Лёс слуцкай бэры

Сад у трэцiм калене

Прыродныя гены слуцкай бэры такія ж моцныя і непераможныя, як і жыццёвае захапленне Мікалая Амяльковіча
СЛУЧЧЫНА здаўна славіцца садамі і асабліва вядомай усяму свету грушай бэрай, якую некалькі стагоддзяў таму вывелі манахі. У пасляваенныя гады ў мясцовых садах красаваліся гэтыя пладовыя дрэвы, якія ў народзе атрымалі назву райскія. Векавыя патрыярхі штогод шчодра адорваюць ураджаем. Вясковы аматар-садавод Мікалай АМЯЛЬКОВІЧ з невялікай слуцкай вёсачкі Балотчыцы на працягу дзесяцігоддзяў аднаўляе славу не толькі райскіх груш, але і іншых садовых дрэў. Падлеткам дапамагаў бацьку даглядаць стары дзедаў сад. Да службы ў Cавецкай арміі працаваў у паляводчай брыгадзе калгаса “Праўда”. Тры гады салдатам пракладваў чыгунку на Кольскім паўвостраве. Па камсамольскай пуцёўцы ўзводзіў сібірскія будоўлі.


Вярнуўся ў родныя мясціны і заняўся садоўніцтвам. Вырошчваў і прывіваў саджанцы, выводзіў новыя сарты. Выпеставаныя апантаным самавучкай яблыні, грушы, слівы, вішні, розныя кусты ўпрыгожваюць розныя куткі Беларусі. Інвалід па зроку і слыху Мікалай Дзмітрыевіч клапатліва песціць кожнае дрэўца ў сваім сапраўды райскім садзе.

БЫЛЫ маёнтак пана Галеўскага, рэшткі якога захаваліся да нашых дзён побач са слуцкай вёскай Балотчыцы, вабіў сялянскіх хлапчукоў таямнічасцю старых дрэў і розных паданняў пра яго гісторыю. Зачароўвалі стромкія грушы і разгалістыя яблыні, усыпаныя духмянымі пладамі. Пасля калектывізацыі панскі сад стаў калгасным. Ураджай збіралі грамадой. Шпарка лазіў з братамі па векавых грушах спрытны Мікалай Амяльковіч. І ў сваім садзе, пасаджаным прадзедам, якога з-за маленькага росту звалі Ігнаткам, аблазіў кожнае дрэва.

Ігнаткаваму сыну Кузьме дастаўся ад бацькоў сад і тры гектары ворыўнай зямлі. Прыдбаў ён яшчэ вялікі надзел на балоце. Планаваў акультурыць яго, але бурныя гістарычныя падзеі на Случчыне ў дваццатых гадах мінулага стагод- дзя не дазволілі здзейсніць задуманае.

У навакольных вёсках пачалася калектывізацыя. Каб не трапіць у спіс кулакоў, Кузьма Амяльковіч адным з першых у Балотчыцах перадаў зямельны надзел у ствараемую агульную гаспадарку і сам уступіў у яе. У вольны ад калгаснай працы час займаўся сваім садам. Яго малодшы сын Дзмітрый абнавіў стары сад. Сярод шматлікіх пладовых дрэў узвышаліся чатыры векавыя грушы бэры. Прагна пераймаў садоўніцкі вопыт бацькі сын Мікалай: вучыўся прышчэпваць галінкі, вырошчваць і акультурваць саджанцы. Пасля заканчэння трох пачатковых класаў хлопчык больш у школу не пайшоў. Працы хапала па вялікай хатняй гаспадарцы. Разам са старэйшымі братамі дапамагаў бацьку даглядаць калгасную жывёлу. Маці працавала ў паляводчай брыгадзе. 

— Восем хлопцаў і дзве дзяўчынкі было ў нашай сям’і, — адзначае Мікалай Амяльковіч. — Бацькі нас у працы выхоўвалі. Старэйшыя глядзелі за меншымі, пасвілі кароў, авечак, свіней, гусей. Агарод упраўлялі, сад апрацоўвалі. Давялося перажыць страшэнныя гады нямецка-фашысцкай акупацыі. 

Выраслі і пакінулі бацькоўскі падворак. І я таксама кінуўся ў пошуках рамантыкі. Пасля службы ў арміі разам з сябрамі адправіўся на сібірскую камсамольскую будоўлю. Моладзь з розных куткоў вялікай краіны асвойвала таёжны край. Праз Маскву дабраўся ў Іркуцк. Там суткі чакаў адпраўлення ў Брацк. Праз векавую тайгу, сібірскія паўнаводныя рэкі імчаў цягнік. У газетах, па радыё шмат увагі надавалася жыццю маладых на ўсесаюзных ударных камсамольскіх будоўлях. Засвоіў прафесію цесляра, атрымаў месца ў маладзёжным інтэрнаце. У невялікіх пасёлках наша брыгада складала з бруса хлявы, склады, іншыя драўляныя пабудовы. Зімою трашчалі моцныя маразы. Калі тэмпературны слупок зніжаўся за сорак градусаў, на працу не выходзілі. Доўгімі начамі снілася родная Случчына, стары сад, абліты белай пенай квецені. 

Год вытрымаў на сібірскай будоўлі і вярнуўся дамоў. Ад бальшака да родных Балотчыц быццам на крылах ляцеў, каб хутчэй убачыць вёску, сустрэцца з роднымі. Чакаў мяне і дзедаў сад. Працаваць уладкаваўся ў слуцкую воінскую часць. Рамантавалі па ваенных гарадках кватэры. Але не пакідала думка пра сад.

— І дачакаўся ён вас?

— Развітаўся з малярскай справай і ва ўзросце Хрыста заняўся садам, у якім усё да драбніц знаёма. Стогадовыя грушы бэры па-ранейшаму штогод шчодра радавалі ўраджаем. Раслі іншых сартоў грушы, яблыні, слівы. 

Пакуль служыў у арміі і вандраваў па Сібіры, малодшы брат Іван старую бацькоўскую хату разабраў і са шлаку вырабіў каробку новага дома. Узяўся дапамагаць яму завяршаць справу. Працавалі ў калгасным садзе, а вечарамі і ў выхадныя займаліся будоўляй. Гаспадарку вялікую трымалі. Свой пчальнік мелі, авечак, кароў гадавалі. Але асноўным заняткам быў сад. Мы яго пастаянна абнаўляем. Захапіла мяне садоўніцтва. Яшчэ ад бацькі і дзеда навучыўся прышчэпваць саджанцы. З навакольных вёсак да мяне і зараз прыходзяць сяляне вучыцца гэтай справе. На адным дрэве прывіваў па пяць новых сартоў. З Кіева прывёз акцінідзію. Пасадзіў кусты кізілу, барбарысу.

— Плошча вашага саду вялікая?

— Амаль паўгектара. Кампактна размешчаны яблыні, грушы,  іншыя пладовыя дрэвы.

— А слуцкія бэры?

— Калі адкрылі старобінскае радовішча калійнай солі і пачалі будаваць салігорскія горна-абагачальныя камбінаты, плады на чатырох старых грушах сталі пакрывацца паршой. Нават каровы не хацелі іх есці. З мэтай абнаўлення стаў прывіваць галінкі з іншых груш, што растуць у памешчыцкім садзе. Гэта таксама больш як векавыя дрэвы, якія перанеслі моцныя маразы 1940 года, калі многія сады ў наваколлі вымерзлі. У былым маёнтку пана Гаеўскага, дзе мы лазілі па садзе ў дзяцінстве, засталіся з тых часоў грушы “галёўкі” і яблыні “цыганкі”. Прывітыя бэры не даюць па выгляду і смаку такіх пладоў. 

— Ці захаваліся слынныя грушы ў навакольных садах?

— Пладаносяць яшчэ векавыя дрэвы, што ўзвышаюцца над вясковымі садамі. Але саджанцаў слыннага сорту не знайсці. Паступова яны знікалі. Як пачалася здабыча мінеральных удабрэнняў, грушы пачалі зводзіцца. Яны не вытрымліваюць парушэння экалогіі. 

— Мікалай Дзмітрыевіч, у гістарычнай літаратуры адзначаецца, што ў XIX стагоддзі Случчына была адным з найбольш буйных цэнтраў прамысловага садоўніцтва і асабліва славілася грушамі бэрамі. Духмяныя плады пастаўляліся праз Мінск у Пецярбург і Маскву. Вучоныя аднеслі іх да народнай селекцыі. Сорт завезены ў XVII стагоддзі каталіцкімі манахамі з Заходняй Еўропы і бернардзінцамі слуцкага манастыра выведзена арыгінальная разнавіднасць грушы, якая стала папулярнай і разышлася па мясцовых садах. 

— Мы яе называем бернардзінкай. Пладаносяць дрэвы на працягу стагод- дзя і асобныя даюць да трохсот кілаграмаў груш. Слава пра іх дайшла да Амерыкі. Ад сваіх продкаў ведаю, што напалеонаўскі ваяр Пераль пасля палону застаўся ў нашых мясцінах і заняўся садоўніцтвам. Духмяныя плады прадпрымальны француз праз прыбалтыйскія порты пастаўляў за акіян і там паспяхова прадаваў. 

— Куды збываеце садавіну?

— Большую частку здаем на кансервавы завод. Раней прымалі апад на сок, але ў апошнія гады ўсё складаней збыць ураджай. Мінскія рынкі перапоўнены прадукцыяй з розных рэгіёнаў. Далёка вазіць няма сэнсу. Некалькі гадоў таму з бетону пабудаваў сховішча. Збіраць ураджай дапамагае пляменнік Васіль Кецка, які працаваў пажарным у Салігорску і цяпер на пенсіі. Жыве ў вёсцы Акцябр Салігорскага раёна і прыязджае, каб дапамагаць. Цудоўна, што ёсць дзе захоўваць ураджай. 

Займаюся і вывядзеннем новых сартоў. Высадзіў насенне яблык і з гэтых саджанцаў вывеў два новыя сарты. Яны пазней за іншыя дрэвы зацвітаюць. Сёлета далі першыя духмяныя плады жоўтага колеру, якія не пашкоджваюцца паршою. Іх можна скрыжавать з іншым сортам і атрымаць яшчэ лепшыя плады. Прывозіў з Чэхаславакіі чаранкі яблыні. З Самахвалавіч прывіваў сорт “тапаз”. У маім садзе больш за сотню сартоў пладовых дрэў. Многа розных груш.

— Якія найбольш удалыя?

— Акрамя старых бэр, амаль сорак гадоў пладаносіць “шчадрыноўка”. Слуцкую бэру скрыжоўваў з украінскай бурачковай грушай. Атрымаўся неблагі асенні гібрыд. Ездзіў у Кіеў з саджанцамі груш “хрысціянка”, “маляўчанка”, “эцюд”, “скарб”, “дэкан”, “луіза”. Ім цяжкавата адаптавацца да нашага клімату. Радзіма грушы “хрысціянка” — Прыднястроўе, і яна не вытрымлівае моцных маразоў. А груша “таўрычаская”, якую прывёз з Крыма, дае плады памерам крыху меншыя, але ўсё ж прыжылася, як і рэдкі сорт “аўстрыйская”. У канцы кастрычніка будзем убіраць плады платонаўскай масляністай грушы, якія салодкія і смачныя. Прыжыўся і кізіл. 

— А вішні і слівы ўпрыгожваюць ваш сад?

— Шчодра пладаносіць алыча жоўтая, якую набыў у беларускіх вучоных-садаводаў. Як ні ўхутваў, часта падмярзаў сорт алычы “найдзёна”. Для яго спрыяльны мяккі клімат. Уся гібрыдная алыча паходзіць ад кітайскай слівы. Шмат вішань раней расло па межах сада, але мілівоз знішчыў іх. Пасадзіў плантацыю абляпіхі, і летась аж дрэвы паваліла ад усыпаных пладоў. Сёлета таксама будзе што збіраць. 

Закончым уборку пладоў і з пляменнікам Васілём будзем рыхтаваць дрэвы да зімоўкі. Больш цеплалюбівыя трэба ўхутаць ад маразоў. Зямля ў маім садзе не вельмі ўрадлівая. Зверху чарназём, а далей пясок. Вільгаць у глебе не затрымліваецца. Таму вельмі важна летам паліваць дрэвы. У сучасных садах наладжаны пастаянны штучны паліў, і плады атрымліваюць удосталь вільгаці. Спадзяюся, што мой паслядоўнік Васіль Рыгоравіч наладзіць гэта ў нашым садзе. Вучу яго правільнай абрэзцы дрэў, як некалі ў бацькі і дзеда пераймаў гэты вопыт. Дзядуля Кузьма казаў, каб чужому навучаўся і свайго не цураўся. Так імкнуся жыць. Але бываюць і няўдачы. Стромкую маладую яблыньку не угледзеў, і вяршыню яе ад пладоў разарвала. Дрэўца загінула. Балюча замяняў яго новым саджанцам. 

Пастаянна падтрымліваю сувязь з вучонымі-садаводамі Беларусі і Украіны. Раней часцей ездзіў да родных братоў у Кіеў і яны мяне наведвалі. Пазнаёмілі мяне з украінскімі садаводамі-селекцыянерамі. Часта бываў і ў самахвалавіцкім садзе, дзе беларускія вучоныя выводзяць новыя сарты. Многаму карыснаму вучыўся ў іх. Дрэвы, як жывыя істоты, адгукаюцца на клопат і ўвагу. З кожным годам усё цяжэй спраўляцца з апрацоўкай саду. 

— Пляменнік Васіль Рыгоравіч, напэўна, не адзіны памочнік?

— Яго жонка таксама не чужая ў маім садзе. Сёлета выдаўся сонечны верасень, і без асаблівых цяжкасцей збіраем ураджай. Густы водар ад розных сартоў садавіны. Кашамі носім яблыкі, грушы ў сховішча. У былыя гады сваякі дапамагалі. У нашых Балотчыцах не зводзяцца сады. Вяскоўцы прывозяць з базараў новыя гатункі пладовых дрэў. Маладыя сем’і, што застаюцца жыць і працаваць на вёсцы, упрыгожваюць свае падворкі садовымі дрэвамі. Так што, садоўніцтва ў нашым раёне не згасае.

— Мікалай Дзмітрыевіч, а ў які час года вам прыемней быць у садзе?

— З маленства люблю свой стары сад. У любы час года ён па-свойму прыгожы. Зімою заснежаны і сцішаны. Толькі часам наляцяць сінічкі, пазвіняць тоненькімі галасамі, і зноў усталюецца цішыня. А як чароўна выглядаюць дрэвы у шэрані! Белай квеценню закіпае сад вясною. Зялёнымі шатамі, усыпанымі пладамі красуе да восені. У любы час дарагі сэрцу гэты куточак. 

Мне хутка споўніцца восемдзесят гадоў. Аднаму цяжка заставацца ў вясковым доме. Браты жывуць далёка. Улас святаром у Кіеве. Там і другі мой брат Афоня. Ігнась застаўся ў Падмаскоўі. Шмат сваякоў у слуцкіх вёсках. У кожнага з іх сваё жыццё. Закончацца восеньскія клопаты ў садзе, запануе цішыня сярод дрэў, і адпраўлюся ў ад- дзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, што на ўскрайку Слуцка, у вёсцы Агароднікі. Там цёпла і ўтульна. Свежае харчаванне і медыцынскі догляд. Цудоўныя ўмовы, але кожную ноч у сне буду блукаць па сваім садзе, чакаць вясновай сустрэчы з ім. 

— Ёсць, напэўна, у гэтым садзе і запаветны ваш куточак?

— Кожнае дрэва — гісторыя радаводу Амяльковічаў. Мае продкі спрадвеку жылі на Случчыне і працавалі на зямлі. Побач са старымі грушамі бэрамі, якія некалі садзілі продкі, растуць малодзенькія дрэўцы, што патрабуюць больш пільнага догляду. А якое хараство любавацца садам ноччу, калі праз лістоту на небе ярка ззяе рог месяца! Пачуцці поўняць сэрца. 

Так атрымалася ў маім лёсе, што сад замяніў сям’ю. Мне ўсё ў ім дорага. Вырошчваў саджанцы, выводзіў новыя сарты яблынь і груш, садзіў і памнажаў розныя экзатычныя кусты і дрэвы. Да мяне і зараз едуць за пасадачным матэрыялам з розных куткоў Беларусі. Многія аднавяскоўцы вясною прыходзяць пагля- дзець, як незвычайна красуюць яблыні светла-чырвоным колерам. Раяніраваў для Случчыны сорт абрыкосаў, якія вытрымліваюць нізкія тэмпературы. Абсадзілі імі Балотчыцкі храм. Першымі яны вясною зацвітаюць. Як маладая ў вэлюме красуецца царква. 

— А ці вернецца слава слуцкай бэры?

— Цяжка адказаць станоўча. Мо ў іншых мясцінах праявіць сябе, але побач з салігорскімі руднікамі асуджана на выміранне. Вядомая беларуская селекцыянер-садавод Сібаева задумвала скрыжаваць слуцкую бэру з больш устойлівым да экалогіі сортам, каб не пашкоджваліся плады паршою. Але прыродныя гены слуцкай бэры даволі трывалыя і перадаюцца гібрыдам. Пакуль што эксперымент не ўдаецца. 

— Мікалай Дзмітрыевіч, золатам асенняй лістоты зіхацяць дрэвы. Яшчэ адзін год завяршаецца. Новыя планы з’яўляюцца. Пра што марыце?

— Каб было каму працягваць справу не толькі слуцкіх, але і беларускіх садаводаў. На вялікі жаль, мне не давялося вучыцца. Аграрныя каледжы рэспублікі рыхтуюць такіх спецыялістаў, і ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ёсць такі факультэт. Хочацца спадзявацца, што ёсць каму адрадзіць славу слуцкай бэры.

Уладзiмiр СУБАТ

Слуцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter