкст “Братка беларус”. Чытаем у ім: “Пэўна, няма беларуса, які б не чуў песні “Братка беларус”, “Гаворка беларуская”, “Мы вам жадаем”… Песні часам называюць народнымі, хоць у іх ёсць аўтар: Міхаіл Скрундзь з Баранавіч”. Дарэчы, творы яго спяваюць у Нарве і на канцэртах, і ў сяброўскіх застоллях — таму і пацягнула землякоў з Эстоніі да яго ў госці. Міхаіл запрасіў Людмілу і Віктара ў баранавіцкі Дом культуры напярэдадні навагодніх святаў, таму і сустрэча атрымалася душэўнаю, святочнаю.


Пра сябе Міхаіл Скрундзь кажа: “Я родам з самадзейнасці”
Фота: Аляксандр Сякерын


Якім пабачылі госці спадара Міхаіла? “Прыгожы і вельмі сціплы, уразіў нас улюбёнасцю ў песню, у сваю краіну, у беларускі народ, — напісалі актывісты беларускай суполкі. — Падарыў нам сапраўдны канцэрт, ці майстар-клас — для дваіх гледачоў. І спяваў, і вершы чытаў: як напісаныя нядаўна, так і вядомыя. У іх  шмат лёгкага гумару, любові да Беларусі, блізкіх людзей. Жартоўныя песні “Цыбуля”, “Здумала маці мяне ажаніць”, лірычныя “Каханка” ды “Жоначка” — пра адметнасці беларускага светаўспрымання. Цяпер песні Міхаіла выконваюць розныя калектывы Беларусі, а таксама ў суполках замежжа. Яны і ў рэпертуары самабытнага ансамбля “Фэст”, у якім Міхаіл ад самага пачатку”. Аўтары пішуць: хай ведаюць актывісты беларускіх суполак замежжа, якія жадаюць выконваць песні Міхаіла Скрундзя, што ён гатовы да супрацы з супляменнікамі ў любой краіне.

Каб крыху дапоўніць фактамі эмацыйны ліст, мы звязаліся з Міхаілам па электроннай пошце. Даведаліся: Міхаіл Валянцінавіч нарадзіўся ў мястэчку Наваельня Гродзеншчыны 25 сакавіка 1963 года, аднак жыве ўвесь час у Баранавічах. Там закончыў 4-ю школу, адслужыў у войску (будбат у Бабруйску) ды ўладкаваўся ў родным горадзе на камбінат хлебапрадуктаў, дзе асвоіў розныя “працоўныя спецыяльнасці”. “Усё жыццё захапляўся музыкай, хаця класічнай музычнай адукацыі не атрымаў: вучыўся самастойна, як кажуць — самавучка, — напісаў у рэдакцыю Міхаіл. — Спачатку трохі граў на гітары, і ў 10-м класе арганізаваў ансамбль у школе. Потым граў у ансамблі на камбінаце. Карацей: я родам з самадзейнасці. У школе спрабаваў пісаць словы для іншамоўных песень, бо мелодыі падабаліся, а тэксты — дзе возьмеш? Вось і складваў свае. Пісаў і музыку да сваіх вершаў, спачатку рускамоўных”.

У 1990-м Міхаіл пазнаёміўся з Іванам Кусцінскім, прапанаваў яму ўзначаліць самадзейнасць камбіната. А Іван згадзіўся з умоваю, што і Міхаіл выйдзе на кірмашы да людзей ды пачне спяваць. На тым і пагадзіліся. Знайшлі яшчэ аднадумцаў — так і пачаўся гурт “Фэст”. “Іван неяк папрасіў: паспрабуй напісаць нешта па-беларуску, для “Фэста”, — згадвае Міхаіл. — І хоць беларускую мову я не вывучаў (бацька быў вайсковец), але ж я — этнічны беларус. Першай песняй і стала “Братка беларус”. Далей былі “Гаворка беларуская”, “Здумала маці мяне ажаніць”, “Цыбуля”, “Сала”, “Каханка”, “Мы вам жадаем” ды іншыя.

У 2001-м Скрундзь закончыў Універсітэт культуры і мастацтва “па тэатральнай спецыяльнасці”. Шмат гадоў гурт “Фэст” працуе пры баранавіцкім Доме культуры. У 2002-м для гурта быў зорны час, ён стаў шырока вядомым: атрымаў званне лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Сам жа аўтар піша песні і цяпер, кажа: “Каб людзям трохі ўзняць настрой”. Песні музыкі-самародка з Баранавіч спявалі і ў аркестры Міхаіла  Фінберга, і ў ансамблі “Харошкі”, яны ёсць у рэпертуары гурта “Бяседа”. А ў замежжы іх спяваюць, як мы ўжо ведаем, у эстонскай Нарве, а таксама гурты “Прымакі” з Польшчы і “Чапурушка” з Расіі. У асноўным, заўважае Міхаіл, іх спяваюць самадзейныя гурты: “Некаторыя песні лічацца беларускімі народнымі. Шкада бывае, калі тую ці іншую песню прысвойваюць сабе плагіятары: гэта псуе мне настрой... Але тое ж і сведчыць: песні людзям падабаюцца!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter