Рублі і калючкі

Самыя дарагія ялінкі гэтай зімой будуць прадаваць у Віцебску

Самыя дарагія ялінкі гэтай зімой будуць прадаваць у Віцебску, а самыя танныя — у Магілёве.

У Віцебску навагоднія прыгажуні ў залежнасці ад вышыні ў сярэднім абыдуцца ў 60—300 тысяч рублёў, у Магілёве — у 37—138 тысяч рублёў.

У Мінску за ялінку «ростам» да метра ў сярэднім прыйдзецца выкласці 44 тысячы. Двух-трохметровыя прыгажуні ў сярэднім абыдуцца ў 56—71 тысячу, а варыянты ў тры-пяць метраў пацягнуць на 147—241 тысячу. Калі параўноўваць з мінулым годам, то метровая елка падаражэла на 11 тысяч.

— Працаваць ёлачныя базары па ўсёй краіне пачнуць 22—23 снежня, — расказвае Ружэна Навіцкая, прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі. — У Мінску 23 снежня адкрыюцца 10 агульнагарадскіх ёлачных базараў.

Зазначым, што напярэдадні навагодніх свят кантроль за лясамі ўзмацніцца. Павялічыцца колькасць рэйдавых праверак, на рэспубліканскіх дарогах з’явіцца 300 дадатковых кантрольных пунктаў. Браканьераў чакае штраф ад 650 тысяч да 6 з паловай мільёнаў рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter