Рысы душэўнай прыгажосці

Сярод удзельнікаў IV Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур “Зоры Балтыі” ў літоўскай Паланзе былі і беларускія творчыя калектывы
“Адзвінеў, адшумеў, парадаваў, — казала пасля заканчэння IV Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур “Зоры Балтыі” яго арганізатар, прэзідэнт асацыяцыі “New format” Ніна Шасцернікава. — А мы так хваляваліся, перажывалі, рыхтаваліся. Паланга, як заўсёды, сустрэла нас сонцам, добрым настроем, прыемнымі подыхамі ветра, заварожваючымі гукамі марскога прыбою”. 


Валянціна Снігур з юнымі зоркамі ансамбля “Верасок”

На ўзбярэжжы Балтыйскага мора сваім майстэрствам і талентам радавалі гледачоў творчыя гурты розных нацыянальных аб’яднанняў Літвы. Былі тут армянскі ансамбль песень і танцаў “Hayrenik” з Каўнаса, ансамбль рускай песні “Зорюшка” віленскай школы “Атейтес”, ансамбль песень клуба “Светач” віленскага Дома настаўніка, студыя танцаў “Фантазія”, у рэпертуары якога танцы розных народаў свету. Адкрывалі ж свята беларускія ансамблі песні “Купалінка”, “Лад” і “Верасок” з Клайпеды. Па словах кіраўніка гэтых творчых гуртоў, што працуюць пры беларускай суполцы “Крыніца”, Валянціны Снігур, у фестывалі “Зоры Балтыі” яны ўдзельнічаюць пастаянна. На гэты раз быў разнастайны ўзроставы склад артыстаў. Малодшай спявачцы з дзіцячага ансамбля “Верасок”, напрыклад, усяго пяць гадоў. Дзяўчаты ж з “Ладу” ў сучаснай манеры “драйвовага” спалучэння поп і рок музыкі выканалі сімвалічны гімн роднай краіны “Я люблю Беларусь”.

На незвычайнае па сваёй душэўнасці і прыгажосці свята, у якім нібы ў адзіным цудоўным узоры спалучаюцца яскравыя адценні культур розных народаў, прыехаў і калектыў з Беларусі — фальклорны ансамбль “Грамніцы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Дарэчы, удзел творчых калектываў з краіны-суседкі — гэта ўжо традыцыя. Летась пабываў у Паланзе народны ансамбль фальклорных песень і танцаў з Мінска “Тутэйшая шляхта”, дагэтуль — гурты “Вязынка” Мінскага трактарнага завода, “Дыяс” з Дзяржынска.

За шэсць год свайго існавання “Зоры Балтыі” сталі ўжо своеасаблівым брэндам, сімвалам Палангі. Гэтаксама, як і шматнацыянальны фэст у Гродне, літоўскае свята праходзіць раз на два гады. Дый за ўзор, прызнаецца Ніна Шасцернікава, узяты менавіта беларускі фестываль. “Першыя “Зоры Балтыі” прайшлі ў 2010 годзе на імправізаванай пляцоўцы пад адкрытым небам, недалёка ад марскога пірса, — успамінае спадарыня Ніна. — Гэта была, можна сказаць, эксперыментальная імпрэза. Аднак да нас вельмі прыхільна аднесліся тады кіраўнікі горада Паланга, работнікі аддзела культуры. Вось мы і вырашылі зрабіць гэты фестываль традыцыйным і не горшым, чым у іншых гарадах Еўропы”. 

Арганізатары ж усіх чатырох фестываляў нацыянальных культур — Міжнародная вільнюская асацыяцыя “New format”, Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, Таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”. 

Намеснік старшыні таварыства “Радзіма” Галіна Навіцкая, якая прысутнічала і на папярэдніх фестывалях, адзначае: “З кожным разам свята набірае моц, становіцца ўсё больш прыгожым і яскравым. Мяне, напрыклад, вельмі ўразілі дзяўчаты з танцавальнага ансамбля “Фантазія”, ансамбль рускай песні “Зорюшка”... Заўсёды шматгранна прадстаўлена і беларуская культура: гучаць як фальклорныя, так і сучасныя кампазіцыі”. 

Прыемна назіраць, як пад час фестывалю знаёмяцца паміж сабой удзельнікі розных нацыянальных калектываў, больш даведваюцца адзін пра аднаго, сябруюць. І з упэўненасцю можна сказаць: “Зоры Балтыі” — гэта тое свята, што сапраўды злучае народы. 

Кацярына Мядзведская


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter