Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра АНІСІМАВА прадставіць канцэртнае выкананне «Паяцаў»

Ірынін дзень з аркестрам

«Паяцы» — адна з самых вядомых і выконваемых опер італьянскага кампазітара Руджэра Леанкавала. Ёй ужо больш за 120 гадоў, і за гэты час знакаміты сюжэт абышоў ці не ўсе сцэны свету. Запамінальныя мелодыі, яркія вобразы, каханне і рэўнасць, смех і слёзы, разбітыя сэрцы і гібель прыгажуні Неды… 10 сакавіка ўсе гэтыя бурныя страсці разгарацца зноў — на сцэне Белдзяржфілармоніі. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра АНІСІМАВА (на здымку) прадставіць канцэртнае выкананне «Паяцаў» і, трэба меркаваць, як заўсёды, мае чым здзівіць публіку. 


— Аляксандр Міхайлавіч, у чым прычына вашага звароту да такога вядомага твора, які да таго ж зусім нядаўна быў пастаўлены ў нашым оперным тэатры?

— Стала традыцыяй, што наш аркестр раз у год прадстаўляе ў канцэртным выкананні класічныя оперы. Паказвалі «Аіду», «Тоску», «Мадам Батэрфляй», «Іаланту»... «Паяцы» — даўняя наша мара, да якой мы запланавана ішлі. І, разумеючы, што ў суседзях у нас такая сур’ёзная ўстанова, як Вялікі тэатр, вядома, пастараемся прапанаваць публіцы сваё прачытанне гэтай оперы. Наогул, наш зварот да опернага жанру мае шэраг прычын. Па-першае, ёсць знатакі вакалу, якім падабаецца выкананне, вольнае ад афармлення спектакля і рэжысуры. Па-другое, як правіла, мы запрашаем вядомых салістаў, незнаёмых Мінску. Па-трэцяе, і гэта, на мой погляд, вельмі важна, — у оперным спектаклі магчымасці аркестра часам абмежаваныя, бо аркестравая яма месціць пэўную колькасць музыкантаў. А наша выкананне звычайна з аркестрам у поўным складзе. Пры гэтым не ў яме, а на сцэне, што надае гучанню асаблівы і дадатковы эфект.

— Каго пачуем у галоўных партыях у «Паяцах»?

— Дэбютаваць у Мінску будуць тры салісты. Гэта італьянскі тэнар Франчэска Аніле, маскоўскі барытон, саліст тэатра «Новая опера» Анджэй Бялецкі і яшчэ адзін барытон, саліст Самарскай оперы Георгій Цвяткоў. Да гэтай каманды далучыцца наш вядомы тэнар Юрый Гарадзецкі і знакамітая ра-сійская спявачка Ірына Крыкунова. Гэтым вечарам яна адзначыць 10-годдзе супрацоўніцтва з нашым аркестрам. Па сутнасці, гэты канцэрт — яе бенефіс. І акрамя «Паяцаў» у выкананні ўсёй выдатнай пяцёркі артыстаў у ім прагучыць яшчэ і дывертысмент оперных хітоў.

— Ірына Крыкунова — імя ў оперным свеце.

— Безумоўна. Яна з поспехам і многа выступае ў Расіі і ў лепшых канцэртных залах за мяжой: у Германіі, Англіі, Іспаніі, Францыі, Польшчы, Славакіі, Латвіі, ЗША... Мы шмат з ёй супрацоўнічалі ў Растоўскай, Пермскай, цяпер вось у Самарскай оперы, дзе яна — салістка, а я ўжо чатыры гады галоўны дырыжор. У нашай краіне Ірына Крыкунова дэбютавала ў 2005-м у канцэртным выкананні яшчэ адной оперы — «Валькірыі» Рыхарда Вагнера, дарэчы, раней тут гэты твор не гучаў ніколі. З тых часоў супрацоўніцтва спявачкі з нашым аркестрам працягваецца. За гэтыя дзесяць гадоў у Мінску ў Ірыны з’явілася свая публіка, якая яе любіць і чакае. Сёння мы лічым яе салісткай нашага аркестра. Калі запрашаем яе на той ці іншы твор, ведаем, што так, як яна, яго наўрад ці хто выканае. І калі Ірыне даво-дзіцца выбіраць сярод некалькіх прапаноў, то ў першую чаргу яна разглядае нашы.

— З партыяй Неды Ірына Крыкунова ў свой час дэбютавала на вялікай опернай сцэне ў Растове...

— І потым выконвала яе не раз у іншых тэатрах. Гэта вельмі няпростая партыя. У оперы «Паяцы» толькі адзін акт, не чатыры, як, напрыклад, у «Аідзе», таму салістцы значна больш складана паказаць усе свае магчымасці. Акрамя таго, за кароткі час ёй трэба праявіць сябе і трагічнай, і камічнай актрысай. Там жа ў сюжэце оперы – «тэатр у тэатры», героі разыгрываюць камедыю і яна сплятаецца з іх сапраўднай жыццёвай драмай. Ірына робіць гэта выдатна. А Каламбіну іграе проста раскошна. Яна ўвогуле чалавек з добрым пачуццём гумару і, хай на мяне не крыўдзяцца вакалісты, з невакальным інтэлектам, да кансерваторыі закончыла тэхнічны універсітэт.

Ірына КРЫКУНОВА і  Аляксандр АНІСІМАЎ.

— «Паяцы» не адзіная вясновая прэм’ера аркестра?

— Так, учора выканалі араторыю «Іван Грозны» Сяргея Пракоф’ева, яе тут ніколі не ігралі ці ігралі вельмі даўно. Хутка — «Паяцы». 22 сакавіка ўдзельнічаем ва ўрачыстым вечары, прысвечаным 80-годдзю ўладыкі Філарэта. Рыхтуем таксама праграмы да 175-годдзя Чайкоўскага. Чакаюцца замежныя гастролі па нашым традыцыйным маршруце — Іспанія, Італія, Швейцарыя.

Iрына СВIРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter