"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Людскія лёсы. Развітанні, выпрабаванні, сустрэчы. Кожнаму з нас хочацца мець побач родных людзей, дарадцаў і сяброў, яны заўсёды ў нашым сэрцы. Але крутыя жыццёвыя дарогі разлучаюць некаторых з нас. Мінаюць дні, гады, а пра лёс многіх нічога невядома. Родным яны бачацца ў снах, прыгадваюцца маленства, юнацтва. Так хочацца апынуцца хоць на хвілінку ў тым далёкім часе, калі блізкія людзі былі побач. Таму мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў рамках пошукавага сумеснага праекта “Помні імя сваё...” стараемся вярнуць тую дарагую хвілінку, каб яна ператварылася ў жаданую сустрэчу і каб блізкія людзі больш не разлучаліся.
Блізкія людзі

“Шукаю брата і сяброўку юнацтва. Мой брат Павел Антонавіч КОХАНАЎ нарадзіўся ў вёсцы Вомельна Пухавіцкага раёна. У 1977 годзе мы з ім жылі ў пасёлку Верхнедняпроўскі Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці. Пазней я вярнулася на радзіму, а ён застаўся там. Праз некаторы час сувязь з ім абарвалася. І сэрца баліць, што я нічога не ведаю пра яго. Пашачка! Брацік! Я вельмі турбуюся за цябе. Спадзяюся на хуткую сустрэчу. Маю сяброўку завуць Валя. Мы разам працавалі ў 1977 годзе на будоўлі ГРЭС у пасёлку Дарагабужа Смаленскай вобласці ў сталоўцы №12, якая знаходзілася паміж пяціпавярховымі дамамі. Але лёс распарадзіўся так, што я вярнулася дадому, а яна засталася там. Дзе мая сяброўка зараз? Можа, замуж выйшла і паехала з пасёлка? А, можа, жыве там? Валя! Сяброўка! Адгукніся! Людміла Антонаўна Мокар, Пухавіцкі раён”.
“Не магу знайсці свайго брата Віктара Іванавіча СЕЛІВОНА, 1942 года нараджэння. Да 1988 года ён пісаў, а потым перапіска спынілася. Колькі ні пішам, адказу няма. А жыў ён у Калінінградзе. Калі ў 1987 годзе памёр наш тата, мы давалі яму тэлеграму, але ён не з’явіўся. Пазней напісаў, што быў у камандзіроўцы. На гадавіну таксама не прыехаў. З таго часу ні слыху, ні дыху. Маці чакала яго да апошніх дзён свайго жыцця і цешыла сябе надзеяй, што калі ён пойдзе на пенсію, то прыедзе дадому назаўсёды. У 1992 годзе маці не стала. Яна не дачакалася свайго сыночка. Давалі тэлеграму, пісалі пісьмы, але яны назад не вярталіся і адказу не было. Звяртаюся да людзей, якім вядома, як склаўся лёс майго брата, паведаміце. Не губляю надзеі на хуткую сустрэчу з родным чалавекам. Рэгіна Іванаўна Юкавец, Валожынскі раён”.
“Мінула шмат гадоў, а сэрца маё не можа супакоіцца, што нічога не ведаю пра роднага брата Уладзіміра Ільіча ПРОНІНА. Ён нарадзіўся ў 1937 годзе ў сяле Аліі (або Алмі) Срэценскага раёна Чыцінскай вобласці. У 1950 годзе мы жылі ў пасёлку Какуй. Там брат жаніўся. У яго было двое дзяцей. Пры нараджэнні трэцяга дзіцяці яго жонка памерла. У хуткім часе разам з дзецьмі ён паехаў у горад Усурыйск. Там ажаніўся з Галяй (прозвішча невядома), а я выйшла замуж за ваеннага і пераехала з родных мясцін. Апошні раз мы бачыліся з ім у 1966 ці 1967 годзе, калі мы з мужам прыязджалі да яго ў госці. Старэйшы сын Уладзіміра жыве ў горадзе Северадзвінску. Дачка, на жаль, памерла і пакінула дачку. Ці ведае ён пра гэта, ці падтрымлівае сувязь з сынам, невядома. Што з ім, ці жывы? Ніна Ільінічна Пуршова, Ваўкавыскі раён”.
Просьба Ніны Ільінічны будзе перададзена расійскім калегам з праграмы “Жди меня”.
“У 1985—1990 гадах мая стрыечная сястра П.Я.ЖУРАЎЛЁВА жыла ў Малдове: пасёлак Каменка Рыбніцкага раёна. Мы нейкі час перапісваліся, але ўжо больш за 15 гадоў я пра яе нічога не ведаю. Ці жывая яна? Вядома толькі, што сын яе жыў у Кішынёве недалёка ад вакзала. Больш ніякіх звестак няма. Ганна Мікалаеўна Грамчакова, Гомель”.
“Шукаю стрыечных брата і сястру. У сям’і майго дзядзькі Андрэя Вікенцьевіча СТАРЖЫНСКАГА было чацвёра дзяцей. Яны жылі ў вёсцы Роза Люксембург Ельскага раёна. У 1932 ці 1933 годзе выехалі на Далёкі Усход, у горад Хабараўск. Пазней стала вядома, што дзядзькавы сын Пётр і дачка Галіна памерлі. Засталіся Мікалай і Лідзія. А сувязь пасля іх пераезду абарвалася. Вельмі хочацца аднавіць яе і сустрэцца з імі. Ульяна Іосіфаўна Старжынская, Капыльскі раён”.
“Дапамажыце знайсці жонку брата і пляменнікаў. Мой брат разам з сям’ёй жыў у Карагандзе (Казахстан). Жонку яго завуць Валянціна, прозвішча іх РАКОЎСКІЯ. У іх два сыны Саша і Андрэй і дачка Аксана. Нядаўна мой брат памёр, а з сям’ёй сувязь абарвалася. Вельмі хочацца аднавіць яе і сустрэцца з роднымі. Марыя Антонаўна Гойлік, Свіслацкі раён”.

Прапалі без вестак

“Я нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Валадары Віцебскай вобласці. Майго бацьку і маці Канстанціна і Анастасію АВЕРЧАНКА ў 1942 ці 1943 годзе забралі фашысты. Пасля гэтага бацькі больш дадому не вярнуліся. Да 1948 года я жыла ў чужых людзей, потым мяне змясцілі ў Мяхоўскі дзіцячы дом, дзе я выхоўвалася да 1953 года. Хочацца знайсці звесткі пра бацькоў. Засталася ў мяне толькі надзея на радыёперадачу і “Народную газету”. А раптам адгукнуцца людзі з вёскі Валадары, якія ведаюць пра лёс маіх родных. Ніна Канстанцінаўна Аверчанка, Гомель”.
“Мой бацька Цімафей Максімавіч УРЖУНЦОЎ, 1910 года нараджэння, жыхар вёскі Ярманка Чкалаўскай вобласці, праходзіў ваенную службу ў Магілёве. Там ажаніўся з маёй маці. У іх сям’і было трое дзяцей: два браты і я. У першыя дні вайны бацьку забралі на фронт: ён быў афіцэрам. Прызвалі яго з Магілёўскага райваенкамата. У верасні 1944-га маці прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Але гэты дакумент мы атрымалі толькі ў 1947 годзе. Я неаднаразова звярталася ў ваенкамат і архіў, але ніякіх дакладных звестак не атрымала. Вельмі хочацца даведацца, дзе мой бацька знайшоў свой апошні спачын. Можа, хто ваяваў разам з ім і застаўся жывы, адгукніцеся. Марыя Цімафееўна Каранькова, Магілёўская вобласць”.
“Я толькі нарадзілася, калі адбылася гэта страшэнная трагедыя. Мы з братам, 1940 года нараджэння, і мамай Ксеніяй Фамінічнай ЛІНКЕВІЧ, 1920 года нараджэння, жыхаркай горада Барысава, жылі ў нашай бабулі на Уздзеншчыне. Аднойчы ноччу ў акно пастукалі. Гэта былі партызаны. Яны прапанавалі маме стаць сувязной у партызанскім атрадзе імя Варашылава. Мая бабуля вельмі прасіла матулю не ісці на рызыкоўны крок. А маці была медыцынскай сястрой і рашуча сказала:”Не я, дык хто ж?” І вось у 1943 годзе яна пайшла на баявое заданне з вёскі Замосце Уздзенскага раёна. Тады яе называлі Соня БОХАН. Падчас выканання гэтага партызанскага даручэння яе схапілі немцы і адвезлі ў Стоўбцы. Пасля гэтага пра яе ніякіх звестак мы не атрымлівалі. Надзеі, што яна засталася жывая, няма. Хочацца ведаць, дзе пахаваны дарагі нам чалавек і пакланіцца яе магіле. Недзе ж ёсць брацкая магіла, дзе знаходзіцца прах патрыётаў, якія ахвяравалі жыццём і малымі дзецьмі дзеля абароны сваёй Радзімы ад фашысцкай акупацыі. Людміла Канстанцінаўна Бядзенка, Мінск”.
“Я не памятаю сваіх бацькоў. Толькі ўзгадваецца, што маці мяне з братам у першыя дні вайны завяла ў нейкую вёску, мусіць, да сваякоў. Спалі мы на падлозе. У брата ўвесь час было запаленне лёгкіх, а я стала інвалідам дзяцінства. Пасля вайны дзед завёз нас у Магілёў, у дзіцячы дом № 2 па Мінскай шашы. Брат трапіў у малодшую групу, а я — у сярэднюю. А потым мяне накіравалі ў дзіцячы дом № 4 горада Магілёва, а пасля хваробы ў спецыяльны дзіцячы дом № 1. Пасля заканчэння васьмі класаў мяне працаўладкавалі ў Крычаве. Калі я была ў дзіцячым доме № 4, там працавала выхавальніца Ганна Міхайлаўна Семчанка з той вёскі, дзе мы былі ў час вайны. Яна мяне пазнала і расказала, што мая маці была партызанкай і загінула. А больш нічога я не ведаю ні пра сваіх бацькоў, ні пра месца жыхарства нашай сям’і. Толькі з пасведчання аб нараджэнні вядома, што майго бацьку звалі Сяргей Сяргеевич КАЛІНАЎ, а маці — Марыя Іванаўна КАЛІНАВА. Можа, хто памятае маіх бацькоў ці ведае пра іх лёс? Людміла Сяргееўна Мяшкова, Крычаў”.


Патрапіў у Галандыю
“Хочам знайсці дзядулю Арсенія Данілавіча НАЙМАНА, які нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Роза Люксембург Ельскага раёна. У 1935-м ён ажаніўся. Жонку звалі Галіна. У іх нарадзіліся чатыры сыны: Раман, 1936, Уладзімір, 1938, Мікалай, 1939, і Андрэй, 1941 года нараджэння. Сям’я жыла ў вёсцы Дабрынь. Наш дзядуля добра валодаў нямецкай мовай. Падчас вайны быў перакладчыкам. У лютым 1943 года ён паехаў у Германію, а пазней да яго накіраваліся жонка і дзеці. Яны яго ўбачылі ў калоне салдат, якіх везлі ў Галандыю. Пасля вайны жонка і дзеці вярнуліся на радзіму. А ён напісаў ім ліст, у якім паведамляў, што жывы і знаходзіцца ў Галандыі. Больш сям’я яго не бачыла і не атрымлівала ніякіх звестак. Хочацца ведаць, ці жывы ён. Можа, меў у Галандыі сям’ю. Будзем рады сустрэчы з роднымі з Галандыі. Алена Васільеўна Найман,
Ельск”.

Гора мацярынскае

“Дапамажыце знайсці сына Вячаслава Уладзіміравіча ШЭРЫКАВА, 1968 года нараджэння. 26 красавіка 2001 года ён паехаў на заробкі ў Расію. Жыў па адрасе: Саха Якуція, Мерлінскі раён, пасёлак Мірны. 3 мая 2001 да жніўня 2005 года ён званіў. Казаў, што працуе ў прадпрымальніка. Больш пра яго нічога невядома, сувязь абарвалася. А сэрца маці баліць: дзе ён, ці жывы, чаму не тэлефануе. Магчыма, яго знаёмыя ведаюць пра лёс майго сына. Прашу вас, адгукніцеся. Кацярына Пятроўна Шэрыкава, Віцебск”
“Мая дачка Наталля Генадзьеўна ВІЛЬЧЫК, 1959 года нараджэння, у снежні 2003-га паехала ў Маскву. Там уладкавалася на працу ў офіс фірмы, якая гандлявала канфіскаванымі на мяжы гаспадарчымі і электратаварамі. Офіс знаходзіўся на Паўночным (Северным) бульвары, дом нумар 17, у падвале. Да чэрвеня 2004 года яна тэлефанавала, тры разы прыязджала. А 13 чэрвеня пазваніла і сказала, каб ёй не тэлефанавалі, бо іх офіс пераязджае на іншае месца. Калі яны ўладкуюцца, яна сама пазвоніць. Але мы так і не дачакаліся званка. Толькі вядома, што галоўным у офісе быў Яўген Львовіч Анохін. Больш ніякіх звестак у нас няма. Марыя Фёдараўна Кавалеўская, Віцебская вобласць”.
Марыя Фёдараўна даслала фотаздымак сваёй дачкі Наталлі, які будзе перададзены калегам з расійскай праграмы “Жди меня”. Магчыма, у бліжэйшы час усё высветліцца.

Размінуліся, разышліся

“У 1963 годзе я паехала вучыцца ў тэкстыльную школу ў горад Карабанава Уладзі-мірскай вобласці. Падчас вучобы жыла ў інтэрнаце фабрычна-заводскага вучы-лішча. Там я сустрэла Юрку Гашылава. Тады ён жыў на Яраслаўскай шашы. Але нашы жыццёвыя шляхі разышліся: я паехала на радзіму, а ён застаўся там. Праз усё жыццё я пранесла каханне да яго. Вельмі хочацца ведаць пра далейшы лёс Юрыя. Юрачка, адгукніся. Успомні сваю Вольгу Селюжыцкую, якая кахае цябе. На фотаздымку, які ён падарыў, напісана: “На памяць знаёмай дзяўчыне Волечцы ад знаёмага Юры ў дні нашага сяброўства. Помні і кахай мяне, як я цябе. 9 жніўня 1964 года”. Вольга Мікалаеўна Кірыковіч (Селюжыцкая), Пінск”.

Баявыя сябры
“Я была прызвана ў армію 24 чэрвеня 1941 года. Спачатку служыла ў 363-й стралковай дывізіі, якая пазней была перайменавана ў гвардзейскі мотамеханізаваны корпус. Ім камандаваў генерал-лейтэнант Карп Васільевіч Свірыдаў. Разам са мной ваявалі хлопцы і дзяўчаты з Беларусі. Хочацца даведацца, як склаўся лёс маіх таварышаў па службе і сустрэцца з імі. Берта Рыгораўна Ражкова (Шапіра), Мінск”.

Аднакласнікі, аднакурснікі

“Хочацца знайсці сяброўку і аднакурсніцу Паліну Пятроўну ІОТЧАНКУ (Тагай). З ёй мы разам у 1969—1973 гадах вучыліся ў Рэчыцкім зааветтэхнікуме. Пасля заканчэння яна жыла ў вёсцы Зарэчча Брагінскага раёна. Мы перапісваліся і сустракаліся некалькі разоў. У 1986 годзе, калі адбылася чарнобыльская аварыя, яе сям’я перасялілася ў Баранавіцкі ці Маладзечанскі раён. А сувязь наша абарвалася. Паліначка, адгукніся! Марыя Пятроўна Ісаенка (Дашкоўская), Светлагорскі раён”.
“Наша сям’я раней жыла ў пасёлку Ляда Краснапольскага раёна. У той час разам са мной у школу хадзілі вясёлыя і дружныя хлопцы і дзяўчаты. Пасля заканчэння школы нашы жыццёвыя сцежкі разышліся. Ужо мінула шмат гадоў, а так хочацца сустрэцца ўсім разам і ўспомніць школьныя гады, дзяцінства, юнацтва, нашых настаўнікаў і даведацца што-небудзь пра іх лёс. Я вас усіх памятаю. Жывуць недзе ў Расіі Мікалай Кузьміч ШЫШКАВЕЦ, Іван Кузьміч ЛІСНІЧЭНКА і Уладзімір ЛОСЕЎ. Таксама ведаю, што на Кубані жывуць брат і сястра Ягор Сцяпанавіч і Таццяна Сцяпанаўна ТАЛКАЧОВЫ, Галіна Піліпаўна ЛОГВІНАВА і Ева КУХАРЭНКА (прозвішчы дзяўчат дзявочыя). На тэрыторыі Украіны ў мяне таксама ёсць сябры Іван СУРУС і Вера Мікалаеўна СУРУС (Банадзіцкая). Адгукніцеся! Спадзяюся на хуткую сустрэчу. Марыя Васільеўна Віннікава (Малахава), пасёлак Ждановічы Мінскага раёна”.
“Сёлета спаўняецца 50 гадоў з дня заканчэння Васількаўскага ваеннага авіятэхнічнага вучылішча. Сярод выпускнікоў чацвёртай курсанцкай роты пад камандаваннем капітана Сяргея Мікалаевіча Зубава былі хлопцы з Беларусі. У маёй памяці іх прозвішчы: Лукашэвіч, Нядбайла, Мазур, Бачыла, Каханоўскі і іншыя. Я ўпэўнены, што наш дружны калектыў адгукнецца на маю прапанову сустрэцца праз паўстагоддзя пасля заканчэння вучобы. Буду чакаць сустрэчы. Мікалай Іванавіч Дземчанка, Брэст”.”

Пошукі і знаходкі

На пачатку лета да нас звярнуўся Аляксандр Герасімавіч Макараў з Мінска, які прасіў дапамагчы знайсці яго былых аднакласнікаў — выпускнікоў 1965 года агульнаадукацыйнай сярэдняй школы № 5 горада Слуцка. Сустрэча з імі мелася адбыцца ў жніўні. Мы з калегамі стараліся выканаць просьбу. І вось нядаўна Аляксандр Герасімавіч прыехаў на радыё і падзяліўся радасцю.
— Сустрэча выпускнікоў СШ № 5 горада Слуцка адбылася дзякуючы праекту “Помні імя сваё...” На сустрэчу прыйшло 32 чалавекі. І гэта праз 42 гады! Мы не бачыліся ні разу, не сустракаліся. Уражанняў было столькі, што словамі не выказаць. Гэта трэба было перажыць. Як мы “знаёміліся”, не пазнавалі адзін аднаго, школу, якая непазнавальна змянілася, абнавілася. Мы селі ў аўтобус, паехалі на могілкі, дзе пахаваны дырэктар, які працаваў у той час. Ушанавалі памяць сваіх настаўнікаў, якія пайшлі з жыцця. Пяць настаўнікаў было з намі. Мы ім уручылі кветкі, цукеркі. Быў на сустрэчы і цяперашні дырэктар школы. Ён таксама быў уражаны, убачыўшы, што нас так шмат. Казаў, што такога ніколі ў школе не было. Сустрэча была незабыўнай. Уявіце самі, з Хабараўска прыляцела аднакласніца, а другая прыбыла з Італіі. Былі з Гродна, з Салігорска... Урачы, эканамісты, настаўнікі, работнікі банка... Развітваючыся, мы пакляліся сустрэцца яшчэ.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter