Лібералізацыя бізнесу разнявольвае ініцыятыву

Рызыка — справа бяспечная

Магіляўчанка Валянціна Мацукова ўсяго ў сваім жыцці дамагалася сама, але стаць сур’ёзным прадпрымальнікам, пра што марыла доўгія гады, да гэтага часу не атрымлівалася. Шматлікія бар’еры для вядзення камерцыйнай справы пастаянна прымушалі быць асцярожнай, бо яна адна гадавала дзвюх дачок, Вікторыю і Вольгу. На шчасце, зараз, пасля падпісання Прэзідэнтам дакументаў па лібералізацыі бізнесу, многія перашкоды здымаюцца. Валянціна нарэшце без боязі рэгіструе сваю фірму і па-сапраўднаму шчаслівая.


У адрозненне ад большасці сучасных бацькоў у школьныя гады мама зусім не арыентавала Валю на паступленне ў ВНУ, атрыманне вышэйшай адукацыі. Наадварот, маці лічыла, што пракарміць яе дачку зможа толькі якая-небудзь дастаткова простая, зразумелая і запатрабаваная спецыяльнасць: шыць, рабіць прычоскі, клеіць шпалеры і накшталт гэтага. Але хоць “сушыць мазгі” па парадзе маці на той момант дзяўчынка не збіралася, вучылася яна добра і з задавальненнем, большасць прадметаў давалася ёй лёгка. Пасля школы атрымала прафесіі швачкі і прадаўца, пра што пазней ні разу не пашкадавала. Працавала і на вытворчасці, і ў гандлі. Але, вядома, неўзабаве зразумела, што наконт бескарыснасці вышэйшай адукацыі яе арыентавалі няправільна.

Шматлікія важныя падзеі сышліся ў адной кропцы. Яна рана выйшла замуж. Шлюб распаўся, калі дочкі былі яшчэ маленькімі. Нягледзячы на вечную занятасць, менавіта ў гэты час яна стала ўсё часцей задумвацца пра адкрыццё ўласнай справы. Паўдома на вуліцы Чайкоўскага ў раёне Задняпроўя, што належала ёй, пуставала — у другой палове жыла яе маці.

Калі недалёка ад гэтага дома ўзвялі вялікі будаўнічы магазін, Валянціна стала падумваць пра тое, каб на сваім падворку адкрыць міні-кафэ для яго прадаўцоў і наведвальнікаў. На той момант паблізу не было дзе купіць нават прахаладжальныя напіткі. Але калі Валянціна пайшла па чыноўніцкіх кабінетах, ёй далі зразумець, што ўсё не так проста. Для пачатку патрабавалася перавесці сваю частку дома з жылога фонду ў нежылы. Зрабіць гэта было практычна немагчыма — доўга, дорага, мноства бюракратычных перашкод.

Магчыма, яна б і пазмагалася, але побач быў прыклад, які ніяк не назавеш натхняльным. Сусед з яе вуліцы, прайшоўшы мноства інстанцый і дабіўшыся шматлікіх узгадненняў, усё ж такі здолеў адкрыць маленькі магазін у сваім доме, а ўжо праз месяц яго закрылі правяраючыя. Увогуле першая ідэя Валянціны была “пахавана”.

Але хоць з таго часу прайшло нямала гадоў, ёй і сёння крыўдна, што так атрымалася:

— Чаму ў тым жа Кітаі рэстаран адкрываюць па заяўным прынцыпе, а ў нас па найвялікшым дазваленні чыноўнікаў?! Там, напрыклад, не глядзяць, прыгожа ў цябе ці непрыгожа, новае абсталяванне ці старое, нават на чысціню не звяртаюць асаблівай увагі, галоўны крытэрый — каб былі наведвальнікі. Калі гасцям установа падабаецца, значыць, з ёй усё ў парадку. А ў мой бізнес добрыя знаёмыя і грошы былі гатовыя ўкласці, але як я магла рызыкаваць чужым капіталам? А крэдыты ў банках тады амаль не давалі.

Вядома, сёння ўсё зусім па-іншаму. Пасля таго як пералік відаў дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам, дапоўніўся рэалізацыяй прадуктаў харчавання ўласнага прыгатавання, усё змянілася. Валянціна здолела б у наш час лёгка ўвасобіць сваю задумку ў жыццё, хай трохі ў іншай форме. Выпякала б розную смакату — піражкі, булачкі — і прадавала ўсім жадаючым. Але ў тыя гады дзелавыя людзі пра такі просты сцэнарый нават і марыць не маглі. Як і пра тое, да прыкладу, каб на цалкам законных падставах, выплаціўшы адзіны падатак, у статусе фізічнай асобы здаваць жылыя памяшканні на суткі. А зараз і такое стала магчымым. Вось не пайшла б у Валянціны выпечка, аказалася б справа не занадта выгаднай, і хутка пераключылася б на бізнес на “квадратных метрах”. Прынамсі, яе паўдома ў добрым месцы не пуставалі б, не трухлелі.

Зрэшты, яна заўсёды была аптымісткай, і тады, атрымаўшы паражэнне, стала вывучаць перспектывы іншага віду дзейнасці. Было такое: без рэгістрацыі яна шыла дзіцячыя рэчы, вазіла ў Расію, Прыбалтыку, усё карысталася попытам. Але ў далёкіх паездках даводзілася праводзіць тыдні, а маме, якая станавілася ўсё старэй, было цяжка глядзець за яе дзецьмі.

Вырашыла легалізаваць сваю дзейнасць, атрымала пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка, але ў адзіночку і са справаздачамі, і з вырабам прадукцыі, і з рэалізацыяй было цяжка. А наняць яна магла не больш як двух блізкіх сваякоў. Але ніхто з іх разам з ёй не рызыкнуў займацца швейным бізнесам. Прыйшлося закінуць пасведчанне аб рэгістрацыі і наняцца ў рэкламную фірму. Але і гэта, як аказалася, мела свае плюсы. Мацукова атрымала вышэйшую адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова — бліскуча здала ўступныя экзамены, вучылася бясплатна. Стала філолагам.

Пашанцавала і ў тым, што дзякуючы аднаму грамадскаму аб’яднанню ўдалося пабываць за мяжой, павучыцца ў вопытных бізнесменаў. Хацела вярнуцца да “швейнай” ідэі, толькі працаваць не па сваіх эскізах, а па заказах, шыць рэчы з матэрыялаў кліентаў. Але, падумаўшы, астыла. Занадта ўжо шмат перад вачыма было сумнага вопыту: праверкі, закрыццё справы, разарэнне, канфіскацыя тавару:

— Я заўсёды старалася не падстаўляць сваю галаву пад залішне суровыя законы. Магчыма, пакажуся камусьці празмерна асцярожнай, бо ў нашай краіне склалася меркаванне, быццам бізнес наогул немагчымы без рызыкі. Але я з гэтым не згодна. Ніхто ж не асуджае работніка ля станка за дакладнае выкананне правілаў тэхнікі бяспекі, менавіта так і я хачу сябе засцерагчы ад нечаканых узрушэнняў.

Яна вельмі рада, што дачакалася больш спрыяльных часоў: зараз і шыць з матэрыялаў кліентаў можна будзе без рэгістрацыі ІП, проста штомесяц выплачваючы адзіны падатак.

Зрэшты, па прызнанні самой Валянціны, усе ранейшыя просценькія ідэі яна ўжо перарасла і мае намер заняцца больш сур’ёзным бізнесам, шматпрофільным. Якім менавіта, пакуль трымае ў таямніцы, “каб не сурочыць”. Але ўжо падрыхтавала дакументы для рэгістрацыі прадпрыемства. Боязь знікла, яна ўпэўнена ў будучым поспеху — якраз цяпер адмяняюцца ліцэнзіі на многія віды дзейнасці, і праверкі стануць больш абгрунтаванымі.

Акрамя таго, на днях Валянціна даведалася, што ў краіне разглядаюць пытанне льготнага крэдытавання для жанчын на адкрыццё ўласнай справы. Увогуле часы мяняюцца. Займацца бізнесам становіцца камфортна.

Дарэчы, абедзве яе дачкі выраслі, атрымалі прэстыжную эканамічную адукацыю, так што пры неабходнасці ёй будзе з кім развіваць сямейны бізнес.


КАМПЕТЭНТНА

Наталля Макоўская, доктар эканамічных навук, прафесар, загадчык кафедры эканомікі і кіравання Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова:


— Сёння ва ўсім свеце прынята вядзенне сацыяльна адказнага бізнесу, менавіта такі дзякуючы цяперашнім рэформам пачынае зараджацца і ў нашай краіне. Для сацыяльна адказнага бізнесу характэрна, што ўладальнікі фірм і прыватных прадпрыемстваў клапоцяцца пра дабрабыт сваіх работнікаў, ствараюць ім годныя ўмовы працы, а тыя ў сваю чаргу вырабляюць якасныя тавары і паслугі, якія задавальняюць запыты спажыўцоў. Пры гэтым паміж камерсантамі і чыноўнікамі не можа быць канфрантацыі, пры якой яны баяцца адзін аднаго — адны асцерагаюцца завоблачных штрафаў, другія — страты ўлады і ўплыву. Наадварот, і адны і другія павінны “глядзець у адным кірунку”. На чыноўнікаў у першую чаргу трэба ўскласці адказнасць за стварэнне камфортных умоў для бізнесу. Чым больш эканамічнай свабоды, тым лепш для ўсяго грамадства: узрастае здаровая канкурэнцыя, ствараюцца новыя высокатэхналагічныя працоўныя месцы, знікаюць перадумовы для злоўжыванняў і парушэнняў законаў.

Irina_mendeleva@mail.ru

Фота з асабістага архіва Валянціны Мацуковай
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter