Шануюць традыцыі продкаў у глыбінцы. Раскажам пра тых, хто рупіцца пра іх пераемнасць, пра адну з вясковых школаў Асіповіччыны

Роднае — прыгожае

Шануюць традыцыі продкаў у глыбінцы. Раскажам пра тых, хто рупіцца пра іх пераемнасць, пра адну з вясковых школаў Асіповіччыны


Традыцыі вышывання перадаюцца ў Осаве з рук у рукі
Фота: Ірына Аляксандрава

Звыкліся мы, што народныя традыцыі — гэта пераважна спевы-танцы ў сцэнічнай апрацоўцы альбо прадметы ў музейнай экспазіцыі. Яно і зразумела: усюды — сучасныя рытмы, істотна ўплываюць на лад жыцця сродкі камунікацыі, модныя павевы… Каб застацца самім сабою, зберагчы этнакультурны код, трэба з маленства “выкупацца” ў непаўторнай духоўна-культурнай плыні свайго роду. Але ці кожны з нас можа пахваліцца, што меў у жыцці такое “хрышчэнне беларускім духам”?

Шмат тут, безумоўна, залежыць і ад сям’і. Але ж і ад мясцовасці, дзе праходзіць маленства — таксама. Бадай, у кожнай з іх ёсць адметнаць: толькі разгледзь. Неяк у рэдакцыю зайшоў харэограф, этнограф Мікола Котаў. Дзяліўся ўражаннямі пасля паездкі на Магілёўшчыну, у вёску Осава. Там, пад Асіповічамі, жывуць яго сябры-фотамастакі Ірына Аляксандрава і Яўген Бардукоў. “Людзі адметныя: пераехалі жыць з Мінска ў глыбінку: купілі хату, маюць паўгектара зямлі, — удакладніў Мікола Конанавіч. —  І яны ўжо там не чужыя! Зрабілі цудоўны фотаальбом “Асіповічы”, удзельнічаюць у міжнародных выставах. Сумесна мы рабілі выставу “Традыцыі беларускага народа ў фотаздымках. Жыткавіцкі раён” — пра тое, дарэчы, пісала і ваша газета. Фотаздымкі вялікія, на іх — абрады народныя: прыгожыя, аўтэнтычныя. Можна разгледзець і дэталі на святочнай выпечцы, і ўзоры на строях, ручніках, на велікодных яйках-пісанках…” Пазней, па словах Міколы, яго сябры па замове Столінскага райвыканкама зрабілі падобную выставу і ў тым рэгіёне: Ірына з Яўгенам запрашалі яго да працы як кансультанта па абрадах, традыцыйнай культуры.


Традыцыі калядоўшчыкаў пераймае осаўская моладзь
Фота: Ірына Аляксандрава


Па словах Міколы Котава, былым мінчанам у Осаве падабаецца: вакол лясы, у якіх у сезон шмат грыбоў. Бульбу садзяць, агарод робяць: гародніна ўся свая. Лазня пры хаце. У гаспадарцы два каты і два сабакі. Як вядома, камфортна жывецца там, дзе людзі — культурныя, паважаюць традыцыі продкаў. А таму спрыяюць у Осаве мясцовыя педагогі. Мікола Котаў завітаў у школу, якая знаўцу народнай культуры вельмі спадабалася: “Бываў у розных — а такую ўпершыню пабачыў! Там створаны такі вучэбна-педагагічны комплекс: Осаўскі дзіцячы сад і базавая школа. Сябры, дарэчы, рабілі ў школе фотаздымкі, прапанавалі й мне паглядзець, як цікава там “упісалася” матэрыяльна-духоўная спадчына продкаў у навучальна-выхаваўчы працэс”.

Осава — невялікая вёска, а на традыцыі багатая. “У школу пайшлі з Ірынай, і толькі зайшоў я — адчуў сябе нібы ў бацькоўскай хаце! — гараць вочы Міколы. —Там вельмі ўтульна і прыгожа. Своеасаблівую, свойскую атмасферу ствараюць і кветкі жывыя, якія там растуць, і ручнікі: тканыя ды вышываныя. У народным стылі аформлены і класы, якія мне паказвалі. А якія прыгожыя, жывыя, цёплыя вочы бачыў — і настаўнікаў, і вучняў, і нават тэхнічных работнікаў. Бадай, яны там — самае галоўнае”.


Дырэктар школы Людміла Жукава і яе выхаванцы

З наводкі Міколы Котава я пазваніў дырэктарцы школы, Людміле Сяргееўне Жукавай. Цікава было даведацца: былая выпускніца 3-й асіповіцкай школы і вну прыехала калісьці працаваць настаўніцай гісторыі ў невялічкую Дзераўцоўскую школу. І яна ж, адгукнуўшыся на просьбы вяскоўцаў, кіравала адначасова будаўніцтвам, калі ўзводзілася новая. Прычым будавалі школу так званым гаспадарчым спосабам, у цяжкі для краіны час: у 92-м пачалі, а ў 94-м Осаўская школа адчынілася. Увогуле Людміла Жукава ў Осаве працуе больш за 35 гадоў, цяпер у школе 46 вучняў і 12 выхаванцаў у дзіцячым садзе.

“Адчуваецца там: настаўнікі і вучні зносяцца між сабою — ну проста як родныя бацькі й дзеці ў вялікай сям’і! — не хавае захаплення фалькларыст. — Мяркую, праз жыватворную далучанасць да народных традыцый і прасвятляюцца душы як саміх педагогаў, так і выхаванцаў іх… У розных пакоях, куды б ні заходзіў, усё афармленне — у народным стылі, усюды прадметы народнага побыту: самапрадкі, ступы, драўлянае карыта бачыў... А якія прыгожыя народныя строі — пэўна, з бабуліных куфроў дастаныя — там вісяць! Як жаночыя, так і мужчынскія. Сарочкі, паясы, ручнікі…”

У фалькларыста былі цікавыя размовы з настаўніцамі, дырэктаркай: і дамовіліся супрацоўнічаць! Педагогі прызнаваліся: мы не гуляем у “народнае”, як часам бывае. Мы ўсім гэтым самі жывём, і талакою ўсё робім. Народныя святы ў Осаве хораша адзначаюць, часцей —  на школьным двары, прычым і вяскоўцаў іншых запрашаюць. А Купалле святкуюць на беразе мясцовага возера. Вось так вакол школы і віруе культурнае жыццё. З актывістак, якія ладзяць святы, хвалілі Таццяну Іванаўну Чэпік, намесніцу дырэктаркі. А ўдзельнічаюць у святах, абрадах усе, нават тэхнічныя работнікі. Шмат у школьным кнігазборы сцэнараў святаў, кніг, дапаможнікаў — ёсць адкуль браць матэрыялы. Моцныя, плённыя сувязі ў школы з мясцовай аграгаспадаркай. Школьная творчая брыгада штогод дапамагае хлебаробам прыгожа зрабіць Зажынкі, ці Дажынкі адсвяткаваць. А ўлетку ў школе — працоўны лагер: школьнікі дапамагаюць дарослым на мясцовым зернатаку.


Школьнікі вучацца рабіць прыгажосць сваімі рукамі

Расказала Людміла Сяргееўна, што ў школе развіваецца і валанцёрскі рух. Вучні —  сярод лідараў такія хлопцы, як сямікласнікі Васіль Мамановіч, Ілья Дзятлаў — ходзяць да ветэранаў вайны і працы, вяскоўцаў паважанага веку. Валанцёры — памочнікі ў дамашняй гаспадарцы: могуць дроў прынесці, у хаце прыбраць, нешта зрабіць па агародзе, у краму схадзіць. Такім чынам гарманічна ладзіцца сувязь пакаленняў: юныя вучацца быць працавітымі, спагадлівымі, міласэрнымі. І жыццёвую мудрасць старэйшых пераймаюць.

Дырэктарка школы ганарыцца, што ў яе педкалектыве амаль кожны трэці — выпускнік мясцовай школы. Увогуле ж людзі ў Осаве — таленавітыя, працавітыя. Старшынямі калгасаў працавалі Іван Васільевіч Пінчук і яго брат, а Мікалай Яўхімавіч Гладкі, закончыўшы Маскоўскі дзяржуніверсітэт імя Ламаносава, працаваў у ім вучоным сакратаром. Вучням як прыклад мужнасці — выпускнікі школы Сяргей Шпак ды Сяргей Фурс: яны выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, вярнуліся з вайны з медалямі “За адвагу”. А да прыгожага слова далучаюць юных вяскоўцаў вершы былой настаўніцы пачатковых класаў Марыі Паўлаўны Цімінскай, пабачыла свет яе кніга паэзіі “На струнах маёй душы”.

Вось як плённа традыцыі, народная культура працуюць ў Осаўскай школе. Дарэчы, у размове з Міколам Котавым, а пазней і з Людмілай Жукавай мы разважалі: можа б Міністэрству культуры сумесна з Міністэрства адукацыі праводзіць агляды-конкурсы на званне “Школа высокай народнай культуры”? З прысваеннем дыпломаў, каштоўных падарункаў. Дарэчы, Осаўская школа, якая пачыналася з Дзераўцоўскай, у 2012-м адзначала стогадовы юбілей, і багаты досвед тамтэйшых педагогаў-рупліўцаў, безумоўна, варты пераймання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter