Разам дасягаць мэтаў

Уражаннямі ад V Усебеларускага народнага сходу дзеляцца прадстаўнікі беларускіх суполак замежжа
У сёлетнім народным сходзе ў якасці ганаровых гасцей удзельнічалі лідары замежных суполак, суайчыннікі з Арменіі, Ізраіля, ЗША, Казахстана, Малдовы, краін Прыбалтыкі, а таксама Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Вялікага Герцагства Люксембург. Сярод іх былі такія вядомыя людзі, як ураджэнцы Беларусі — касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Антон Наумавец, намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ па абароне і бяспецы Франц Клінцэвіч, дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ, старшыня праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі, старшыня рады Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч і іншыя.


Пра справы беларусаў Польшчы з трыбуны форуму расказваў Базыль Сегень

Выступаючы з трыбуны форуму, намеснік старшыні праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Базыль Сегень расказаў, чым жывуць беларусы Польшчы, як захоўваюць “беларускасць” і вучаць дзяцей не губляць сувязь з Радзімай. У Польшчы працуюць беларускія школы, ліцэі, існуе шмат аматарскіх творчых калектываў, пісьменніцкія і мастацкія аб’яднанні. Паведаміў ён і пра жаданне вярнуцца да былой практыкі — прыёму ў беларускія вну моладзі з ліку беларускай нацыянальнай меншасці па льготнай квоце. Акрамя таго, Базыль Сегень лічыць, што неабходна праводзіць работу па развіцці зацікаўленасці і стварэнні ўмоў для вывучэння беларускай мовы беларусамі замежжа. Яшчэ, казаў ён, беларусы Польшчы маюць цесныя кантакты з установамі культуры Беларусі, атрымліваюць з Радзімы касцюмы, музычныя інструменты, інфармацыйныя і метадычныя матэрыялы. Па заканчэнні V Усебеларускага народнага сходу падзяліліся ўражаннямі многія замежныя госці: 

Старшыня Праўлення рэ­гі­я­нальнай грамадскай аргані­зацыі “НКА беларусаў Томскай вобласці” Любоў Адаскевіч, Расія, г. Томск:

— Калі слухала выступленні дакладчыкаў, а сярод іх — студэнты, настаўнікі, прадпрымальнікі, вяскоўцы, вельмі ганарылася роднай краінай. Беларусь нават у гэты няпросты час крочыць наперад: Развіваюцца нана- і ІТ-тэхналогіі, сельская гаспадарска, ўкараняюцца новыя падыходы ў адукацыі. Важна, што ў народным сходзе ўдзельнічаюць людзі розных прафесій, узростаў, канфесій. І кожны, адчуваецца, важны для краіны. 

Старшыня Паўладарскага абласнога грамадскага аб’яд­нання “Культурны цэнтр “Беларусь” Любоў Богнат, Казахстан, 

г. Паўладар:

— У справаздачы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўсё было пабудавана лагічна, дакладна. На мой погляд, з’явілася паслядоўнасць у развіцці краіны. Беларусь сапраўды выбрала свой шлях. У апошні час да краіны значна змяніліся адносіны ў свеце: яе ўспрымаюць як незалежную, суверэнную, міратворчую дзяржаву. Ганаруся! Беларускі народ працавітасцю, талерантнасцю заслужыў пашаны да сябе. Хацелася, каб і далей суайчыннікі з любоўю ставіліся да роднай зямлі, шанавалі яе сваёй працай і поспехамі. 

Кіраўнік беларускага фальклорнага ансамбля “Дзяўчаты” Ніна Пээрна, Эстонія:

— Для мяне, як педагога, было цікава слухаць пра сістэму адукацыі, выданне новых падручнікаў. У Беларусі распрацоўваюць даведнікі па ўсіх прадметах. І робіцца гэта ў інтарэсах вучняў. Спадабаліся словы Прэзідэнта пра Беларусь як міратворчую дзяржаву. Сапраўды, беларусы — самы міралюбівы народ.





Старшыня Праўлення рэгія­наль­най грамадскай арганіза­цыі “НКА “Беларусы Масквы” Аксана Солапава, Расія,г. Масква:

— Беларусь шмат увагі надае супрацоўніцтву з суайчыннікамі за рубяжом. Гэта — вялікая сістэмная праца. Для нас — вялікі гонар пабываць на такім грандыёзным мерапрыемстве. Мы радуемся поспехам Радзімы, перажываем цяжкасці. Слушным было паведамленне кіраўніка дзяржавы аб рэфармаванні вышэйшай адукацыі: трэба не толькі нешта змяняць, але і захоўваць лепшае. І ў гэтым, лічу, выява характару беларускага народа: прымнажаць, не марнуючы таго, што ёсць. 

Старшыня Праўлення рэгія­наль­най грамадскай аргані­за­цыі “НКА “Беларусы Югры” Сяргей Бандарэнка, Расія, г. Сургут:

— Прысутнічаў на трэцім па ліку народным сходзе. Прыемна адзначыць, што словы Прэзідэнта Лукашэнкі не разыходзяцца са справамі. Усё, што намячалася на папярэдніх сходах, выконваецца. Шукаем кропкі сутыкнення з Беларуссю і мы, беларусы Югры. Паміж Сургутам і Гомелем існуюць пабрацімскія сувязі. “Сургутнафтагаз” паспяхова і на працягу доўгага часу супрацоўнічае з “Белнафтахімам”, 

МАЗам. Заўважу: кожны раз, кажучы пра Расію, Аляксандр Рыгоравіч дадаваў: “брацкі народ”. Ад’язджаю з Беларусі з упэўненасцю: курс краіны ў адносінах да Расіі не мяняецца.

Кіраўнік славянскай дыяспары Флорын Чурук, ЗША, г. Сакрамента, штат Каліфорнія:

— Я ўражаны: краіна развіваецца, квітнее. Беларусь — сапраўды жамчужына Еўропы. У Амерыцы ў 1960 годзе прэзідэнт Кенадзі казаў: не пытайце, что краіна можа зрабіць для вас, пытайце, что вы можаце зрабіць для краіны. У беларускага лідара вялізныя планы. І ён прасіў, каб усе працавалі з ім разам дзеля будучыні, росквіту. Беларусы замежжа, дзе б хто ні жыў, павінны дапамагаць Беларусі, спрыяць наладжванню новых кантактаў, сувязяў. 

Старшыня рады ФНКА “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч, Расія, г. Масква:

— Так, народны сход прайшоў, але эмоцыі, перажыванні, хваляванні застануцца яшчэ надоўга. Рашэнні, што прыняты, будуць абмяркоўвацца ў калектывах, сем’ях. Адзначу, што прыярытэты вызначаны дакладныя, рэальныя. Да іх краіна ўжо падрыхтаваная. Беларусы Расіі, у сваю чаргу, таксама будуць спрыяць росквіту Радзімы. Ужо наладжаны пабрацімскія сувязі паміж 80 рэгіёнамі дзвюх краін. Будзем і далей праводзіць выставы, кірмашы, рэалізоўваць разнастайныя культурныя і эканамічныя праекты. 

Старшыня праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі, Польшча, г. Беласток:

— Я ўдзельнічаў ва ўсіх пяці сходах. Падабаецца сама ідэя мерапрыемства, яго фармат: збіраюцца разам людзі — гаспадары краіны, размаўляюць аб справах, абмяркоўваюць сацыяльныя, палітычныя пытанні, кірункі эканамічнага развіцця. Разам імкнуцца вырашаць цяжкасці.

Кацярына Мядзведская


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter