У Мінску пры Педуніверсітэце адкрыты помнік “Настаўніца першая мая”

Помнікі, што грэюць душу

Помнікі патрэбны розныя. Галоўнае: каб мы разумелі іх значэнне, каб яны прыгожа глядзеліся і каб абуджалі ў нас станоўчыя думкі, пачуцці.
Іна Ганчаровіч

Апошнім часам у Мінску ўсталёўваюць шмат новых помнікаў, скульптурных кампазіцый і манументаў. Бронзавы студэнт у джынсах, красоўках з ноўтбукам і заплечнікам у будынку Беларускага дзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, паненка з сабачкам і бронзавы конік з чароўным верабейчыкам на спіне на плошчы перад Камароўскім рынкам, скульптурныя кампазіцыі “Гарадскія шалі” і “Магдэбургскае права” на плошчы Свабоды... Шмат плануюць узвесці ў бліжэйшыя пяць гадоў...

pomnik.png

Студэнткі Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка ля помніка “Настаўніца першая мая”


Якія помнікі цяпер, як кажуць, у трэндзе, і што будзе наперадзе — пра тое цікава разважала пад час адкрытай лекцыі вядомая мастацтвазнаўца Таццяна Бембель у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Даведацца пра меркаванні людзей з народа арганізатары імпрэзы вырашылі праз лісты фармату А2, якія віселі ў фае музея. Так супала, што там трохі раней працавала выстава скульптара Сяргея Бандарэнкі “Конь і яго рыцар”. Наведвальнікі выставы пакідалі меркаванні: якія помнікі хацелі б у будучыні бачыць у сваіх гарадах.

У Гродне, пэўна, з’явіцца помнік Васілю Быкаву. Не менш папулярны там вялікі князь Вітаўт. У Мінску — Мулявін, Машэраў, Максім Багдановіч, хоць апошняму ў Мінску помнік ёсць. А вось жанравая скульптура, якая перадае нейкія бытавыя сцэны, як мне падалося, засталася ў наведвальнікаў выставы па-за ўвагай. Хоць мне такія помнікі вельмі падабаюцца: яны надаюць гораду адметнасць.

Скульптар Сяргей Бандарэнка лічыць: у нашых гарадах не хапае сімвалізму і знакавых помнікаў. “Быў такі персанаж у беларускай міфалогіі — Менеск. І я распрацоўваю яго выяву. Думаю, такое манументальнае мастацтва паспрыяе ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці”, — упэўнены майстар.

Таццяна Бембель да ліку дэфіцыт­ных помнікаў аднесла скульптуры інтымнага характару. “Мне падабаецца помнік у Стакгольме, усталяваны ля Каралеўскага драмтэатра Швецыі ў гонар знакамітай актрысы Маргарыты Крук, — расказала Таццяна. — Яго нават не заўсёды можна разгледзець: стаіць ля сцяны за вуглом у бронзе зусім непрывабная вонкава актрыса, прыгажуня ў жыцці. Яна ў звычайнай куртцы, з нядбайна кінутай хусткай на плячах, без усялякага налёту артыстычнай фальшы: вобраз простай жанчыны, якіх мільёны. Цікава, калі хтосьці замерзне, то можа абняць помнік і сагрэцца: як быццам бы цяплом цела актрысы. Бо помнік спецыяльна зрабілі з элементамі ацяплення — ён награецца да 37 градусаў — каб данесці вобраз душэўнай цеплыні актрысы ”.

Помнікаў з падагрэвам у нас пакуль няма... А вось інтымныя ці амаль інтымныя ўсё ж ёсць. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ў Мінску на лавачцы размясцілася “Незнаёмка” — бронзавая скульптура Уладзіміра Жбанава. Мужчынам, у якіх праблемы ў асабістым жыцці, рэкамендуюць прысесці на лавачку побач з моднай бронзавай гараджанкай і дакрануцца да яе каленкі: каб пашанцавала ў каханні. А дзеці любяць пасядзець на каленях у дзеда Талаша, які ёсць у скульптурнай кампазіцыі побач з васьміметровым помнікам Якубу Коласу на аднайменнай мінскай плошчы. Па баках ад Песняра і размешчаны героі яго твораў: Сымон-музыка з сяброўкай Ганнай ды дзед Талаш са сваім унукам-разведчыкам Панасам.

Помнікі патрэбны розныя. Галоўнае: каб мы разумелі іх значэнне, каб яны прыгожа глядзеліся і каб абуджалі ў нас станоўчыя думкі, пачуцці. Падаецца мне, што адкрытая днямі ў Мінску да Дня настаўніка кампазіцыя “Настаўніца першая мая” аўтараў Дзмітрыя Бубноўскага і  Аляксандра Шомава — з іх ліку. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter