“Помні імя сваё”

Праляцеў яшчэ адзін год. Для супрацоўнікаў сумеснага пошукавага праекта “Помні імя сваё” Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” 2008-ы быў плённым у творчым плане. Мы з калегамі атрымалі шмат пісем ад слухачоў і чытачоў “НГ”. Больш за 280 грамадзянам мы дапамаглі даведацца адно пра аднаго, а некаторым і сустрэцца. Спадзяёмся, што знаходкі і шчаслівыя сустрэчы людзей абавязкова будуць і сёлета.

Рэха вайны
 “Мая маці Анастасія Аляксееўна Трызнюк жыла ў вёсцы Застарынне Салігорскага раёна. Аднойчы паехала ў Мінск наведаць брата, які служыў там у войску, і знайшла сваё каханне. Маладыя людзі сустракаліся,  потым пажаніліся. У 1939 годзе нарадзілася я. Бацька Мікалай Няфёдавіч КОВАЛЬ служыў у 13-м пяхотным палку, быў камандзірам узвода. Яго накіравалі ў Брэст, і мы паехалі туды. А потым апынуліся ў Беластоку. Бацька прыходзіў дадому і часта казаў маці: “Настачка, напэўна, будзе вайна”. 22 чэрвеня 1941 года, калі яна пачалася, татка пайшоў на фронт і дадому не вярнуўся.У 1945-м атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Я ў той час была малая і бацьку не памятаю. Аднойчы знаёмыя чулі па радыё, што дзесьці знайшлі патрон, у якім была запіска ад Мікалая Няфёдавіча Коваля. Можа, і праўда, гэта ён пісаў? Хачу даведацца пра ваенны лёс роднага чалавека. Святлана Мікалаеўна Каржанеўская, Салігорск”.
“Мой бацька Антон Іванавіч ГРАМАКОЎСКІ не вярнуўся з фронту. Мне было чатыры гады, калі пачалася вайна. Тату  не памятаю, бачыла толькі яго фотаздымак. Маці расказвала, што быў ён прыгожы, вясёлы, дужы. Працаваў трактарыстам і вельмі любіў насіць белую кашулю. Дзеці ў вёсцы казалі: “Калі дзядзька Антон пойдзе на вайну, фашыстаў кулаком заб’е”. На фронт бацька быў накіраваны ў 1941 годзе, у самым пачатку вайны Шклоўскім райваенкаматам. Дамоў не вярнуўся. Пасля вайны атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Дапамажыце даведацца пра лёс бацькі. Ядвіга Антонаўна Шумейка, Магілёўскі  раён”.
Сям’я Семяньковых з Салігорска  шукае весткі пра ваенны лёс Фёдара Нічыпаравіча СЕМЯНЬКОВА. Апошні ліст ад яго атрымалі, калі баі былі непадалёку ад ракі Бярэзіны. Родныя просяць адгукнуцца тых,  хто ваяваў разам з ім.
“Дапамажыце знайсці месца пахавання брата Івана Цімафеевіча ЯГОРАНКІ, 1916 года нараджэння. Наш бацька загінуў у грамадзянскую вайну. Засталося шасцёра дзяцей. Старэйшы Іван дапамагаў маці выхоўваць нас. Ён вучыўся і працаваў адначасова. Быў вельмі добры, чулы. Яго партрэт дагэтуль вісіць у мяне на сцяне. І другога брата таксама. Пётр, як і Іван, вучыўся ў Віцебску. У час Вялікай Айчыннай змагаўся ў партызанскім атрадзе. Марыя Цімафееўна Таляронак, Докшыцкі раён”.
“Шукаю Леаніда Іванавіча БАГДАНАВА, які да 1941 года служыў у Брэсце. Калі пачалася вайна, ён з групай таварышаў выходзіў з акружэння. У 1943-м апынуўся ў Мядзельскім раёне. Быў паранены. Атрад пайшоў выконваць заданне, а Леанід і некалькі партызан, сярод якіх былі хлопчыкі Віця і Аркадзь, засталіся. Іх завезлі і схавалі на балоце. Партызаны, якія былі з імі, трапілі ў варожую засаду і загінулі. У час блакады фашысты палілі вёскі, людзей, хто маладзейшы і дужы, адпраўлялі ў Германію. Вёску Лук’янавічы, у якой мы жыл, таксама спалілі. Нашу сям’ю прытуліла сястра бацькі, якая жыла на хутары ля вёскі Узла ў нашым раёне. Рызыкуючы сваім жыццём і пяцярых дзяцей, бацька  ноччу запрог каня і прывёз на гэты хутар параненага партызана Леаніда Багданава, даглядаў яго, затым запрасіў доктара, які зрабіў Леаніду аперацыю. Леанід і два хлопчыкі, якія былі з ім, жылі ў нас больш як паўгода. Іншы раз наведваліся партызаны. Бацька звярнуўся да аднаго з іх,  Алега Бычка, які дапамог адправіць Леаніда з хлопчыкамі на “вялікую зямлю”, як тады казалі. Зараз я жыву на вуліцы, якая названа імем Героя Савецкага Саюза Алега Бычка. Цікава, як склаліся лёсы людзей, якіх я ўзгадала. Можа, адгукнуцца іх дзеці, сваякі, знаёмыя. Зінаіда Сямёнаўна Болах, Мядзел”.
“Мой бацька Іван Герасімавіч КЛІШО, 1897 года нараджэння, быў накіраваны на фронт Шклоўскім райваенкаматам. Пасля вайны атрымалі паведамленне, што ў жніўні 1944 года ён прапаў без вестак. Я ўжо ў  сталым узросце, перанесла некалькі аперацый. А душа  баліць  па-ранейшаму: што здарылася з  бацькам? Алена Іванаўна Кавалёва, Мінск”.
“Шукаю бацьку Сцяпана Апанасавіча РЫБАЛКУ, 1905 года нараджэння. Упэўнена, што загінуў ён у Беларусі. Бацька паведамляў, што 21  сакавіка 1944 года сустрэў мужа сястры, які, як стала потым вядома, у той жа дзень загінуў і пахаваны ў Жыткавіцкім раёне. Яшчэ ў нас ёсць паведамленне, што бацька 24 сакавіка 1944 года быў накіраваны ў шпіталь вайсковай часці 25 264. Далейшы  яго лёс невядомы. Лідзія Сцяпанаўна Аршынская, Калінкавічы”.
“Мой бацька Міхаіл Мікалаевіч СЯЛЕДЧЫК, 1908  года нараджэння, жыхар вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна, 28 сакавіка 1941 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі Быценскім райваенкаматам. Службу праходзіў на Беласточчыне. Пасля таго як пачалася Вялікая Айчынная вайна, аднавясковец  бачыў яго ў шпіталі ў Беластоку, параненага асколкам у спіну. На гэтым сувязь паміж намі абарвалася. З Масквы прыйшоў адказ, што бацька прапаў без вестак у верасні 1944 года. Можа, сярод жывых засталіся яго таварышы па службе і могуць паведаміць пра лёс бацькі? Іван Міхайлавіч Сяледчык, Івацэвіцкі раён”.
“Шукаю магілу дзядзькі Івана Рыгоравіча ПРЭДКО, прыкладна 1922--1924 года нараджэння, ураджэнца Пружанскага раёна. У 1944-м яго прызвалі ў армію. Прыслаў бацька толькі адзін ліст са словамі: “Дарагія родныя. Вучуся на разведчыка.” Больш пра яго мы не ведаем. Іван Сямёнавіч Міхальчук, Ваўкавыск”.
“Мой брат Іван Майсеевіч ВАЛЬКЕВІЧ, 1917 года нараджэння, ураджэнец вёскі Жорнаўка Бярэзінскага раёна, у 1943-м быў прызваны ў армію Бярэзінскім райваенкаматам. У канцы таго ж года прыйшла пахавальная. Я даведалася, што ўвесь іх атрад загінуў на Курскай дузе. Дапамажыце знайсці магілу Івана, каб пакланіцца той зямельцы і пакласці кветкі. Ганна Майсееўна Кухлеўская (Валькевіч), Беразіно”.
“У 1939--1940 гадах мой брат Ягор Сямёнавіч ІВАНОЎ, 1920 года нараджэння, ураджэнец Гарадоцкага раёна, быў прызваны ў армію. Пісаў нам лісты. У адным з іх было пазначана, што служыць ён у горадзе Казань (Расія). Калі пачалася вайна, іх часць пасадзілі ў цягнік і тэрмінова накіравалі ў Оршу, дзе ішлі баі. Частка салдат загінула, а астатнія трапілі ў палон. Некаторым пашчасціла збегчы. Яны ішлі з баямі на Смаленск. Дзе мой брат, ніхто не ведае. З Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны прыйшоў адказ, што Ягор Сямёнавіч Іваноў прапаў без вестак у чэрвені 1944 года. А дзе мой брат быў да гэтага часу? Можа, адгукнуцца яго аднапалчане і раскажуць пра апошнія дні яго жыцця, а галоўнае -- дзе магіла брата. Віктар Сямёнавіч Іваноў, Гарадок”.
Дарагія сябры
“Дапамажыце знайсці блізкага мне чалавека, сябра, разам з якім праходзіў нялёгкую салдацкую службу, Івана Рыгоравіча САБЧУКА, 1935--1936 года нараджэння. Да службы ў войску ён жыў у Хмяльніцкай вобласці, ва Украіне. Служылі мы ў 1954--1957 гадах у Ленінградскай вобласці. Тэрмін службы закончыўся, мы падарылі адзін аднаму фотаздымкі, а вось адрасамі не абмяняліся. З таго часу мінула больш як 50 гадоў. Дзе ты, Іван? Гады бягуць вельмі  хутка, восьмы дзесятак мы размянялі. Хачу ведаць, як здароўе сябра, як склаўся яго лёс. Высылаю фотаздымак Івана, які ён падарыў мне ў 1956 годзе ў Карэліі, дзе мы будавалі чыгуначны вакзал і жылі ў палатках. Іван быў вельмі сціплым, стрыманым чалавекам, за гэта я яго паважаў. Спадзяюся, што з вашай дапамогай знайду яго і, дасць Бог, сустрэнемся. Дзмітрый Андрэевіч Неўміравіцкі, Ельск”.
“Шукаю сяброўку Людмілу КІЙКО, з якой у 1963 годзе звёў лёс у вайсковай часці ў Баранавічах. Прашу таксама адгукнуцца іншых дзяўчат, з якімі мы разам служылі больш як 40 гадоў таму. Тэрэза Іосіфаўна Сямёнава (Лабажэвіч), Ляхавічы”.
Крык душы
“Шукаем нашага бацьку, мужа і дзядулю Мікалая Уладзіміравіча ДАДЗЕКУ. У студзені 2007 года ён выехаў з вёскі Боркавічы Верхнядзвінскага раёна, і дагэтуль месцазнаходжанне яго невядома. Яму 72 гады, сівы, сярэдняга ўзросту, носіць акуляры, можа гаварыць неразборліва, страчвае памяць. У дзень ад’езду на ім былі карычневыя куртка і чаравікі, чорныя штаны, шапка і сумка.  Можа, хто ведае пра нашага дарагога чалавека, бачыў яго, сустракаў дзе-небудзь, адгукніцеся, дапамажыце ў нашым горы. Таццяна Мікалаеўна Красько, Наваполацк”.
Блізкія людзі
“Дапамажыце знайсці маіх стрыечных: брата Леаніда Канстанцінавіча ЕЎЦІХЕВІЧА, прыкладна 1935--1937 года нараджэння, і сястру Галіну Канстанцінаўну ЕЎЦІХЕВІЧ (прозвішча дзявочае), прыкладна 1938--1939 года нараджэння. Іх бацька ведаў некалькі замежных моў, працаваў ва Уладзівастоку ў банку. Маці родам з Дрыбіна, была настаўніцай. Памятаю, як Лёня і Галя, калі былі малыя, прыязджалі да нас, у Клімавічы. Хочацца ведаць, дзе зараз яны жывуць, як склаўся лёс. Тамара Уладзіміраўна Напрэенка, Клімавічы”.
“Шукаю родных пляменнікаў Юрыя Фёдаравіча і Аляксандра Фёдаравіча ЦЫКУНОВЫХ. Бацька Юры і Сашы жыў у Мінску, але ён памёр, маці таксама. Я хачу ведаць, як склаўся лёс пляменнікаў. Уладзімір Андрэевіч Цыкуноў, Магілёўскі раён”.
Валянціна Мікалаеўна Каліненка з Брэста шукае былую суседку Яўгенію Мікалаеўну АНТАНЮК, якая даглядала яе ў дзяцінстве, калі маці не было дома.
“Мой аднакласнік Уладзімір Антонавіч МУЖАЎ, 1947 года нараджэння, жыў у вёсцы Мосарава  Шумілінскага раёна. У 1962 годзе мы закончылі школу-васьмігодку. Я пайшла ў дзевяты клас, а  Уладзімір паехаў вучыцца ў Віцебск. У 1966-м, ведаю, ён вучыўся ў Маскве ў ваенным вучылішчы, затым, здаецца, служыў у Калінінградзе. Мінула больш як 40 гадоў. Хачу ведаць, як склаўся лёс Уладзіміра. Яшчэ шукаю пляменнікаў   майго мужа Уладзіміра Уладзіміравіча і Аляксандра Уладзіміравіча ЗАХАРАНКАЎ. Яны жылі ў Магілёўскай вобласці, затым  вучыліся ў Мінску. Іх бацька Уладзімір Фёдаравіч Захаранка быў дырэктарам школы ў Ашмянскім раёне, маці працавала настаўніцай. Калі былі студэнтамі, Уладзімір і Аляксандр часта прыязджалі да бабулі ў вёску, і мы падтрымлівалі сувязь. Затым яна абарвалася. Галіна Іванаўна Захаранка, Віцебск”.
Адгукніся, Галіна!
“Гэта было ў 1956 годзе. Я жыла тады ў Гродне. Пасля заканчэння школы паступіла ў фельчарска-акушэрскі тэхнікум. Гады вучобы праляцелі хутка, і нас накіравалі на практыку. Я паехала ў іншы горад,  жыла на кватэры ў сям’і, у якой не было дзяцей, і для іх стала як родная. Але мне трэба было ад’язджаць, з’явіліся іншыя планы, і я пазнаёміла з гэтай сям’ёй сваю сяброўку Галіну Станіславаўну АРЛОВУ, якая не мела  бацькоў. Гэта была прыгожая, добрая дзяўчына, мае знаёмыя абрадаваліся, калі ўбачылі яе. Мінула шмат часу. Цікава, як склаўся лёс Галіны. Антаніна Мікалаеўна Ляшук, Столін”.
Бацькі і дзеці
“Мой бацька Парфён Сямёнавіч ГАЎРЫЛЕНКА шмат гадоў жыў у Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу). Апошняя наша сустрэча адбылася з ім у 1952 годзе. Вельмі хачу на схіле гадоў даведацца пра лёс бацькі; калі памёр, то дзе пахаваны. Надзея Парфёнаўна Гаўрыленка, Магілёў”.
“Я -- інвалід першай групы, перанёс цяжкі інсульт. Мне вельмі патрэбна дапамога, таму шукаю сына Сяргея Віктаравіча ЧАРНЯЎСКАГА, 1957 года нараджэння. Ён больш як дзесяць гадоў жыве ў Канадзе, але вестак ад яго няма. Віктар Пятровіч Чарняўскі, Шклоў”.
Школьная пара цудоўная
Сёлета збіраюцца ладзіць сустрэчу выпускнікі 1969 года Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. Для гэтага ім неабходна знайсці адно аднаго. “Калі заканчвалі школу, не разумелі, што лёс раскідае нас па свеце і цяжка будзе сустрэцца. Тым не менш і праз сорак гадоў хочам гэтага. Дапамажыце знайсці Марыю Канстанцінаўну КУТАСЕВІЧ, Любоў Сідараўну КУШНЕР, Зінаіду Герасімаўну НЕЦЫПАРОВІЧ, Веру Мікалаеўну ПЯТРЫНІЧ, Алега Герасімавіча СОЎПЕЛЯ. Хочам убачыць на сустрэчы былога класнага кіраўніка Лідзію Фёдараўну БУЦЬКО, якая выкладала ў нас хімію, затым паехала на працу ў іншы раён Брэсцкай вобласці”.
“Прашу адгукнуцца сяброўку-аднакласніцу Тамару КАСПЯРОВІЧ (прозвішча дзявочае). Яна родам з вёскі Гердушкі Іўеўскага раёна. Мы разам вучыліся ў Бакштаўскай сярэдняй школе, якую закончылі ў 1960 годзе. Таксама прашу адгукнуцца ўсіх сваіх аднакласнікаў. Ірына Антонаўна Бабінская (Юргель),  Мінск”.
“Шукаю аднакласніцу Надзею Мікалаеўну ТАМІГОВУ (ці Тамігаву). Мы нарадзіліся і жылі ў пасёлку Гадылёва Быхаўскага раёна. Разам вучыліся ў школе да 8-га класа, якую закончылі ў 1970 годзе. Потым жыццёвыя шляхі разышліся. Наша сям’я пераехала ў 1971 годзе ў Магілёў. Адразу мы перапісваліся, але сувязь з часам страцілася. Таксама прашу адгукнуцца ўсіх сваіх аднакласнікаў. Мікалай Васільевіч Даніленка, Орша”.
Маладыя гады
“З Ігарам Канстанцінавічам САВІЦКІМ я пазнаёмілася ў маладосці, але лёс павярнуўся так, што мы не змаглі быць разам, хаця і кахалі адно аднаго. Праз 45 гадоў я вырашыла адшукаць каханага чалавека і высветліла, што яго ўжо даўно няма сярод жывых. У Светлагорскім раёне Калінінградскай вобласці  жывуць  яго сыны  Эдуард і Канстанцін. Хачу іх знайсці, даведацца, як склалася жыццё іх бацькі, наведаць магілу Ігара. Тамара Шаўчэнка, Дзяржынскі раён”.
Пошукі і знаходкі
Антаніна Макараўна Сямёнава з Віцебска шукала брата Аляксандра Макаравіча Плескача, з якім згубіла сувязь. Іх бацькі загінулі ў вайну. У 1945 годзе брата і сястру накіравалі ў Перавалоцкі дзіцячы дом Віцебскай вобласці. Яны там знаходзіліся да 1951 года. Потым дзіцячы дом згарэў. Малодшых адпраўлялі ў іншыя дзіцячыя дамы, а старэйшых працаўладкоўвалі. Антаніну Макараўну накіравалі ў Віцебск на фабрыку, а брата -- у Пензу. Пасля заканчэння рамесніцкага вучылішча ён там працаваў некаторы час. Потым яго прызвалі ў армію ў Хабараўск. Увесь час перапісваліся, але ў 2002 годзе сувязь абарвалася. Брат знайшоўся і вельмі чакае пісьма ад сястры. Дакладны яго адрас накіраваны па пошце.
Адам Нічыпаравіч Курчанскі з Чачэрска шукаў сына ад першага шлюбу Віктара Адамавіча Курчанскага. З Палтаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі паведамілі дакладны хатні адрас Віктара Адамавіча. Ён накіраваны пісьмом.
Аляксандр Іванавіч Кандрацік з Зэльвенскага раёна шукаў брата Сяргея Іванавіча Кандраціка. Ён з вёскі Тумашы Мастоўскага раёна, скончыў Азёркаўскую васьмігадовую  школу, у 1974 годзе паступіў у Калінінградскае марское вучылішча. З таго часу Аляксандр Іванавіч не бачыў брата. З упраўлення ўнутраных спраў па Калінінградскай вобласці паведамілі дакладны адрас брата. Ён высланы пісьмом.
Студэнцкае брацтва
“У гэтым годзе спаўняецца 45 гадоў з таго часу, як мы, маладыя і энергічныя хлопцы і дзяўчаты, закончылі Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. З дыпломамі ў кішэні і вялікімі планамі на будучыню раз’ехаліся па краіне. Зараз мы ўжо дзядулі і бабулі, але сустрэцца за гэты час нам не давялося. А сабрацца ўсім разам на сустрэчу трэба. Я памятаю сваіх аднакурснікаў Вячаслава Казіміравіча КРЭМЕНСКАГА, Мікалая Аляксандравіча СУРАВІЦКАГА, Анатоля ЛАПАЦІНА, Віктара ЧАЛЯДКУ, Якава Мікалаевіча ХАЛЯВУ, Івана Нікадзімавіча КАСМІНА і іншых. Д.Г.Сукач, Ганцавіцкі раён”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter