Поўны збор выдатных твораў

Што здзiвiла карэспандэнта "Рэспублікі" на XXV Мiжнароднай кнiжнай выставе-кiрмашу ў Мiнску

У першы ж дзень XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі ў павільёне на праспекце Пераможцаў не праціснуцца. Людзі спяшаюцца за тым, што Францыск Скарына называў крыніцай мудрасці, ведаў і навукі, лекамі для душы, — кнігай.


Тыя, хто любіць чытаць, заўсёды з нецярпеннем чакаюць лютага: менавіта ў гэтым месяцы на наш кірмаш з’язджаюцца выдаўцы з усяго свету. Сёлета гэта трыццаць дзве краіны — рэкорд. Да сантыметра занятая плошча — яшчэ адно пацвярджэнне, што друкаванае слова, як і раней, у павазе. Экспазіцыя цягнецца ажно на цокальны паверх, дзе знаходзіцца гардэроб. Першыя экзэмпляры большасць людзей набываюць менавіта там. А потым наверх — там самае цікавае.


Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў у суправаджэнні міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча не спяшаюцца пакідаць цэнтральны стэнд беларускіх выдавецтваў. Яны ўважліва разглядаюць галоўныя навінкі — персанальныя энцыклапедыі Янкі Купалы і Францыска Скарыны. На цяперашняй выстаўцы нібыта падводзяць рысу пад святкаваннем 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання і адкрываюць Год малой радзімы. Кожнай з тэм прысвечаны дзясяткі выданняў. Прадстаўнічая дэлегацыя рухаецца ад беларускага стэнда да расійскага, ад яго — да сербскага, потым румынскага, кітайскага. «Вочы радуюцца ад колькасці і разнастайнасці твораў, — заўважае Максім Рыжанкоў. — А кніга сёння — гэта ўжо не толькі крыніца ведаў, але і паказчык інтэлектуальнага развіцця грамадства». Падтрымлівае гэтую думку і Аляксандр Карлюкевіч, ён жа прыводзіць красамоўны факт: у 2017-м было выдадзена каля дзесяці тысяч назваў кніг. Усе яны знайшлі свайго чытача, а гэта гаворыць пра ўвагу грамадста і дзяржавы да друкаванага слова.

Кнiгi беларускiх выдавецтваў шырока прадстаўлены на юбiлейнай выстаўцы

Наша краіна вельмі ўважлівая і да сваіх гасцей. Сёлета асаблівы гонар — Сербіі. Яе прадстаўнікі прывезлі да нас выстаўку сваёй Нацыянальнай бібліятэкі «Сербская літаратура ў гады Першай сусветнай вайны», а таксама мноства кніг сучасных аўтараў і класікаў. Тут жа адбудзецца і прэзентацыя перакладаў на беларускую мову. Трапна заўважылі нашы госці: «Культура ў цэлым і літаратура ў прыватнасці — гэта моцны фундамент і добры мост для сяброўства народаў. Яе вялікасць кніга і падобныя выстаўкі вельмі садзейнічаюць развіццю супрацоўніцтва».

Кожны знойдзе кнiжку на свой густ
На сербскай экспазiцыi: так ствараецца партрэт знакамiтага пiсьменнiка, лаўрэата Нобелеўскай прэмii Iва АНДРЫЧА

Намаляваць партрэт сярэднестатыстычнага чытача на выстаўцы наўрад ці магчыма. Тут шмат мам з малымі дзецьмі і пенсіянераў, адзін за адным з’яўляюцца людзі сярэдняга ўзросту, кожны знаходзіць нешта на свой густ. На гэтым кірмашы цэны ніколі не кусаюцца, наадварот, танней, чым тут, зараз у горадзе не знойдзеш. Вось вам дзіцячыя казкі ў мяккай вокладцы за 50 капеек, вось разнастайныя карты краіны, аўтамабільных дарог — па рублю. Размалёўкі і дапаможная літаратура таксама па даступнай цане. Кнігі для малых багата ілюстраваныя — ад пяці рублёў. Біяграфічная і мастацкая літаратура крыху даражэй: дзесяць рублёў і больш. Некаторыя, кіруючыся вядомым прынцыпам: «кніга — лепшы падарунак», цікавяцца сувенірнымі экзэмплярамі, энцыклапедыямі.

Тэлевядучая Марына Грыцук штогод з задавальненнем прымае запрашэнне правесці мерапрыемствы на выстаўцы. І яна ніколі не сыходзіць адсюль з пустымі рукамі, хаця і прызнаецца, што сама чытае ў асноўным на электроннай кнізе. Але дзецям друкаваныя экзэмпляры купляе. Шукае не толькі новыя казкі, але найперш кнігі, якія спрыяюць творчаму развіццю хлопчыкаў. Марына з задавальненнем вывучае асартымент не толькі беларускіх выдавецтваў, але таксама расійскіх, казахскіх і іншых, якія прапануюць літаратуру на рускай мове. Для тых жа, хто хоча набыць выданні на англійскай, нямецкай, чэшскай, тут таксама такі шырокі выбар, якога не знойдзеш нідзе ў краіне. Таму спяшайцеся трапіць сюды да нядзелі. На выстаўцы можна не толькі знайсці «ежу для розуму», але і добра адпачыць: на галоўнай сцэне і на стэндах штогадзінна канцэрты, прэзентацыі, сустрэчы з літаратарамі, конкурсы і розыгрышы прызоў.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Павел ЧУЙКО
Загрузка...