Прыдзвінскае наваколле — хараство рук людскіх

Віцебскі раён — гэта тэрыторыя працягласцю амаль 100 кіламетраў з поўдня на поўнач. Гэта 369 населеных пунктаў, найбольшыя з якіх Сураж і Янавічы. Тут дзейнічаюць вядомыя ў Беларусі прамысловыя прадпрыемствы: Віцебская бройлерная птушкафабрыка, Віцебскі плодаагароднінны камбінат, біяфабрыка. У рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уключаны 54 помнікі гісторыі і культуры раёна.

Віцебскі раён — гэта тэрыторыя працягласцю амаль 100 кіламетраў з поўдня на поўнач. Гэта 369 населеных пунктаў, найбольшыя з якіх Сураж і Янавічы. Тут дзейнічаюць вядомыя ў Беларусі прамысловыя прадпрыемствы: Віцебская бройлерная птушкафабрыка, Віцебскі плодаагароднінны камбінат, біяфабрыка. У рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уключаны 54 помнікі гісторыі і культуры раёна.

Дача Рэпіна ў Здраўнёве

Больш за 60 работ стварыў вядомы мастак Ілля Рэпін на сваёй сядзібе пад Віцебскам. Многія з іх упрыгожваюць лепшыя музеі Еўропы і прыватныя калекцыі. Сёння ў Здраўнёве стаіць дзіўнай формы дом — карабель, адпаведны таму, які і купіў у канцы ХІХ стагоддзя мастак. Рэпін аформіў у Віцебску здзелку на набыццё 75 гектараў пладароднай зямлі, 45 гектараў хвойнага лесу. Маляўнічыя краявіды натхнілі Рэпіна на стварэнне новых карцін, і ён адышоў ад вострых сацыяльных тэм, пачаў пошук новага стылю. Мастацтвазнаўцы вызначаюць яго як рэтрасімвалізм. Ён пісаў партрэты членаў сям’і, сялян, не цураўся цяжкай фізічнай працы, умацоўваў берагі наравістай Заходняй Дзвіны. Улетку 1894 года памірае 90-гадовы бацька Яўхім Васільевіч Рэпін. Яго пахавалі на могілках суседняй вёскі Слабада. Мастак падарыў слабадской царкве абраз Хрыста-выратавальніка ў белым адзенні. Праз два гады ён перадае царкве абраз Багародзіцы з немаўляткам. Гэтыя абразы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Штогод музей-сядзібу І.Я.Рэпіна ў Здраўнёве наведвае да 10 тысяч чалавек. Тут праводзяцца міжнародныя пленэры імя І.Рэпіна для юных мастакоў, праходзяць народныя гульні. У Віцебску засталася сціплая спадчына мастака: акварэлі “Запарожац” і “Конік”, эскіз да карціны “Спакушэнне Хрыста”, каля дзесятка малюнкаў.

Даламітавае радовішча

На ўчастку Руба на левым беразе Заходняй Дзвіны знаходзіцца самае вялікае ў краіне радовішча даламіту. Яго даўжыня 1,7 км, шырыня 0,12—0,85 км, глыбіня залягання ад 5 да 16 метраў. Распрацоўка даламіту тут пачалася ў 1933 годзе. На цяперашні час эксплуатацыя радовішча “Гралёва” ажыццяўляецца ААТ “Даламіт”. Асноўным відам прадукцыі Віцебскага вытворчага аб’яднання “Даламіт” з’яўляецца даламітавая мука для вапнавання кіслых глебаў. Даламіт нездарма называюць “каменем урадлівасці”. У мінулым годзе здабыча пылавіднай прадукцыі склала 2 млн 281 тысячу тон, шчэбеню — 1 млн 793 тысячы тонн. Географы яшчэ ў XIX стагоддзі апісвалі на Заходняй Дзвіне знакамітыя Вярхоўскія даламітавыя парогі. На іх расце рэдкі вадзяны мох цынклідотус дунайскі, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Агульная даўжыня Вярхоўскага парога складае каля 12 км. І цяпер у русле ракі можна сустрэць вялізныя валуны дыяметрам да 3 метраў.

Крыжы Заронаўскага краю

У народным гісторыка-этнаграфічным музеі Заронаўскага краю рупліўцамі сабрана больш за 7 тысяч экспанатаў. Першапачаткова ў школьным музеі збіраліся звесткі пра баявыя подзвігі часоў Другой сусветнай вайны. Але паступова тэматыка музея пашыралася дзякуючы няспынным пошукам мясцовай настаўніцы Людмілы Нікіцінай. Зараз на падворку пад адкрытым небам сабраны вырабы мясцовага насельніцтва: лодка, плужкі, барана, колы, санкі, самавар і іншыя рэчы заронаўскага побыту. 22 гады Людміла Нікіціна адкрывае новыя імёны герояў, што загінулі пад Віцебскам у 1941—1944 гадах. За час пошукавай работы ўстаноўлена больш за чатыры тысячы імён раней невядомых салдат. І вось дзіва — на могілках каля Заронава пачалі вырастаць старадаўнія каменныя крыжы. — Першы такі крыж мы знайшлі ў смеццевай кучы там, дзе калісьці стаяла царква святога Ануфрыя, — гаворыць Людміла Нікіціна. — Роўнаканцовы выгляд крыжа сведчыць, што ён паходзіць з ХІІ—ХVI стагоддзяў. З таго часу ў наваколлі вёскі “вырасла” яшчэ некалькі падобных крыжоў. Старажылы гавораць, што гэта знак з неба — трэба аднаўляць царкву. Да крыжоў сапраўднае паломніцтва, паглядзець на цуд едуць паломнікі нават з Расіі.

Велікан Фёдар Махноў

Cто гадоў таму пад Віцебскам на хутары Касцюкі нарадзіўся Фёдар Махноў, які стаў самым вялікім чалавекам у свеце: яго рост 2 метры 85 сантыметраў. На старых вясковых могілках захавалася магіла велікана, а ў школьным музеі вёскі Старое Сяло — жалезны ложак асілка і ўзор памеру ступні нагі — 51 см! Шавец з суседняга Язвіна, які шыў Махнову боты, пакінуў нашчадкам да ведама. Фёдар Махноў нарадзіўся 6 чэрвеня 1878 года, памёр 28 жніўня 1912 года. Сапраўдны рост віцебскага велікана зафіксаваў варшаўскі антраполаг Лушан у 1903 годзе, гэта ж пацвердзіў французскі біёлаг Ж.Ростан. Бацькі Фёдара былі звычайнага росту. У 16 гадоў хлопец “перамахнуў” ужо за два метры. Ён шмат працаваў у полі, дапамагаў кавалю. Немец Ота Біліндзер запрасіў Фёдара ў Германію працаваць у цырку. Ота клапаціўся пра адукацыю свайго асілка, добра яму плаціў. Сабраўшы грошай, Махноў вярнуўся на радзіму, ажаніўся, пабудаваў дом. Разам з жонкай Ефрасінняй Лебедзевай, сельскай настаўніцай, яны вандравалі па свеце. Фёдар быў на прыёмах ў канцлера Германіі, прэзідэнта ЗША, на аўдыенцыі ў Папы Рымскага. Памёр ва ўзросце 34 гады ад запалення лёгкіх.

І ўзнясецца хвала Госпаду

У 1815 годзе ў Лужасне была пабудавана і асвечана мураваная царква Узвіжання Крыжа Гасподняга. Паводле падання, яе пабудавала мясцовая памешчыца Рахіль Антонаўна Макавецкая пасля таго, як падчас вайны з французскім войскам яе сваякі засталіся жывыя. Але гэтая царква не захавалася. Упрыгожвае наваколле Свята-Узнясенкая царква, пабудаваная ў канцы ХІХ стагоддзя ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У 1929 годзе храм быў зачынены і выкарыстоўваўся пад сховішча. З 1992 года царква сіламі праваслаўнага прыходу адноўлена. Дарэчы, перад пачаткам Першай сусветнай вайны ў Віцебскім павеце было 33 праваслаўныя царквы. А на 1991 год — год атрымання незалежнасці нашай краінай, у Віцебскім раёне не было ніводнай. Большасць храмаў была знішчана. Знік і Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр, заснаваны каля 1743 года трокскім ваяводам князем Тадэвушам Агінскім і яго жонкай княгіняй Ізабэлай на беразе маляўнічага возера Вымна.

Курорт Лётцы

Сярод бароў і азёр размясціліся вядомыя на ўвесь свет лётцаўскія здраўніцы. Санаторыю “Лётцы” больш за 70 гадоў. Сёння тут паспяхова паляпшаюць здароўе хворыя з сардэчна-сасудзістай паталогіяй. Эфектыўнасць лячэння была даказана, калі на працягу 25 гадоў у санаторый накіроўвалі на рэабілітацыю пацыентаў пасля перанесенага інфаркту. Унікальнасць здраўніцы вызначае радовішча хларыдных вод, вынайдзеных у падземных глыбінях. Мінеральныя воды з’яўляюцца эфектыўнымі пры лячэнні захворванняў страўніка, печані, жоўцевыводных шляхоў, панкрэатыту, хвароб абмену рэчываў.

Лужаснянскія разумнікі

Аналагаў гэтай навучальнай установы ў краіне не існуе. Школа-інтэрнат-гімназія, створаная 15 гадоў таму, аб’яднала таленавітых і здольных вясковых дзяцей з усёй вобласці, да таго ж яшчэ і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот. За гады існавання ўстановы тут падрыхтавалі 1047 пераможцаў раённых, 340 абласных, 195 рэспубліканскіх і 15 міжнародных прадметных алімпіяд. Арцём Кохан тройчы ўдзельнічаў у міжнародных алімпіядах па матэматыцы і заўсёды вяртаўся з узнагародамі, бронзавай і залатымі медалямі. Нядаўна тут з удзелам Прэзідэнта Республікі Беларусь адкрылі сучасны спартыўны комплекс з цудоўным плавальным басейнам. Пабудавана і футбольнае поле са штучным пакрыццём, тэнісны корт, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, гімнастычны гарадок, хакейная пляцоўка.

7 вядомых імёнаў землякоў Віцебскага раёна

Уладзімір Адамаў (1875—1939). Вядомы геабатанік, фларыст, дэндролаг. Атрымаў вядомасць як выдатны даследчык флоры беларускага Палесся і Крыма. У Вялікіх Лётцах знаходзіўся радавы маёнтак, у якім навукоўца пражыў значную частку свайго жыцця. Міхась Лынькоў (1899—1975). Беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы Віцебскага раёна ў сям’і чыгуначніка. Ігнацій Манькоўскі (каля 1765—1831), публіцыст, асветнік, удзельнік літаратурнага жыцця на Віцебшчыне ў 1-й трэці ХІХ ст. У сучасным аграгарадку Мазалава захаваўся яго маёнтак, які за разумнае гаспадаранне называлі “Мілае”. Мікалай Нікіфароўскі (1845—1910), беларускі этнограф, фалькларыст, асветнік. Правадзейны член Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага універсітэта. Аляксандр Рыпінскі (каля 1811 — не пазней 1890), паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, мастак. Паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду. У 1832—1846 гг. жыў у Парыжы. У 1840 г. на падставе ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай фалькларыстычнае даследаванне “Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду той нашай польскай правінцыі, пра яго музыку, спевы, танцы і інш.” Ян Антоній Храпавіцкі (1612—1685), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, віцебскі ваявода, дыпламат, мемуарыст.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter