Радок, абарваны куляй

Знаёмыя твары, знаёмыя імёны пісьменнікаў. Дзесьці ў сэрцы жывуць творы шмат каго з іх, як і яны самі. У будынку Саюза пісьменнікаў на стэндзе побач з фотаздымкамі сціплыя словы: “Яны змагаліся за Радзіму. 1941—1945”. Тут жа быццам бы гучыць голас паэта-франтавіка Пімена Панчанкі: “Слава вам, адважныя салдаты Самай страшнай і святой вайны!”.
Знаёмыя твары, знаёмыя імёны пісьменнікаў. Дзесьці ў сэрцы жывуць творы шмат каго з іх, як і яны самі. У будынку Саюза пісьменнікаў на стэндзе побач з фотаздымкамі сціплыя словы: “Яны змагаліся за Радзіму. 1941—1945”. Тут жа быццам бы гучыць голас паэта-франтавіка Пімена Панчанкі: “Слава вам, адважныя салдаты Самай страшнай і святой вайны!”. Чуюцца, чуюцца дзесьці крокі; не, мусіць, гэта б’ецца сэрца, гучыць, як тыя крокі нябачных салдат. Яны заўсёды на пасту. Прымі, чытач, некалькі аповедаў пра гэтых цуд-людзей. Крынічная чысціня Добры, адкрыты твар з тонкім, па-юнацку прыгожым авалам. Задуменны позірк – лаўлю ў ім хітрынку і яшчэ штосьці вясёла-гарэзлівае. Здаецца, апанаваны ўласнымі думкамі. Так здаецца, калі глядзіш на адну з фатаграфій Мікалая Сямашкі. Але маўчыць паэт. І толькі ўяўленне малюе тое, аб чым ён абавязкова расказаў бы. І, вядома ж, гэта былі б яго вёска Барылы, што на слаўнай Полаччыне, дзе ён нарадзіўся; ціхія, разбуджаныя сонцам дубровы; сінія азёркі – з вясны ў лугах; выхаджаныя прасекі з рамонкам і пыльным трыпутнікам, а галоўнае – сустрэчы, сустрэчы з людзьмі... Пабываў і я калісьці ў гэтых мясцінах, прайшоў гэтымі дарогамі, успомніў чалавека, які не можа не па-кінуць след у сэрцы. Вось тут, у Ветрыне, Мікалай Сямашка пасля заканчэння сямігодкі працаваў у рэдакцыі раённай газеты – браў першыя ўрокі жыцця, журналісцкага майстэрства. Тут жа нарадзіліся першыя яго вершы. І няхай яны ў чымсьці былі недасканалыя (гэта ж бывае ў кожнага пачынаючага), але яны звярнулі на сябе ўвагу захопленасцю жыцця, сваёй крынічнай чысцінёй, шчырасцю. З’яўляюцца вершы маладога паэта затым у полацкай газеце. А дзень (гэта было ў 1936 годзе), калі газета “Звязда” апублікавала яго верш “Граніца”, быў для яго сапраўдным святам. Дарэчы, з таго часу Мікалай Сямашка друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях. Творчай справаздачай тых і наступных гадоў з’яўляецца яго зборнік “Шчырасць”, выпушчаны ў Мінску. Давялося з ім і мне пазнаёміцца. Трымаючы ў руках гэту кнігу з пажоўклымі старонкамі, адчуваў такое, быццам сустрэўся з жывым паэтам, далонь саграваў поціск ягонай рукі. Пачуццё Радзімы, цесная сувязь з ёй, сыноўняя любоў і вернасць – гэта, бадай, галоўнае ў паэта. І тут гучыць голас палымянага публіцыста, тонкага, пранікнёнага лірыка, але толькі не халоднага апавядальніка. Стаю ў дазоры. Я знаю за мной – Бяскрайнія землі Радзімы маёй. За іх непарушнасць, жыццё і спакой Прад ёй – прад Радзімай –адказ будзе мой. Яна гадавала, як сына, мяне І скарбы адкрыла багатыя мне. Дала мне дзве сілы для грозных баёў – Нянавісць героя і сына любоў. («У дазоры») Шмат цёплых радкоў аўтар прысвячае вёсцы, роднай прыродзе, каханню. Часам, хоць і глуха, чуюцца ноткі, запазычаныя ў вялікага майстра слова Міхаіла Ісакоўскага. Але ў гэтым няма нічога благога. Калі пачынаеш пісаць, заўсёды ходзіш пад уражаннем твораў якога-небудзь блізкага табе па духу, тэматыцы паэта або празаіка. Відавочна, было так і з Мікалаем Сямашкам. Аднак з кожным новым вершам у яго ўсё больш выразна выяўлялася ўласнае “я”. Мяккасцю інтанацый, сакавітасцю фарбаў, добрай чалавечай душэўнасцю адзначаны вершы аб прыродзе “Пачатак лета”, “Дождж прайшоў”, “Вечар на возеры” і іншыя. Пастаянная сувязь з людзьмі роднай зямлі, журналісцкія паездкі і сустрэчы садзейнічалі творчаму росту. У 1939 годзе паэта прызвалі ў армію. Радыст зенітнай часці, ён прымае ўдзел у вызваленні Заходняй Беларусі, а затым у Беластоку працуе загадчыкам літаратурнага аддзела рэдакцыі газеты “Вольная праца”. Нягледзячы на загружанасць, Мікалай Сямашка знаходзіць час для літаратурнай творчасці. Адзін за адным з-пад ягонага пяра выходзяць вершы. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны паэт падрыхтаваў новы зборнік, а неўзабаве яму давялося ўзяць у рукі зброю, каб абараніць ад крывавых чужынцаў усё тое, што беззапаветна любіў, што апяваў, чым жыў. …Абараняючы Оршу, Мікалай Пятровіч Сямашка загінуў. Святло надзей і спраў Няма чалавека. Няма пісьменніка. Але ўсё роўна ўяўляецца, што ён недзе непадалёк: нават здаецца, што вось-вось пачуецца яго голас. Але гэтаму не быць, бо няма чалавека на свеце. Затое жывуць героі яго твораў, а ён — у іх: шамацяць пад пальцамі старонкі, дзесяткі герояў паўстаюць перад вачыма, чуюцца іх галасы. І ў жыцці людзей-герояў жыве ён. А яшчэ бачыцца слуцкая вёсачка Бязверхавічы. Хата – скасабочаная, бедная, сялянская. Тут нарадзіўся будучы празаік. Дзяцінства ў яго было такое, як і ў многіх яго равеснікаў, — галоднае, працавітае. Былі і гады вучобы: спярша пачатковая школа і двухкласнае вучы-лішча, потым – Нясвіжская настаўніцкая семінарыя. Але не давялося яе скончыць – праз два гады пасля паступлення падручнік замяніла зброя. Акопы грамадзянскай вайны… Падпольная дзейнасць і партызанская барацьба з белапольскімі акупантамі. Рызыка і цяжкасці не толькі загартоўвалі характар, але іншымі вачыма прымушалі глядзець на наваколле: на людзей і прыроду, на сябе, сваё прызначэнне ў жыцці. І разам з думкамі расла, мацнела яго любоў да сваёй Радзімы… Ішлі дваццатыя гады. У гэты час выступілі са сваімі творамі Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Барыс Мікуліч, Пятро Глебка і іншыя, уносячы ў беларускую літаратуру новыя тэмы і праблемы, свежае, арыгінальнае іх вырашэнне. Імя Рыгора Мурашкі заняло дастойнае месца сярод пісьменніцкіх імён, якія звярнулі на сябе ўвагу. Малады празаік піша пра тое, што добра ведае, што хвалюе яго. Гэта – і нядаўнія паходы, і баі, і ўмацаванне савецкай улады ў Беларусі, і барацьба з перажыткамі мінулага. Апавяданні пары творчага станаўлення і склалі першы зборнік “Стрэл начны ў лесе”, які выйшаў у 1926 годзе. А затым з нейкай нават зайздроснай паслядоўнасцю з-пад пяра Рыгора Мурашкі выходзяць новыя кнігі: “У іхнім доме”, “Прыгранічны манастыр”, “Званкі”, “Рузікі”. Творы гэтыя вызначаюцца вострым канфліктам, драматызмам, сюжэт іх дынамічны. Поспеху садзейнічаюць псіхалагізм, тонкае веданне роднай мовы. Ён уваскрашае жыццё беларускай вёскі і горада пачатку XX стагоддзя, рэвалюцыйныя падзеі 1905 года. Шырокія гісторыка-эпічныя карціны непарыўна звязаны з лёсам людскім. Ужо першым сваім раманам Рыгор Мурашка заявіў аб сваіх багатых магчымасцях у працаёмкім жанры. І што гэта так, пераконвае другі буйны твор, надрукаваны перад вайной, — “Салаўі святога Палікара”. Але мірную, стваральную працу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Абставіны склаліся так, што пісьменнік застаўся ў акупіраваным Мінску. Ён збірае даныя аб гітлераўцах і беларускіх нацыянал-фашыстах, не пакідае пісаць. Калі навісла пагроза арышту, па заданні партызанскага камандавання настаўніца Вера Мікалаеўна Румянцава пераправіла яго ў лес. І тут, з’яўляючыся аператыўным работнікам спецатрада, выконваючы баявыя даручэнні, Рыгор Данілавіч Мурашка не выпускаў з рук пяро. У сваіх запісах журналіст Б.Сасноўскі ўспамінае, што ў падпольнай лагойскай раённай газеце “За Савецкую Беларусь” была апублікавана навела празаіка “Смерць маці”, якую ён падпісаў РЭМ. Падрыхтавана да друку было таксама яго апавяданне “Чаму прыпыніўся баронскі род Швайнбергаў”, але надрукаваць яго перашкодзіла блакада. У той складаны час цікавай з’яўляецца работа пісьменніка-партызана і над сатырычнымі замалёўкамі аб Беларускай цэнтральнай радзе. Але галоўнае ён бачыў наперадзе. Як успамінаюць людзі, якія сустракаліся з пісьменнікам у той вогненны час, марыў ён напісаць раман аб вайне, аб няскораным змагары – Мінску. Але... І зноўку аб пісьменніку ўспамінае журналіст Б.Сасноўскі: “...Вырваўшыся з акружэння, ён, галодны, знясілены, зайшоў у вёску, каб крыху падсілкавацца, адпачыць. У гэты час наскочылі гітлераўскія галаварэзы, і Рыгор Мурашка трапіў у іх лапы. Так закончылася жыццё таленавітага беларускага празаіка, які ў цяжкую гадзіну быў разам з народам, са зброяй у руках змагаўся за вызваленне сваёй Радзімы”. Загінуў пісьменнік незадоўга да вызвалення Мінска, які стаў яму родным. Вершы з акопаў Вясновы горад пасля спорнага, зусім летняга дажджу заліты сонцам і духмяным цяплом, у якім пахі і расталага снегу, і зялёных стрэлак травы, і набрынялых пупышак ліп ды клёнаў. Горад ззяе ўсмешкамі дзятвы і закаханых, яркасцю адзення; горад мудры паважнасцю пажылых людзей; горад напоўнены галасамі, смехам, шумам машын і тралейбусаў, трамваяў; горад жыве складана і разнастайна. І ў такія светлыя гадзіны вясны і шчасця ўспамінаеш тых, каго няма побач з намі. Успамінаеш асабліва часта. Няма і Генадзя Барысавіча Шведзіка; у кастрычніку сорак другога года, прабіты кулямі, упаў кулямётчык Шведзік. Абарвалiся жыццё салдата, песня паэта... Камандзір роты старшы лейтэнант Талстоў напісаў тады пра яго родным: “Ён быў добры таварыш, просты, ніколі не выхваляўся сваёй адукацыяй. Мы блізка з ім пасябравалі... Шведзік пахаваны ля вёскі Дваешкі Смаленскай вобласці. Пахаваны... Але вершы яго побач з намі, дапамагаюць у працы і вучобе, клічуць да дабра, яны жывуць. Маёй ты не бачыў ніколі Айчыны? Дык пойдзем! На свеце няма прыгажэй Лясоў Беларусі, Палёў Украіны, І досвіткаў мінскіх, І крымскіх начэй. І ў Арктыцы сіняй, І ў тундры халоднай, Куды я хоць сёння паехаць гатоў, — Ты можаш убачыць сяброў маіх родных, Маіх неспакойных, адданых сяброў. (“Гэта ўсё – мой дом”) Аднак вершы былі пазней, хаця першы з іх Генадзь Шведзік напісаў, як сцвярджаюць, у дзесяцігадовым узросце. Сапраўдныя, добрыя, прынёсшыя славутасць — такія вершы з’явіліся потым. А пакуль трэба было вучыцца. Рабфак. Літаратурны факультэт Мінскага педінстытута імя А.М.Горкага. Скончыўшы яго, некаторы час выкладаў рускую мову і літаратуру. Затым – праца ў газеце “Піянер Беларусі”, дзе Шведзік загадваў школьным аддзелам, а потым стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. І ўсе гэтыя гады – працы і вучобы, вучобы і працы – ён пісаў вершы. І разам з мужненнем “розуму і душы” мужнелі яны, вершы, рабіліся больш сталыя па думцы, дасканалыя па тэхніцы і форме. У 1936 годзе Беларускае дзяржаўнае выдавецтва выпусціла першы зборнік паэта “Старт”, у які ўвайшлі творы пра Далёкі Усход, рамантыку працы, маладосць, каханне. Шмат яго вершаў прысвечана мору. Вершы гэтага цыкла з багатым падтэкстам, філасофскія, яны сведчаць аб сталасці паэта, яго вялікіх магчымасцях. І галоўнае, што яго натхняе, дае пажытак для роздуму, — гэта любоў да Радзімы, гонар за сваю зямлю, на якой нарадзіўся. Грымнула вайна. І хаця Генадзь Шведзік надзеў салдацкую форму і ўзяў грозную зброю – кулямёт, аднак не выпусціў ён з рук і другую — пяро. Зоркай непагаснай будзе зваць здаля, Каб ішоў наперад я няспынна, Аж пакуль не стане ўся зямля Чыстаю, як матчына слязіна. (“Матчына сляза”) Паэт не дажыў да таго дня, калі зямлю ачысцілі ад фашысціх нелюдзяў. Разам з горкай весткай аб яго гібелі сям’я атрымала нізку апошніх вершаў з пахам пораху. Вершаў з акопаў. Яны ўвайшлі потым у зборнік “Лірыка”, выдадзены Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі. І зноў многія прыхільнікі таленту паэта сустрэліся з ім, як з жывым. Вядома ж, пакуль звяртаюцца да твораў літаратара, — ён “жывей усіх жывых”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter