Пустацвет

Ён  не  будзе  «расцi»  там,  дзе  зямля  цёплая  i  незапушчаная

Ён  не  будзе  «расцi»  там,  дзе  зямля  цёплая  i  незапушчаная

Вясковыя жанчыны ледзь не плачуць, калi агурочнiк цi садовыя кусты шчодра цвiтуць, але не даюць пладоў. Гэта ў прамым сэнсе. А калi ў больш шырокiм, то яшчэ больш змрочныя пачуццi i нават нейкую няўцешнасць выклiкаюць сваёй панурасцю, адзiчаннем нежылыя хаты.

Нават па iнфармацыi Мiнiстэрства статыстыкi,
так званых пустуючых дамоў у сельскай мясцовасцi на пачатак гэтага года налiчвалася 145 тысяч. Аднак актыўная iнвентарызацыя азначаных аб’ектаў з боку сельскiх Саветаў папаўняе ўраджай “пустацвету” ў сучаснай вёсцы.

А таму давайце разам паразважаем, як выкаранiць з нашага ўжытку “сацыяльны пустацвет”.

Калi ўпершыню трапiў у далёкую ад гарадскога тлуму вёску Полцева Шумiлiнскага раёна, то з вялiкай асалодай згадзiўся б мець тут “фiлiял” для лячэння душы i цела. Сапраўдны курорт, створаны самой матухнай-прыродай! Невялiчкую вёску нiбыта жывым поясам любоўна падперазала i аздобiла ў малахiт велiчная рака Заходняя Дзвiна. Неяк дзiўна i неверагодна выглядалi на ўзбярэжжы дыхтоўныя каменныя муры старажытнай архiтэктуры з глыбокiмi склепамi з адшлiфаваных валуноў. Нават стагоддзi не разбурылi былое “дваранскае гняздо”. Не, зусiм не дурны быў былы ўладар маёнтка, якi так грунтоўна i абачлiва меркаваў стварыць тут персанальны курорт не толькi для сябе, а i нашчадкам...

Час i падзеi не пашкадавалi нiкога i нiчога. Паступова Полцева прыйшло ў такi заняпад, што засталося ў iм усяго некалькi старажылаў пенсiённага ўзросту, а сам казачны па хараству куток зарастаў кустоўем, зямля лiтаральна астывала без маладых рук. 

А як жыве i выглядае былое “дваранскае гняздо “ сёння?

За паўтара дзесятка гадоў змены адбылiся неверагодныя. Дарога да Полцева цяпер — хоць бокам кацiся, што станоўча спрыяе працэсу адраджэння. Шмат сiл i сродкаў у знiшчэнне “пустацвету” ўклаў калектыў Шумiлiнскай райаграпрамтэхнiкi, якi не адзiн год браў у арэнду зямлю i ўгоддзi на ўзбярэжжы Заходняй Дзвiны. Цяпер добраўпарадкаванне i “рэанiмацыю” былога панскага селiшча працягваюць лесагаспадарнiкi, i Полцева з замурзанай папялушкi пакрысе ператвараецца ў казачную прынцэсу.

Адным з самых адданых патрыётаў гэтага цудоўнага кутка называе сябе намеснiк старшынi раённай камiсii па справах непаўналетнiх Iван Касцюк. Родам ён з Гродзеншчыны, але прызнаецца (не ў крыўду землякам), што нi за якiя грошы не памяняе Полцева на iншыя мясцiны:

— Я тут адпачываю душою i целам, як на лепшым курорце. Ды гэта i ёсць курорт, бо нават  галандскiя госцi нядаўна зацiкавiлiся нашым Полцевам i абяцаюць iнвестыцыi дзеля ператварэння яго ў аб’ект агратурызму. А пакуль тут гаспадараць пенсiянеры i дачнiкi. Усяго – каля двух дзесяткаў сядзiб...

Што ж, i такiя захады прыемныя. Ёсць надзея, што ў былым “дваранскiм гняздзе” не будзе пустуючых дамоў i халупак-развалюх. А вось у цэлым па раёне карцiна не надта прывабная. Скажам, у Лаўжанскiм сельскiм Савеце з 917 домаўладанняў пустуючымi лiчацца 237.  Праблема ўскладняецца тым, што мясцовай уладзе  пры мностве iншых клопатаў даводзiцца яшчэ займацца пошукам нашчадкаў занядбаных сядзiб. Перамовы з iмi вядуцца i ў пiсьмовай форме, i па тэлефоне, i пры асабiстых сустрэчах, калi нехта прыязджае з настальгiчнымi  настроямi  на малую радзiму.

Згодна з Указам Прэзiдэнта № 70 ад  3 лютага 2006 года “Аб мерах па ўпарадкаваннi ўлiку i скарачэннi колькасцi старых пустуючых дамоў з гаспадарчымi i iншымi пабудовамi ў сельскай мясцовасцi” такая дзейнасць набывае ўсё большы размах. Сельвыканкомы напрамую ставяць пытанне аб адказнасцi грамадзян i нашчадкаў за стан сваiх дамоў i сядзiб. Нешта падлягае разборцы на дровы, нешта на знос, нешта пры пэўнай зацiкаўленасцi i руплiвасцi можна скарыстаць пад сезоннае цi пастаяннае жытло.

На Шумiлiншчыне 255 населеных пунктаў. Тут i жывыя гарадкi i аграгарадкi, вёскi i пасёлкi, блiзкiя да цывiлiзацыi i яшчэ ад яе аддаленыя. Практычна ж i ў iнфраструктуры любога сельскага Савета i паселiшча ёсць нежылыя i запушчаныя сядзiбы. Праведзеная iнвентарызацыя засведчыла, што ў цэлым па раёну iх, такiх “пустацветаў”, налiчваецца без малога паўтысячы. Але ж не ўсе заслугоўваюць выкарчоўкi “пад бульдозер”. Мае памяркоўныя суразмоўцы рознага ўзроўню i адукацыi лiчаць, што ўсё пакуль яшчэ жывое павiнна мець права на адраджэнне. А тое, што спарахнела i псуе iнфраструктуру таго цi iншага населенага пункта, варта без шкадавання прыбiраць з дарогi пры абавязковай умове, што ўказ кiраўнiка дзяржавы будзе выконвацца не механiчна, не бяздумна.

Як мне здаецца, папярэднi аповед пра лёс былога “дваранскага гнязда” Полцева падказвае мадэль адраджэння нават самай аддаленай вёскi. Каб зямля стала цёплай i незапушчанай, на ёй павiнны быць такiя нераўнадушныя людзi, як названы вышэй Iван Касцюк. Каб менш  узнiкала бюракратычных бар’ераў у прыдбаннi пакiнутых дамоў для гараджан. Наўрад цi хто стане спрачацца, што такiя энтузiясты якраз i нясуць у глыбiнку прыгажосць i культуру гаспадарання на зямлi. Дык чаму не надаць статус дачных (цi сезонных) домiкаў для пэўнай часткi прыдатнага для далейшага выкарыстання, але пакуль што пакiнутага жылля? I тады намнога менш стане “пустацвету” ў сацыяльнай iнфраструктуры вёскi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter