Как работает уникальная мобильная лаборатория, предназначенная для оперативного контроля за чистотой водоемов

Праўда чыстай вады

Агульнавядомы факт: любое змяненне якасці вады адразу ж уплывае на цэлыя экасістэмы, здароўе і жыццё. У час актыўнага развіцця прамысловасці чысціню вады неабходна кантраляваць асабліва строга і адказна, а пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый — рэагаваць аператыўна і рашуча. Для хуткай дыяг­ностыкі якасці вады, ацэнкі наступстваў Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя (РЦАК), падпарадкаваны Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, набыў мабільную лабараторыю, якая даз­воліць кантраляваць забруджванне водных аб’ектаў краіны. Карэспандэнт «Р» выехала на першае яе выпрабаванне.


Даследчы пункт на колах

Маніторынг якасці паверхневых вод у нашай краіне праводзіцца пастаянна. Але бываюць і надзвычайныя сітуацыі, напрыклад, калі ў ваду трапляюць шкодныя хімічныя рэчывы. Тады адлік часу ідзе на гадзіны: аператыўна выявіцца характар забруджвання і зной-дзецца яго крыніца — хутчэй ачысціцца вадаём. Мабільны комплекс дазволіць не губляць час на дастаўку проб вады ў стацыянарную лабараторыю, дзе даследаванні могуць працягвацца двое-трое сутак.


Перасоўны даследчы пункт «прапісаўся» ў мікрааўтобусе. На лічаных «квадратах» салона кампактна размясціліся рабочыя сталы і крэслы, якія фіксуюцца падчас руху, камп’ютар і прынтар, паліцы, халадзільныя і маразільныя адсекі — для дастаўкі проб, якія патрабуюць больш дасканалага даследавання, у стацыянарную лабараторыю патрэбны асобы тэмпературны рэжым. Прадугледжаны шафа для спецыяльнай вопраткі, рукамыйнік, кандыцыянер для падтрымання патрэбнага мікраклімату, помпа для адбору проб падземных вод і, зразумела, абсталяванне для аналізаў. Большасць апаратуры працуе ад акумулятараў, а для той, якая не можа абысціся без электрычнасці, прадугледжаны генератар.

Для аналізу ў мабільнай лабараторыі дастаткова літра вады.

— Пры неабходнасці лабараторыя можа выехаць у любую кропку краіны, — завярае Аксана Сарокіна, загадчыца лабараторыі якасці вод і забруджвання зямель РЦАК. — Яе абсталяванне дазваляе правесці каля дзясятка экспрэс-аналізаў: на ўдзельную электраправоднасць вады, колькасць кіслароду, узровень PH, наяўнасць фасфатаў, нітратаў і нітрытаў, хларыдаў, сінтэтычных паверхнева-актыўных рэчываў — прасцей кажучы, мыйных сродкаў. На месцы вызначым склад вады. Калі ў ёй, напрыклад, перавышана колькасць азоту ці прысутнічаюць фасфаты — спецыялісты адправяцца на пошукі крыніцы зліву шкодных рэчываў. У выпадку нізкай колькасці кіслароду правядуць мерапрыемствы для яе павышэння.

Абсталяванне перасоўнага даследчага пункта дазваляе правесці каля дзясятка экспрэс-тэстаў.

Як жывецца рыбцы?

Наш мікрааўтобус бярэ курс за горад, на вадасховішча «Крыніца». Гэтае месца адпачынку папулярнае круглы год. Мы праверым якасць вады, асаблівую ўвагу звернем на ўзровень кіслароду, каб прадухіліць заморы. Дарэчы, такія пробы на вадаёмах, дзе ёсць рыба, робяць з 1 студзеня да 1 красавіка пры наступленні ўстойлівых (не менш за 5 дзён) маразоў ніжэй за —15 °С. Летам замеры праводзяць з 15 чэрвеня па 20 жніўня, калі не менш за тыдзень трымаецца тэмпература паветра вышэй за +25 °С.

Ганна Гармель, намеснік загадчыка лабараторыі якасці вод і забруджвання зямель РЦАК, з дапамогай тэлескапічнага пробаадборніка, які таксама ўваходзіць у абсталяванне мабільнай лабараторыі, апускае ёмістасць у ваду:

— Стацыянарнай лабараторыі для вызначэння неабходных паказчыкаў трэба ад 3 да 5 літраў вады, а мабільнай дастаткова літра: экспрэс-тэсты разлічаны на мінімальныя дозы.



Спецыяльная каністра, у якую з дапамогай лейкі пераліваецца проба, абавязкова падпісана, каб пазбегнуць блытаніны пры ўнясенні паказчыкаў у базы дадзеных. Ганна нясе яе ў мікрааўтобус, дзе ўжо падрыхтаваў абсталяванне Аляксандр Сідляронак, вядучы інжынер-хімік лабараторыі. Кожны прыбор знаходзіцца ў асобным спецыяльным чамаданчыку. Адзін вызначыць колькасць кіслароду ў вадзе, другі — удзельную электраправоднасць, трэці — узровень PH, чацвёрты — колькасць аніёнаў і катыёнаў, аманійнага азоту і іншых біягенных элементаў. Вада разліваецца па шклянках, у кожную з якіх апускаецца датчык адпаведнага прыбора. На дысплэі адразу відаць асноўныя паказчыкі. Чалавеку недасведчанаму яны нічога не кажуць, але Аляксандр задаволены: усё ў норме.

З такой колькасцю ў вадзе растворанага кіслароду заморы рыбе не пагражаюць.

Асноўны прыбор — спектрафатометр адной з апошніх мадэляў, які і вызначае наяўнасць і колькасць шкодных хімічных рэчываў у вадзе. Для апарата падрыхтаваны спецыяльныя тэст-камплекты рэактываў. Ён здольны прадставіць вынік даследавання аднаго паказчыка літаральна праз 15—20 хвілін.

— Мабільная лабараторыя дазволіць вырашыць праблему аператыўнасці правядзення аналізаў, — падкрэслівае Міхаіл Жураў, начальнік Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. — Эфектыўнасць яе працы будзе вызначацца хуткасцю, з якой мы можам выявіць і ацаніць надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з якасцю вады.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter