Прыгожая і моцная каманда

Парашутысткі з Беларусі сталі чэмпіёнкамі свету ў каманднай дакладнасці прызямлення
Усе дэсантнікі, пэўна, ведаюць пра родавыя карані знакамітага “Баці”, генерала паветрана-дэсантных войск Васіля Маргелава: з Касцюковічаў яны, з Магілёўшчыны. Што ж, айчынным дэсантнікам ёсць на каго раўняцца! Вось і нядаўна беларускія спартсмены аказаліся на вышыні: прадстаўнікі Спартыўнага камітэта і сіл спецаперацый Узброеных Сіл Беларусі заваявалі дзевяць медалёў на 40-м Чэмпіянаце свету па парашутным спорце сярод вайскоўцаў. Спаборніцтвы праходзілі на палігоне ў Кубінцы (Расія). Дарэчы, тры гады таму беларускія парашутысты сталі абсалютнымі чэмпіёнамі свету. У спаборніцтвах прымалі ўдзел як мужчыны, так і жанчыны, прычым нашая жаночая зборная ўвайшла ў тройку лідараў.

Парашутысткі з Беларусі сталі чэмпіёнкамі свету ў каманднай дакладнасці прызямлення, а ў агульнакамандным заліку ў іх “серабро”. Лепшы вынік у дакладнасці прызямлення і дваябор’і паказалі нашы юніёры. Усяго ўдзельнікі ЧС зрабілі больш за 3000 скачкоў. У спаборніцтвах на дакладнасць парашутысты скакалі з вышыні 1000 метраў і павінны былі, прызямляючыся, патрапіць у пункт на зямлі дыяметрам не больш за 2 сантыметры.

У дэлегацыі Узброеных Сіл Беларусі было 17 чалавек. ЧС праводзіцца па трох практыкаваннях: асабістая і камандная дакладнасць прызямлення, адзінкавая акрабатыка, групавая. У спаборніцтвах паўдзельнічала больш за 400 спартсменаў з 38 краін. З беларусаў асабліва вызначыліся  прапаршчык Наталля Нікіцюк, радавая Дар’я Шастаковіч (яна ж — абсалютны чэмпіён свету сярод юніёрак), малодшы сяржант Антон Саевіч.

Янка Яцкавец

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter