Бывший председатель Столинского райисполкома на родительской усадьбе стал почти полесском робинзонам

Прыцягвае магніт

АМАЛЬ чвэрць стагоддзя таму вярнуўся з райцэнтра ў бацькоўскую хату, што ў глыбіннай палескай вёсцы Узляжжа, былы старшыня Столінскага райвыканкама Пётр ШЫЛА. Аўдавелая маці і суседзі ўзрадаваліся яго рашэнню. Навёў парадак у доме і на падворку, амаладзіў сад, заняўся сялянскімі клопатамі. Большасць знаёмых Пятра Мікалаевіча ўспрынялі дзівосным яго ўчынак і прадказвалі нядоўгі аптымізм палескага рабінзона. Але час пацвердзіў трываласць намеру. Зусiм нядаўна я напрасiўся да яго ў госцi. 


Побач са схаванай за хмызамі вёскай Узляжжа пралегла асфальтаваная дарога ад Століна да рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты», які раскінуўся на дзясяткі кіламетраў. Спадчынная сядзіба Пятра Шыла прытулілася да ўскрайку вёскі, выцягнутай уздоўж парослай чаротам рэчкі Льва, якая бярэ пачатак на Украінскім Палессі. За старэнькай драўлянай бацькоўскай хатай на мураваным падмурку ўзвышаецца дыхтоўны новы дом, складзены са смольных сасновых бярвенняў. Вокнамі новабудоўля глядзіцца на рачную пойму. 

Векавыя дубы, карабельныя сосны нібыта вартуюць шырокую лугавіну, якая з першым вясновым цяплом ажывае, поўніцца шматгалоссем пералётнага птушынага царства. У цэнтры прасторнага двара студня. За ёй гаспадарчыя пабудовы. Пад павеццю штабялі паколатых дроў. З другога боку хаты агароджаныя высокай металічнай сеткай загоны агарода і садок з пчальніком. 

Злавіўшы мой позірк на незвычайна высокай агароджы, Пётр Мікалаевіч патлумачыў, што зроблена яна па тэхналогіі, каб пчолы ў летні перыяд суседзяў не турбавалі. А зімою сад аберагаецца ад зайцоў, якія любяць паласавацца маладою карой садовых дрэўцаў. 

За рачною лугавінай пачынаюцца парослыя лесам бясконцыя балоты. Цягнуцца яны да былога Мярлінскага ваеннага палігона. Мясцовасць закранула чарнобыльская хмара. З-за радыяцыйнай забруджанасці выселена суседняя вёска Вусцімле. Лічаныя жыхары засталіся ў навакольных вёсках Ямнае, Востраў, Кашары. З Узляжжа таксама выехала палова жыхароў. Засталося з сотню падворкаў, а іх гаспадары ў асноўным састарэлыя. 

Не пакінулі сваёй сядзібы бацькі Пятра Мікалаевіча. Сям’я жыла ў пабудаванай да вайны дзедавай хаце. Цеснавата ўсім было ў невялікім памяшканні. Збіраліся ўзвесці свой дом. Два сыны і дачка падрасталі ў франтавіка Мікалая Канстанцінавіча і Любові Мікалаеўны. Дзеці з маленства прызвычайваліся да сялянскай працы. 

Палескія сем’і вялікія. У перапоўненай вучнямі пачатковай школе, якую ўзначальваў Іосіф Іосіфавіч Гашчук, было па два паралельныя класы. Старшакласнікі працягвалі вучобу ў Стружскай сямігодцы. На лодцы перапраўляліся праз старое рэчышча, і па грэблі дабіраліся на заняткі. Успаміны захлынулі Пятра Мікалаевіча:

– ЦI можна забыццца, як з малодшым братам Іванам чаргаваліся пасвіць свойскую жывёлу. Да абеда ён быў са статкам на лузе, а я вучыўся. Пасля вяртання са школы хутка бег на выпас замяніць брата. Амаль паўсотні кароў і столькі ж авечак пасвілася ў нашым гурце.

У школе нас з братам хвалілі за вучобу. Лёгка даваліся матэматыка, фізіка. Сямігодку скончыў на выдатна і збіраўся паступаць у Столінскі сельгастэхнікум. Настаўнік Арцём Мікалаевіч параіў скончыць сярэднюю школу і рыхтавацца ў інстытут. У той год наша сямігодка стала сярэдняй школай, і я прыняў параду настаўніка. Большасць маіх равеснікаў падаліся ў прафтэхвучылішчы, некаторыя пайшлі працаваць. З-за таго што было мала вучняў, адмянілі дзявяты клас. Каб не губляць год, пайшоў працаваць прычэпшчыкам на трактары. Лінейкай замяраў глыбіню ўзаранай глебы. Увечары крочыў за 4 кіламетры на заняткі ў вячэрнюю школу. З новага навучальнага года дзявяты клас у сярэдняй школе аднавілі, і я туды вярнуўся. Мне выпала заканчваць 11 класаў, а малодшаму на два гады брату Івану дзесяцігодку. Захапляла нас матэматыка. Маці раніцай падымалася карову даіць, а мы яшчэ рашаем задачы. Падручнік пад аўтарствам матэматыка Гусака ўвесь праштудзіравалі. 

Пасля атрымання атэстата сталасці і пасведчання трактарыста-машыніста вырашыў год пачакаць, пакуль Іван скончыць сярэднюю школу, каб разам паступаць вучыцца. Па камсамольскай пуцёўцы з сябрамі адправіліся будаваць Таганрогскі трактарны завод.

— Паклікала рамантыка ці жаданне зарабіць грошай?

— У тыя гады моладзь будавала БАМ, узводзіліся новыя гарады, асвойвалася цаліна. Па радыё гучалі рэпартажы, песні пра рамантыку працоўных будняў. У райкаме камсамола мне прапанавалі ехаць у Таганрог, дзе ўзвядзенне трактарнага завода было аб’яўлена Усесаюзнай камсамольскай будоўляй. Пасяліўся ў маладзёжным інтэрнаце. Працаваў трактарыстам на будоўлі. Хутка праляцеў год, і вярнуўся дамоў з абноўкамі. Бацькоў парадавала, што прывёз паўтары тоны пшаніцы. І адразу з братам узяліся за падрыхтоўку да ўступных экзаменаў. Як дапрызыўніку мне ў ваенкамаце прапанавалі паступаць у Казанскае вышэйшае будаўнічае ваеннае вучылішча. Экзамены здаў паспяхова і быў залічаны на вучобу. Але сэрцам адчуў, што ваенная справа не для мяне. Напісаў рапарт начальніку вучылішча, і мяне адпусцілі. У райваенкамаце былі незадаволены такім учынкам. Брат Іван ужо стаў студэнтам факультэта прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэта. Мне нічога не заставалася, як ісці працаваць. Сеў за руль калгаснага трактара. Увосень пайшоў у армію. Служыў у Забайкаллі. Напружанне трымалася вялікае з-за падзей на востраве Даманскім. Родныя хваляваліся. Па некалькі дзён мы стаялі ў поўнай баявой гатоўнасці. Армейская служба загартавала. Калі выдаваўся вольны час, імкнуўся да падручнікаў па матэматыцы. Пасля службы камсамольцы калгаса абралі мяне сваім важаком. Райкам камсамола накіраваў на вучобу ў Магілёўскую савецкую партшколу. Скончыў яе з адзнакаю і працаваў бухгалтарам, а потым галоўным эканамістам у гаспадарках Столінскага раёна. Завочна вучыўся на эканамічным факультэце Белдзяржсельгасакадэміі. Брат Іван пасля заканчэння ўніверсітэта застаўся ў сталіцы. Цяпер ён рэктар Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

— А вам выпала стаць старшынёю райвыканкама?

— На гэту пасаду прыйшоў з перадавога калгаса, якім кіраваў валявы старшыня Яўхім Сагановіч. Прайшоў яго мудрую школу. У гаспадарцы пабудавалі цэх па выпуску травяной мукі. Яўхім Пятровіч на час свайго водпуску даручыў мне кіраўніцтва і загадаў да яго вяртання травяную вытворчасць не запускаць. Я не вытрымаў, і вырабілі 300 тон мукі. Частку яе кілаграм на кілаграм абмянялі на камбікорм. Кіраўніцтва раёна падтрымала ініцыятыву. Мяне перавялі інструктарам па сельскай гаспадарцы райкама партыі. А неўзабаве дакументы перадалі ў Брэсцкі абкам партыі на зацверджанне старшынёй калгаса. Другі сакратар Уладзімір Грыгор’еў, з якім я разам вучыўся ў Магілёве, замест старшынёўства прапанаваў узначаліць сельгасаддзел Столінскага райкама партыі. Вакантнай заставалася і пасада начальніка райсельгасхарчу. Пяць гадоў давялося спалучаць дзейнасць гэтых дзвюх раённых структур. Гаспадаркі падвоілі валавую вытворчасць сельгаспрадукцыі. Узрасла прадукцыйнасць працы. 

— Якія рычагі дзеля гэтага выкарыстоўвалі?

— Пераймалі і ўкаранялі ўсё новае. Дэталёва аналізавалі дзейнасць кожнага падраздзялення, вышуквалі рэзервы і прымянялі іх. Наладзілі кантакт з казахстанскімі калегамі. Пастаўлялі ім племянных цялушак у абмен на збожжа. У раёне павялічылася вытворчасць малака. Перапрацоўвалі яго на масласырзаводзе, дзе запусцілі расфасоўку ў тэтрапакеты. Раён упэўнена набіраў тэмпы. 

Чарнобыльскі выбух перакроіў задумы. Спякотнай раніцай 26 красавіка 1986 года з рэспубліканскага штаба грамадзянскай абароны паведамілі, што ў Мікашэвічах, з якімі мяжуе раён, лічыльнікі адзначылі рэзкае павышэнне радыяцыйнага фону. Паступіла каманда рыхтавацца да адсялення. Не адкладваючы ні на гадзіну, заняўся распрацоўкай плана адсялення кожнага населенага пункта. Праверыў, ці ўсюды гатовы да эвакуацыі. Пасля Дня Перамогі атрымалі адбой на яе. Гэта быў самы напружаны момант майго жыцця. Пад пагрозай выжывання быў лёс тысяч людзей. У такі адказны перыяд узначаліў райвыканкам. 

— Больш як тры дзесяцігоддзі мінула з тых трагічных дзён. У вас цяпер, калі вы на заслужаным адпачынку, стае часу абдумаць перажытае. У незалежнай Беларусі вырасла новае пакаленне. Якім вы бачыце сучаснага кіраўніка?

— Галоўнае — адчуваць сваю адказнасць і быць кампетэнтным у той справе, якая даручана. Заўжды ўнікаў у кожную дэталь, і перад тым, як прыняць рашэнне, усё пралічваў. У гаспадарках эканамісты вялі асобны ўлік затрат па кожнай сельгаскультуры, што давала магчымасць распрацоўваць перспектыву дзейнасці. Гэтаму вучу сваіх сыноў Сяргея і Юрыя. Не дзеля сябе вярнуўся на бацькоўскую сядзібу. З бацькам пачалі будаўніцтва новага дома. Шмат давялося пахадзіць па лесе, каб выбраць з векавых сосен лепшыя для бярвенняў. На ўсялякі выпадак браў палатку. Аднойчы заблудзіўся. Не мог адшукаць выхад з гушчару. Выйшаў на прагаліну і ўбачыў тыя самыя карабельныя сосны. Узабраўся на адну з іх і разгледзеў за зялёнай прасторай дахі дамоў. Так выбраўся з палескіх джунгляў. Па зімніку трактарам выцягвалі спілаваныя дрэвы і з іх збудавалі дом. Цяпер гэта тэрыторыя стала дзяржаўным заказнікам “Альманскія балоты”. 

На Століншчыне шмат лясоў. Неяк у лясгасе ўбачыў складзеныя дошкі, што заставаліся ад апрацаваных бярвенняў, падрыхтаваных на экспарт. Даведаўся, што гэтыя абрэзкі прадаюць насельніцтву на дровы. Выпісаў сабе машыну. Набыў спецыяльны станок. Да бацькоўскага падворка падвёў трохфазавы ток. Заняўся з сынамі вырабам пчальнікоў. З дзяцінства з жонкаю Нінай Піліпаўнай прывучалі іх да працы. Завітаў на падворак дырэктар лясгаса і здзівіўся, што з адходаў змайстравана сотня цудоўных дамкоў для пчол. Так і ў лясгасе наладзілі вытворчасць вулляў, і аматары пчалярства іх хутка раскуплівалі. У палескіх вёсках амаль на кожным падворку цяпліцы. А для апылення расады патрэбны пчолы. Свае пчальнікі пафарбавалі ў розныя колеры, каб пчолкі не блыталіся.

— Пётр Мікалаевіч, пэўна, не толькі пчалярствам займаецеся?

— Спраў хапае. Але пчолы — сёння асноўны занятак. Сыны маюць свае сем’і і жывуць у райцэнтры, а да мяне штодня прыязджаюць. Кожнай вясной сотню вулляў вывозім у лес. Мясціны багатыя на меданосы. Ад першых вясновых дзьмухаўцоў да асенняга верасу пярэстым дываном красуе Палессе. 

Гарынскія заліўныя лугі — сапраўдны рай не толькі для пчалярства. Тысячагаловыя атары авечак пасліся ў багатай на расліннасць пойме ракі. Цудоўна, што зараз у рэспубліцы звярнулі ўвагу на авечкагадоўлю. Спадзяюся, што ўбачу атары на палескіх прасторах. А яшчэ наш край багаты на даніну прыроды: грыбы, чарніцы, журавіны, маліну. А колькі рыбы ў азёрах і рэках! Для паляўнічых тут рай. Толькі не лянуйся.

— Ці не адчуваеце сябе сапраўдным палескім рабінзонам?

— Да яго мне далёка. Наш падворак мяжуе з суседскімі. Раней я сябраваў з амаль 90-гадовым Фёдарам Марозам. Дочкі забралі яго да сябе. Другая суседка пайшла зімой на луг і не вярнулася. Знайшлі замерзлай. Узімку сапраўды як рабінзон грэюся каля печы. Перачытваю кнігі. Цудоўна распавёў пра маленькіх вандроўнікаў Янка Маўр, творы якога з дзяцінства чытаў. Мяне заўжды вабіла прырода. Сярод яе вырас. Быццам на бацькоўскім падворку закапаны магутны магніт, які не адпускае ад сябе. 

Калі вярнуўся да вытокаў, купіў жарабятка і выгадаваў з яго ладнага коніка. Былі ў нас карова, свінні, авечкі. Набыў інкубатар, і ў ім хатніх птушак разводзіў. Гады сваё бяруць. Спадзяюся, што сыны ці іх дзеці не пакінуць спадчыннай сядзібы, якая засталася ад продкаў. Вясною ажыве малады садок, паклічуць пчальнік і агарод. Бясконцым птушыным спевам напоўніцца наваколле. Буду вучыць сялянскай працы ўнукаў. Іх у мяне трое. Гарынскія краявіды вабяць іх.

Раней толькі на лодцы дабіраліся з Узляжжа ў Столін. Тагачасны кіраўнік “Галоўпалессеводбуда” Анатоль Зеляноўскі дапамог пабудаваць мост праз Гарынь. Заасфальтавалі амаль трыццацікіламетровую грэблю да вёскі Альманы. 

Душа баліць, што не паспеў за гады кіравання раёнам пракласці дарогу з Давыд-Гарадка праз раку Прыпяць да Мікашэвіч, што скараціла б на сотню кіламетраў шлях да сталіцы. Праблема актуальная і зараз. Спадзяюся, што вёска будзе газіфікавана. У сотні метраў ад ваколіцы ідзе газаправод. Дзяржава дапамагла сродкамі на ўстаноўку водакалонак на падворках. Захаваліся і студні. У суседняй вёсцы Кашара адкрылася аграсядзіба, якую аблюбавалі замежныя госці.

— За чвэрць стагоддзя такога адасобленага жыцця ні разу не пашкадавалі, што так паступілі?

— Нават і думкі такой не было. Мяне радуе, што жыццё на бацькоўскай сядзібе працягваюць мае дзеці і ўнукі.

— Няхай, паважаны Пётр Мiкалаевiч, вашы запаветныя мары здзяйсняюцца!

subbat50@mail.ru

Столінскі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter