Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Госці з літоўскай Клайпеды павіншавалі з 96-годдзем Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Разам з сябрамі

Амаль 40 гадоў таму ледзь не стаў студэнтам Белдзяржуніверсітэта цяперашні Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе, старшыня беларускай суполкі “Крыніца” Мікалай Логвін. Аднак жаданне быць мараком аказалася мацнейшым, і ён закончыў Ленінградскую дзяржаўную марскую акадэмію імя Макарава. І ўсё ж такі да вядучай беларускай вну захаваліся ў сэрцы Мікалая Аляксеевіча вельмі цёплыя пачуцці. А некалькі гадоў таму клайпедскія беларусы пасябравалі з артыстамі заслужанага ансамбля танца БДУ “Крыжачок”. Беларускі гурт два разы ўдзельнічаў у Днях нацыянальных культур літоўскага горада. Цяпер жа павіншаваць Беларускі дзяржўніверсітэт з днём нараджэння ды сустрэцца з сябрамі ў Мінск прыехалі клайпедчане.

У святочным канцэрце да 96-годдзя Белдзяржуніверсітэта на адной сцэне з “Крыжачком” выступілі дзіцячы ансамбль танца БДУ “Літарынка” і вакальны ансамбль “Лель” з Клайпедскага гарадскога моладзевага цэнтра.

У Мінск з Клайпеды прыехалі таксама дырэктарка Цэнтра нацыянальных культур горада Алена Буткявічэне і кіраўніца праектаў Таццяна Конанава. Яшчэ да пачатку канцэрта яны сустрэліся з дырэктаркай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгай Антоненкай і падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж установамі. Такая ж дамова была заключана паміж РЦНК і беларускай суполкай “Крыніца” горада Клайпеды.

Карына Аляксандрава

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter