"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Сардэчную падзяку за пошук сяброўкi юнацтва выказала сумеснаму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” мiнчанка Ганна Канстанцiнаўна Капшай. “Мы сустрэлiся i доўга не маглi паверыць, што такое магло адбыцца праз 45 гадоў. Пазналi адна адну, праўда, са слязамi радасцi. Убачылi дзяцей, унукаў — пераканалiся, што жыццё не прайшло дарэмна. Дзецi нашы дастойныя людзi, спадзяёмся, што i ўнукi будуць такiмi ж. Жадаю ўсiм супрацоўнiкам праекта “Помнi iмя сваё...” моцнага здароўя, дабрабыту i поспехаў у працы. Вялiкi мацярынскi дзякуй вам ад Ганны Канстанцiнаўны Капшай”.

Дзякуй вам, Ганна Канстанцiнаўна, за такiя цёплыя словы ў наш адрас. Мы вельмi рады, што дапамаглi здзейснiцца вашай даўняй мары. Спадзяёмся, што больш вы не страцiце сувязь са сваёй сяброўкай.
62 гады Беларусь жыве ў мiры i згодзе, будуе моцную квiтнеючую краiну. Але i дагэтуль шчымiць сэрца ў тых, хто зведаў жахi, пакуты, страту блiзкiх, дарагiх людзей у гады Вялiкай Айчыннай вайны. У жонак яна адняла мужоў, у мацi — сыноў, дзяцей зрабiла сiротамi. I дагэтуль людзi шукаюць звесткi пра сваiх родных i блiзкiх, мараць пакланiцца iх магiлам. Сёння мы друкуем менавiта такiя пiсьмы, прасякнутыя болем i надзеяй.
ПАМЯЦЬ СЭРЦА
“Цяжка жыць чалавеку, калi ён нiчога не ведае пра сваiх блiзкiх. Так адбылося ў майго мужа Уладзiмiра Мiкалаевiча Рака. Яго бацька Мiкалай Мiкалаевiч РАК, 1911 года нараджэння, ураджэнец вёскi Шчарбовiчы Баранавiцкага раёна, удзельнiчаў у Вялiкай Айчыннай вайне. Служыў у 785-м стралковым палку 144-й стралковай дывiзii, але дамоў з вайны не вярнуўся. Сям’я атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак у 1944 годзе ва Усходняй Прусii. Мiнула шмат гадоў з таго часу, але пакуль жывы хоць адзiн з дзяцей салдата (а iх было чацвёра), будзе жыць памяць аб тым, хто аддаў сваё жыццё за нас жывых. Жонка Мiкалая Мiкалаевiча да апошняй хвiлiны свайго жыцця верыла, што муж жывы, i чакала яго, але не дачакалася. Нам жа хочацца ведаць праўду: можа, ён жывы застаўся i па якiх-небудзь прычынах не змог вярнуцца дамоў, а можа, i загiнуў. Дзе? Як? Калi хто з саслужыўцаў памятае яго або ведае што-небудзь пра яго лёс, прашу адгукнуцца. Фаiна Мiхайлаўна Рак, горад Баранавiчы”.
“Мой бацька Аляксандр Ануфрыевiч ЯНЧАНКА, 1914 года нараджэння, прапаў без вестак у 1941 годзе. Быў лейтэнантам. Апошняе пiсьмо ад яго родныя атрымалi
18 чэрвеня 1941 года. Можа, з вашай дапамогай, а таксама добрых людзей пашчасцiць хоць што-небудзь даведацца пра лёс бацькi. Дзiна Аляксандраўна Мацюшэнка, горад Рэчыца”.
Алена Канстанцiнаўна Федаркевiч пошук свайго бацькi Канстанцiна Сцяпанавiча IГНАТОВIЧА пачала два гады таму. “Вясной 1945 года ён прапаў без вестак. Я звярталася ў Беларускi Чырвоны Крыж i ў архiў Мiнiстэрства абароны ў горадзе Падольску. Але там толькi пацвердзiлi, што бацька прапаў без вестак. Можа, з вашай дапамогай я што-небудзь даведаюся пра яго лёс”.
Звесткi пра свайго бацьку Аляксандра Трыфанавiча БАЛДОЎСКАГА спадзяецца атрымаць жыхарка Магiлёўскай вобласцi Галiна Аляксандраўна Собалева.
Iван Мiкалаевiч Новiкаў з Лiды хоча даведацца пра лёс бацькi Мiкалая Фядосавiча НОВIКАВА, 1908 года нараджэння, ураджэнца Клiмавiцкага раёна, якi ў жнiўнi 1942 года прапаў без вестак. Прымаў удзел у баявых дзеяннях у раёне Растова i Паўночнага Каўказа. З сакавiка 1942 года — на пасадзе начальнiка 5-га аддзела 275-й стралковай дывiзii 37-й армii. Меў воiнскае званне капiтана. Iван Мiкалаевiч спадзяецца, што, магчыма, у Беларусi жывуць ветэраны, знаёмыя з бацькам. А можа, каму вядомы баявы шлях 275-й стралковай дывiзii?                                   
У лiпенi 1944 года прапаў без вестак Уладзiмiр Iванавiч ТУРОМША, 1908 года нараджэння, ураджэнец Заслаўскага раёна Мiнскай вобласцi. Звесткi пра яго шукае дачка мiнчанка Станiслава Уладзiмiраўна Урбан.
“Мой бацька Ерамей Цярэнцьевiч ЛЮБЯНКОЎ, 1909 года нараджэння, быў кадравым афiцэрам. Апошняе месца яго службы — Малдавiя, горад Камрат, танкавыя войскi. Прапаў без вестак 21 студзеня 1943 года. Хачу адшукаць месца, дзе ён пахаваны. Бацькаў родны брат Iларыён Цярэнцьевiч ЛЮБЯНКОЎ таксама прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай. Пасля акупацыi фашыстамi нашай вёскi Баброва Дубровенскага раёна да нас прыйшоў аднавясковец i сказаў, што дзядзьку забралi ў Германiю на працу. Сам гэты чалавек паспеў збегчы з эшалона з палоннымi, а дзядзька не змог. Хачу даведацца пра лёс свайго бацькi i дзядзькi. Яўген Ерамеевiч Любянкоў”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Шукаю месца пахавання айчыма Мiхаiла Пятровiча ЗУБАВА, 1908—1909 года нараджэння. Ён служыў у Савецкай Армii ў званнi маёра. Гэта быў справядлiвы i адданы сваёй Радзiме чалавек. У студзенi 1944 года родным прыйшло паведамленне, што ён памёр ад ран. Я не ведаю, дзе гэта пахавальная, бо мама даўно памерла, а там, здаецца, было ўказана месца яго пахавання. Звяртаюся да тых, хто служыў разам з Мiхаiлам Пятровiчам Зубавым, а можа, пачуе цi прачытае маё пiсьмо былы салдат, якi якраз i займаўся яго пахаваннем. Шаноўныя ветэраны, калi ласка, адгукнiцеся i дапамажыце. Людмiла Максiмаўна Арлоўская, горад Чавусы”.
Сваiх родных, якiя прапалi без вестак падчас вайны, да гэтага часу шукае Валянцiна Цiмафееўна Уласава з Бабруйска. Яна хоча даведацца пра лёс Iвана Пятровiча ДАРОШЧАНКI (1924 года нараджэння) i Сямёна Пятровiча ДАРОШЧАНКI (1925 года нараджэння).
Аляксандра Рыгораўна Малышкавец са Светлагорскага раёна шукае свайго брата Мiхаiла Рыгоравiча МАЛЫШКАЎЦА, 1919 года нараджэння. “У 1939 годзе брата забралi ў войска. Служыў ён у Растове-на-Доне. З пачатку вайны ад брата не было нiякiх звестак. Можа, ён загiнуў, а можа, трапiў у палон i потым, як многiя, застаўся жыць за мяжой. Нашы бацькi паехалi ў свой час у Фiнляндыю, вяртацца не маглi, там i загiнулi”.
ШТО ЗДАРЫЛАСЯ ЗIМОЙ 1942-га?
“Наш бацька Харытон Рыгоравiч ЛУГIН быў забiты 17 студзеня 1942 года. Напачатку вайны ён прызываўся на фронт, аднак быў адпраўлены дадому. Мяркую, што ён быў сувязным у партызанскiм атрадзе. Таму, як немцы ўвайшлi ў нашу вёску Барбарова Глускага раёна, першай спалiлi бацькоўскую хату.  Хачу даведацца, дзе служыў бацька, што на самай справе здарылася зiмой 1942 года. Рыгор Харытонавiч Лугiн, Магiлёўская вобласць”.
СЛЯДЫ ВЯДУЦЬ НА БЕЛАСТОЧЧЫНУ
“Мая сястра Ганна Сцяпанаўна ЯЎСЕЕВА (Ануфрыева), 1912 года нараджэння, разам з мужам Рыгорам i дзецьмi Раiсай i Люсяй паехалi ў 1940 годзе ў Заходнюю Беларусь. Там былi патрэбны камсамольскiя работнiкi, кiраўнiкi ў сельскую гаспадарку, прамысловасць i iншыя галiны. Такiм добрым арганiзатарам i быў муж сястры Рыгор. Да ад’езду жылi i працавалi ў саўгасе “Цiманава” Клiмавiцкага раёна. У Беластоцкай вобласцi яны жылi на станцыi Лапы, працавалi ў саўгасе “Каменны двор”. Па гэтым адрасе мы перапiсвалiся з сям’ёй сястры да пачатку нямецкай акупацыi. З таго часу сувязь абарвалася. Пасля вайны мы пiсалi туды, аднак адказу не было. Хочацца даведацца, што здарылася з сям’ёй Яўсеевых. Да таго ж з iмi паехаў у Беласточчыну i брат Рыгора Iван ЯЎСЕЕЎ. Можа, хто са слухачоў цi чытачоў, якiя жывуць цi жылi ў Польшчы, пазнае прозвiшча, паведамiце. Вольга Сцяпанаўна Палякова, горад Магiлёў”.
НА ЛIТОЎСКАЙ ЗЯМЛI
“З вайны не вярнуўся мой стрыечны брат Вiктар Iванавiч ПУПЕЙКА, 1923 года нараджэння. Змагаўся ў партызанскiм атрадзе, у лiпенi 1944 года пайшоў на фронт. Прыкладна ў красавiку 1945-га сям’я атрымала ад яго пiсьмо, здаецца, з Лiтвы. У жнiўнi яго бачылi сябры на пасту, ахоўваў нейкi ваенны аб’ект. З таго часу нiякiх звестак пра брата мы не атрымлiвалi. Пiсалi ў райваенкамат, адказ — прапаў без вестак. Магчыма, ён загiнуў ад рук так званых “лясных братоў” на тэрыторыi балтыйскай краiны. Можа, ёсць дзе могiлкi ў Лiтве, на якiх пазначана прозвiшча i iмя брата. Ён нарадзiўся i вырас ў вёсцы Вараб’евiчы Капыльскага раёна. Мiхаiл Канстанцiнавiч Малiбошка, Мiнская вобласць”.

З ПАЛОНУ НЕ ВЯРНУЎСЯ
“Пiша вам Марыя Мiкалаеўна Дзенiсёнак з Полацкага раёна. Звяртаюся да вас, як i многiя iншыя дзецi ваеннага часу, якiх вайна пазбавiла бацькоў. Дапамажыце даведацца хоць што-небудзь пра майго бацьку. Калi загiнуў, то дзе пахаваны, калi выжыў, то, можа, знойдзецца хто-небудзь i раскажа пра тое, якiм быў яго пасляваенны лёс. Звалi бацьку Мiкалай Фёдаравiч АНТОПАШ, 1909 цi 1910 года нараджэння. Да вайны разам з сям’ёй жыў у Вiцебску, працаваў на цагельным заводзе. У лiку першых пайшоў на вайну. Трапiў у палон. Адзiн знаёмы расказваў, што бачыў яго сярод палонных у Лепелi. Туды адразу адправiўся бацька таты, наш дзядуля, але дарэмна. Яму сказалi, што палонных пагналi далей, быццам бы ў бок Польшчы”.

ПАСЛЯ ВАЙНЫ БЫЛО ПIСЬМО
“Я, Марыя Iванаўна Хаткевiч, хачу знайсцi сваю цётку Ганну Проклаўну СКРЫПЛЁНАК. Гэта родная сястра майго бацькi. У iх сям’i было тры сястры i чатыры браты. Яна самая малодшая, здаецца, 1920 года нараджэння. Жылi ў вёсцы Земцы Шаркоўшчынскага раёна. Потым Ганна Проклаўна выйшла замуж у вёску Васiлiны Пастаўскага раёна, але жыла там нядоўга. У час вайны яе вывезлi ў Германiю. Прозвiшча па мужу добра не ведаю, здаецца, ПАВIНIЧ Анюта. Пасля вайны было адно пiсьмо ад яе, а потым нiякiх звестак. Хачу ведаць, як склаўся лёс цёткi, а можа, яна адгукнецца”.

З АПОШНЯЙ НАДЗЕЯЙ
“Да вас звяртаецца пенсiянерка Ларыса Мiхайлаўна Фiсейка (Планiна). Нарадзiлася я i жыла ў Тосненскiм раёне Ленiнградскай вобласцi. 22 чэрвеня 1941 года майго бацьку Мiхаiла Васiльевiча ПЛАНIНА, 1912 года нараджэння, забралi на вайну, з якой ён не вярнуўся. Мама засталася са мной у Тосна. У 1943 годзе нас вывезлi ў Латвiю на прымусовыя работы. Пасля вайны мы вярнулiся на радзiму i атрымалi паведамленне, што бацька загiнуў. Восенню 1945 года прыехалi ў Беларусь, дзе жылi мае бабуля з дзядулем. Увесь час не давала спакою думка: дзе i пры якiх абставiнах загiнуў бацька? Пiсала ў архiвы, ваенкаматы i г.д., але дакладных звестак не атрымала. Вы мая апошняя надзея”.
У СПIСАХ НЕ ЗНАЧЫЦЦА
“Звяртаецца да вас Галiна Адамаўна Валадзько з Мiнска. Прашу дапамогi ў пошуках майго бацькi Адама Пятровiча ВАЛАДЗЬКО, 1910 года нараджэння. Да Вялiкай Айчыннай вайны наша сям’я жыла ў Барысаве. Бацька працаваў на аўтарамонтным заводзе механiкам. Незадоўга да пачатку вайны ваенкамат накiраваў яго ў Баранавiчы на вайсковы аэрадром. У першыя днi вайны фашысцкiя самалёты яго разбамбiлi. Савецкiя войскi адступалi. На трэцi дзень вайны бацька прымчаў на грузавой машыне ў Барысаў, але ваенкамата ўжо не было ў горадзе. Бацька адвёз маму, мяне i маю малодшую сястру ў вёску Палядзi Чэрвеньскага раёна, а сам з таварышам паехаў у магiлёўскiм напрамку даганяць рэгулярныя вайсковыя часцi i ваяваць за Радзiму. Гэта было ў 1941 годзе. З таго часу пра бацьку няма нiякiх звестак. Пасля вайны мама пасылала запыты ў вайсковыя архiвы Масквы, Падольска. Ёй адказвалi, што ў спiсах загiнуўшых на фронце, прапаўшых без вестак, памерлых ад ран Адам Пятровiч Валадзько не значыцца. З архiва КДБ Беларусi адказ такi ж самы. Можа, хто адгукнецца i дапаможа мне ў пошуках”.
ДАРАГI НАШ ЧАЛАВЕК
“Мой бацька Аляксандр Анiсiмавiч АНУФРЫЮК, 1907 года нараджэння, загiнуў у сакавiку 1945 года. Атрымалi пахавальную. Мы з мамай, а нас у яе было трое, доўга чакалi бацьку. А раптам прыйдзе! Бывалi ж розныя выпадкi. Не прыйшоў. Сказаць слова “бацька” не было каму. У пахавальнай паведамлялася месца, дзе загiнуў дарагi чалавек: Германiя, раён Гольна, вёска Грос. Калi я была студэнткай, хацела знайсцi яго. Мне старалася дапамагчы настаўнiца з былой ГДР. Яна сказала, што адрас недакладны, што вёска Грос (у перакладзе вялiкая) — першая частка назвы, а другая невядомая. У Дзень Перамогi заўсёды мокрыя вочы. Успамiнаю, як танцавалi, весялiліся аднавяскоўцы, якiя вярнулiся з вайны, а мая мама са мной на руках i дзвюма старэйшымi маiмi сёстрамi побач стаяла i плакала. Усю сябе мама аддавала нам, сваiм дзецям, таму я добра зразумела, што значыць для дзяцей мець бацьку i як дрэнна, калi яго няма. Усё перавярнулася ў маёй душы, калi я пачула словы песнi:

    Я дождь люблю, люблю цветы,
    Люблю весну,
    А войны я умею ненавидеть,
    Но я смотрю все фильмы
    про войну,
    Как будто в них могу отца увидеть.

Не ведаю, хто напiсаў i выконваў гэту песню, але яна гучыць у маёй душы дагэтуль. Бацьку ў кiно, канешне, я не ўбачыла, а ведаць пра яго вельмi хочацца. Лiчу сябе вiнаватай перад мамай, што ў свой час, пакуль яна была жывая, не прыклала намаганняў, каб даведацца пра бацьку. Спадзяюся, што вы дапаможаце мне. Кацярына Аляксандраўна Пiлiпчук (Ануфрыюк), горад Брэст”.
ДАВАЙЦЕ СУСТРЭНЕМСЯ!
А гэты зварот ад дзяцей вайны, якiя змаглi ў мiрны час вучыцца i вучыць iншых.
“У 1956 годзе мы закончылi Гомельскае педвучылiшча. Выпуск быў вялiкi — звыш 200 чалавек (настаўнiкi малодшых класаў i пiянерважатыя). Большасць накiравалi ў Брэсцкую i Гомельскую вобласцi. Цяпер, праз 50 гадоў, мы хочам сустрэцца. Месца сустрэчы: г.Гомель, вул. Пралетарская, музпедвучылiшча. Чакаем усiх 8 лiпеня ў 12 гадзiн. Ад iмя былых выпускнiкоў Сямён Сцяпанавiч Кейзераў. Тэл. у Гомелi 74-26-91, ва Уваравiчах Гомельскай вобласцi 43-3-15”.

ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I
“З дапамогай сродкаў масавай iнфармацыi я даведалася, што ў Кёнiгсбергу было два лагеры. Адзiн з iх працоўны, а другi — канцэнтрацыйны. Адзiн з iх называўся Арбайцант. У гэты лагер быў накiраваны наш бацька Антон Мiхайлавiч ПАРХАЦ, 1908 года нараджэння, ураджэнец вёскi Заслучна Брэсцкага раёна. У 1942 годзе немцы арыштавалi яго за тое, што ён хаваў у хляве рускiх салдат i дапамагаў партызанам. Яго i траiх суседзяў павезлi ў жандармерыю. З жандармерыi Антона адправiлi ў гестапа ў Беласток (ёсць пацвярджэнне), а ў 1943 годзе — у Арбайцант. Гэты лагер ён памятаў да самай смерцi. Але звесткi пра яго знайсцi не магу, каб атрымаць пацвярджэнне пра заключэнне.
Са сваiмi малодшымi братамi Грышам i Сямёнам Антон Пархац разлучыўся яшчэ ў 1938 годзе, калi тыя пайшлi служыць у польскую армiю. Рыгор у 1939 годзе трапiў у палон i быў накiраваны ў нямецкую турму ў Навагрудку, а 25.01.1940 года быў вывезены ў Заходнюю Прусiю на працу ў шахтах у горадзе Moers. Вызвалены амерыканскiмi войскамi. Не ведаючы пра лёс сваiх родных, трапiў у Амерыку. Праз 53 гады — 21 жнiўня 1991 года — браты Рыгор i Антон сустрэлiся ў Мiнску (фота).
Невядома, калi трапiў у палон Сямён (фота). Ён быў адпраўлены ў канцлагер у Острув-Мазовецка, дзе (па непацверджаных звестках) быў расстраляны пры другой спробе ўцячы. Як паведамiлi з Острув-Мазовецка, там знаходзiцца вялiкае брацкае пахаванне без указання прозвiшчаў. Назвы лагера не ведаю. Як расказваў бацька, там знаходзiлася 41 тысяча савецкiх ваеннапалонных. Магчыма, гэта быў лагер Хамельбург. Хочацца ведаць, дзе пахаваны дзядзька Сямён.
Самая малодшая бацькава сястра Соня (на фота справа), 1922 года нараджэння, да вайны працавала на пошце ў Кнышыне тэлеграфiсткай. У 1939 годзе яна выйшла замуж за капiтана НКУС Кастрамiна (або Кастрамiцiна). Калi пачалася вайна, муж адправiў Соню з дачкой да сваiх бацькоў у Расiю. Але поезд разбiлi немцы цi пад Бабруйскам, цi пад Магiлёвам. Дзяўчынка загiнула, а Соня пайшла на фронт. Дзе прызывалася, не ведаю. Ваявала на Украiнскiм i Беларускiм франтах. У пачатку вайны была радысткай, а ў канцы зенiтчыцай. Разам з войскамi Чырвонай Армii вызваляла Дрэздэн. Яе муж з вайны не вярнуўся. Па непацверджаных даных, не выйшаў з акружэння. Соня дэмабiлiзавалася з армii ў 1946—1947 гадах. Дапамажыце даведацца, якiм ваенкаматам была прызвана i ў якiх часцях ваявала. Дачка Антона Лiдзiя Пагодзiна (Пархац)”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter