Продзі лічыць...

Рамана Продзі, які выступаў з лекцыяй у Беларускім дзяржаўным універсітэце, прадстаўлялі як прэзідэнта Фонду міжнароднага супрацоўніцтва
Рамана Продзі, які выступаў з лекцыяй у Беларускім дзяржаўным універсітэце, прадстаўлялі як прэзідэнта Фонду міжнароднага супрацоўніцтва. Але мне падаецца, што яго варта было аб’яўляць як прэм’ер-міністра Італіі, прычым двухразовага. Бо палітыкі такога ўзроўню былымі не бываюць. Гэта пацвярджае як яго сустрэча з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, так і маштаб прачытанай ім лекцыі. Не, па памеры яна зусім не вялікая і ніколькі не зацягнутая, але ахоп закранутых пытанняў змясціў у сабе ўсе асноўныя праблемы і тэндэнцыі міжнародных адносінаў за апошнія паўдзесяцігоддзя. Р.Продзі дзяліўся сваім поглядам на сучасны свет у выглядзе мініяцюр, падпарадкаваных той ці іншай сітуацыі. Аднак кожная з іх была лагічна выверана і скончана, так што ва ўяўленні слухача разгортвалася ў асобную тэму са сваімі прычынамі і наступствамі.



Асноўнай палітычнай цікавасцю спадара Продзі цалкам зразумела з’яўляецца сітуацыя ў Еўропе, а таму палова лекцыі была прысвечана еўрапейскім справам і Еўрасаюзу. Дакладней, другая палова, таму што пачаў ён са становішча спраў у свеце ў цэлым. Прычым яго развагі насілі ў першую чаргу эканамічны характар. Каму як не чалавеку, які быў кіраўніком урада трэцяй эканомікі еўразоны, ведаць, што палітыка дзяржавы, перспектывы развіцця, сучаснасць і будучыня краіны вызначаюцца эканамічнымі інтарэсамі.

...Усе мы бачым, як падзенне цэн на нафту і падзеі апошняга часу абвальваюць расійскую эканоміку. Але галоўнай крыніцай праблем, на думку спадара Продзі, з’яўляюцца санкцыі, ад якіх прайграюць усе. І Расіі, і Еўрасаюзу патрэбныя добрасуседскія адносіны адно з адным, таму што, толькі супрацоўнічаючы, яны могуць быць упэўненыя ва ўласным дабрабыце. Сёння паміж двума бакамі існуюць сур’ёзныя рознагалоссі, але гэта хутчэй падстава сесці за стол перагавораў і пачаць працаваць над пераадоленнем супярэчнасцяў. Украіна, якая стала яблыкам разладу, павінна была быць мостам паміж Расіяй і ЕС, а ператварылася ў поле бою. Што ж, сітуацыя непрыемная, але з яе можна і трэба знайсці разумны выхад.

Гаворачы аб самім Еўрапейскім саюзе, галоўным яго дасягненнем Рамана Продзі лічыць геапалітычную бяспеку рэгіёна. Ужо тры пакаленні жыхароў удзельніц саюза жывуць у міры — даўжэй, чым калі-небудзь у гісторыі. Тым не менш з эканамічнага пункту гледжання такая стабільнасць непастаянная. Калі здарыўся сусветны фінансавы крызіс, лідары Еўрасаюза не змаглі выпрацаваць агульную стратэгію па падтрыманні эканомікі. З прычыны гэтага крызіс ударыў па краінах ЕС нераўнамерна, парушыўшы існуючы раней баланс сіл. Стварэнне Еўрасаюза стала магчымым дзякуючы аб’яднанню Францыі і Германіі, якія ўтварылі своеасаблівы франка-нямецкі матор — сэрца ЕС. Аднак падчас крызісу толькі Германія заставалася дзяржавай з устойлівай эканомікай, па дапамогу да якой сталі звяртацца астатнія члены саюза. Гэта дало магчымасць Берліну ставіць свае ўмовы ў эканамічнай палітыцы ЕС, якія часам з’яўляюцца цяжкімі не толькі для малых эканомік Еўропы, але і для самой Францыі. Натуральным чынам эканамічны ўплыў перарастае ў палітычны, і цяпер ужо Германія задае напрамак палітыцы Еўрасаюза. Калі раней амерыканскі прэзідэнт тэлефанаваў брытанскаму прэм’еру, то цяпер ён тэлефануе нямецкаму канцлеру. 

Зрэшты, спадар Продзі застаецца аптымістычным у дачыненні Еўрасаюза. Ён лічыць, што саюз даў галоўнае — магчымасць еўрапейскім краінам улічваць інтарэсы адна адной і дамаўляцца, падзяляючы агульныя каштоўнасці. На яго думку, Еўрапейскі саюз мае тую сістэму, якую варта пераняць усяму свету для таго, каб зніклі паняцці аднапалярнасці і шматпалярнасці. У такой структуры раўназначным правам голасу валодаюць усе краіны, незалежна ад іх памеру і культурнай прыналежнасці, а любыя супярэчнасці пераадольваюцца сумесна. Што ж, можа, гэта занадта аптымістычна, але яго пасыл вельмі дакладна адлюстроўвае і беларускі погляд на рэчы: паважанне самабытнасці, раўнапраўны дыялог і супрацоўніцтва — вось што з’яўляецца залогам стабільнасці і дабрабыту ў міжнароднай палітыцы.

Падчас свайго знаходжання ў Мінску Рамана Продзі пагадзіўся адказаць на пытанні газеты “СБ. Беларусь сегодня”.

— Якія пагрозы і магчымасці вы бачыце для Еўрапейскага саюза ў сучасным свеце?

— Галоўнай неабходнасцю для Еўрасаюза з’яўляецца забеспячэнне эканамічнага росту. У такіх краінах, як Іспанія ды Італія, у апошнія гады назіраецца паслабленне эканомікі, што вядзе да росту сацыяльнага напружання. Паступовы пошук шляхоў для ўзды­му эканомікі — сёння гэта асноўная задача для еўрапейскай палітыкі. У Еўрасаюзе ўжо гучаць розныя прапановы на гэты конт, але, на мой погляд, у недастатковай колькасці. Інвестыцыйныя праекты — вось што сёння патрэбна еўрапейскай эканоміцы.

— Калі ж пакінуць эканоміку ўбаку і звярнуцца да іншых пагроз — галоўнай з іх у Еўропе з’яўляецца канфлікт ва Украіне. Як вам бачыцца: якая роля Еўрасаюза ў развіцці гэтай сітуацыі, ці не нарабіў ён у працэсе канфлікту памылак і ці мог бы ён дзейнічаць лепшым чынам?

— Калі вы сутыкаецеся з такой маштабнай падзеяй, якой стаў канфлікт ва Украіне, памылкі непазбежныя. Так што былі яны нават з боку Еўрасаюза. Галоўнай памылкай была адсутнасць дыялогу ў першыя дні канфлікту. Калі падзеі сталі разгортвацца, я зразумеў, што трэба адразу ж сумеснымі намаганнямі распрацаваць план дапамогі Украіне, каб справіцца з крызісам. Пасадзіць за стол перагавораў і ЕС, і ЗША, і Расію, сабраць суму для аказання фінансавай дапамогі Украіне. І я дагэтуль лічу, што яшчэ ёсць час пачаць такі дыялог і выпрацаваць адзіны сцэнарый вырашэння гэтага канфлікту.

— Дасягненне міру ва Украіне вельмі важнае і для Беларусі. Украіна — наш сусед, з якім мы хочам заставацца ў сяброўскіх адносінах, так што беларускі Урад на справе аказвае ўсялякае садзеянне дыялогу і жадае яго развіваць. Як на такую пазіцыю нашай краіны глядзяць у Еўрасаюзе?

— Нягледзячы на тое што Беларусь не ўваходзіць у ЕС, ваша краіна вядзе цесныя гандлёвыя адносіны з Еўрасаюзам. Яна таксама мае блізкія сувязі з Расіяй і Казахстанам. І я не бачу перашкод для таго, каб у будучыні наша супрацоўніцтва толькі ўзрастала. У нас існуюць выключна палітычныя рознагалоссі, і я лічу, што крок за крокам іх можна вырашыць. Таму мая прапанова заключаецца ў тым, каб стварыць дружалюбную прастору ва ўсім рэгіёне, дзе можна было б весці дзелавое супрацоўніцтва, выгаднае для ўсіх. Для гэтага трэба дасягнуць добрых і раўнапраўных адносінаў паміж Расіяй і Еўрасаюзам.

— Значыць, вы бачыце добрыя перспектывы супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім саюзам?

— Менавіта так. Аднак на іх выбудоўванне патрэбны час. У нас ёсць шмат напрамкаў для супрацоўніцтва, і кожны варта развіваць, падпісваючы патрэбныя пагадненні і ствараючы неабходныя інстытуты. Над гэтым трэба працаваць не спяшаючыся, але ўпэўнена рухаючыся да мэты. Але, у першую чаргу, давайце сядзем за стол перагавораў і вырашым усе нашы супярэчнасці. Таму што я ўпэўнены, што ні адзін з бакоў не з’яўляецца даволі моцным, каб выжыць у адзіночку, так што мы патрэбныя адзін аднаму. Трэба толькі здолець дамовіцца.

Раман Дубавец
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter