Рупліўцы з “Роднага слова”

Гэты часопіс задумваўся як дапаможнік для настаўнікаў, а стаў папулярным у шырокіх колах чытачоў, у тым ліку і за межамі БеларусіНа пачатку 90-х, калі і мне пашчасціла глыбей спазнаваць родную мову, працуючы ў часопісе “Роднае слова”, рэдакцыя толькі “брала разгон”. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, прыняцце Закону аб мове быццам крылы далі ўсім, хто быў далучаны да важнай справы. У кароткі тэрмін тыраж часопіса, падхопленага хваляй нацыянальнага адраджэння, перасягнуў 13 тысяч экзэмляраў. Настаўнікі, студэнты педуніверсітэтаў, пісьменнікі, гісторыкі, мастацтвазнаўцы жыва цікавіліся тым, як жыве роднае слова. Вядома ж, ранейшая назва выдання “Беларуская мова і літаратура ў школе”, якое задумвалася за савецкім часам пад дахам часопіса “Народная асвета” як навукова-метадычны дапаможнік для настаўнікаў мовы і літаратуры, педагогаў вну, станавілася цеснай — бы адзенне для пераростка. Таму і была падтрымана ў Мінадукацыі, Мінінфармацыі прапанова рэдактыву, тагачаснага галоўнага рэдактара Міхася Шавыркіна: часопіс стаў “Родным словам”.
Пад час наведвання рэдакцыі часопіса “Роднае слова” міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам Гэты часопіс задумваўся як дапаможнік для настаўнікаў, а стаў папулярным у шырокіх колах чытачоў, у тым ліку і за межамі Беларусі

На пачатку 90-х, калі і мне пашчасціла глыбей спазнаваць родную мову, працуючы ў часопісе “Роднае слова”, рэдакцыя толькі “брала разгон”. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, прыняцце Закону аб мове быццам крылы далі ўсім, хто быў далучаны да важнай справы. У кароткі тэрмін тыраж часопіса, падхопленага хваляй нацыянальнага адраджэння, перасягнуў 13 тысяч экзэмляраў. Настаўнікі, студэнты педуніверсітэтаў, пісьменнікі, гісторыкі, мастацтвазнаўцы жыва цікавіліся тым, як жыве роднае слова. Вядома ж, ранейшая назва выдання “Беларуская мова і літаратура ў школе”, якое задумвалася за савецкім часам пад дахам часопіса “Народная асвета” як навукова-метадычны дапаможнік для настаўнікаў мовы і літаратуры, педагогаў вну, станавілася цеснай — бы адзенне для пераростка. Таму і была падтрымана ў Мінадукацыі, Мінінфармацыі прапанова рэдактыву, тагачаснага галоўнага рэдактара Міхася Шавыркіна: часопіс стаў “Родным словам”.
“987” — доўгі час у пад’ездзе дома па праспекце Пераможцаў, дзе і цяпер месціцца рэдакцыя, гэтыя лічбы былі кодам для ўваходу. І ў кожны нумар часопіса мы давалі напамін для тых, хто хацеў з’явіцца ў рэдакцыю асабіста: “Помніце нашага стварэння год — гэта і будзе ўваходны код”. Вядома ж. многія памятаюць і ведаюць: гэта год 1987-ы… Прычым што важна: за 25 год выйшла якраз 300 нумароў, па 12 на год. А гады бывалі і вельмі няпростыя, і цяпер рэдакцыя працуе без дзярждатацый.
Шмат перамянілася з 90-х, хоць некаторыя ранейшыя раздзелы ацалелі. Яно і зразумела: мова, адукацыя любяць разважлівых, нават крыху кансерватыўных рупліўцаў. З былых супрацоўнікаў — толькі мовазнаўца Ларыса Сагановіч у штаце рэдакцыі, хутка ўжо 20 гадоў. Ёй прыемна, што і дочкі Юлія ды Яна, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, далучаны да роднай мовы: першая працуе ў Купалаўскім музеі, другая — у Педуніверсітэце імя Максіма Танка. Згадваючы, як рэдакцыю раней наведвалі час ад часу настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з Беласточчыны, я пацікавіўся ў Ларысы: ці ёсць цяпер сувязі з беларусамі замежжа? І даведаўся, што ў ліку аўтараў — педагог з Беларускай школы ў Вільнюсе Алена Базюк, яна і выпісвае часопіс. Ідзе выданне і ў Швейцарыю, там падпісчык — даўні верны сябар “Роднага слова” Моніка Банькоўскі-Цюліг, якая самастойна асвоіла беларускую мову. Ёсць і іншыя сябры ў замежжы.
Зоя Падліпская, цяперашні галоўны рэдактар “Роднага слова”, сама дачка настаўніка, ветэрана вайны і паэта ў адной асобе. Доўгі час працавала настаўніцай у Слуцку, вядома і як паэтэса, аўтар зборнікаў. Працягваючы размову аб выхадзе часопіса на новыя аўдыторыі, пра запатрабаванасць яго ў беларусаў замежжа, яна сказала важную рэч. Аказваецца, з мінулага года выданне “ўключана ў міжнародны каталог для падпіскі ў Расіі, Польшчы, Літве, Латвіі, ва Украіне, у Казахстане, Германіі, Венгрыі, Балгарыі, Славакіі, ЗША, Канадзе”. Як лічыць Зоя Іванаўна, гэта будзе толькі на карысць справе пашырэння і развіцця роднай мовы. Падпісчыкі ёсць ужо ў Германіі. Часопіс можа стаць карысным памочнікам у беларускіх суполках па ўсім свеце, асабліва там, дзе арганізаваны і працуюць нядзельныя класы ці беларускія школы. Калі яшчэ можа ён спатрэбіцца суайчыннікам? Як рыхтуюцца імпрэзы ў гонар знакамітых пісьменнікаў. Летась выйшла тры нумары “РС”, прысвечаныя Янку Купалу, Максіму Танку, Якубу Коласу. Рыхтавалі часопісы з разлікам, каб падпісчыкі атрымалі іх за месяц да юбілеяў, адпаведна ў чэрвені, жніўні, кастрычніку.
“Роднае слова” — знакавае выданне і для тых, хто цікавіцца культуралогіяй. Цяпер у часопісе пяць раздзелаў: “Літаратура і час”, “Мовы рысы непаўторныя”, “Нацыянальная і сусветная культура”, “Методыка і вопыт”, “Калі закончыўся ўрок”. “Мне прыемна сказаць, што сярод нашых аўтараў ёсць не толькі айчынныя вядомыя знаўцы літаратуры, мовы, культуры, мастацтва, але і вучоныя Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Балгарыі, Славакіі, Казахстана і нават Кітая, — пахвалілася Зоя Іванаўна. — З намі супрацоўнічаюць лепшыя настаўнікі краіны, якім ёсць чым падзяліцца з калегамі. У рэдакцыйным партфелі сотні матэрыялаў, і кожны дзень атрымліваем новыя рукапісы”.
Важныя імпульсы для пашырэння роднага слова ў свеце дае і тое, што цяпер рэдакцыя мае сайт у інтэрнэце, атрымала ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць. У верасні 2011-га “роднасловаўцы” падрыхтавалі першую кнігу з серыі пра старажытныя беларускія роды “Я — сын Ваш: Летапіс беларускай шляхты” вядомага ўжо аўтара, сёлетняга лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Анатоля Статкевіча-Чабаганава. “Наш выдавецкі старт быў вельмі ўдалым , —дзеліцца Зоя Падліпская. — Першы том “Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”. Карафа-Кобруты герба “Корчак” выйшаў у шыкоўным паліграфічным выкананні. Гэткі каштоўны фаліянт амаль на 600 старонак. Кніга цяпер вельмі запатрабавана, выйшаў і другі том з гэтай серыі. Прычым абедзве кнігі пайшлі ў бібліятэкі розных краін: напрыклад, у Расійскую нацыянальную бібліятэку (г. Санкт-Пецярбург), Расійскую дзяржаўную бібліятэку (г. Масква), Дзяржаўную публічную гістарычную бібліятэку Расіі (г. Масква), у нацыянальныя бібліятэкі Літвы, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Славеніі, Сербіі, Славакіі, Венгрыі і іншыя. І дзякуючы гэтаму праекту беларускае слова знаходзіць усё больш прыхільнікаў па ўсім свеце”.

Іван Ждановіч

На здымку:
Пад час наведвання рэдакцыі часопіса “Роднае слова” міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter