Плённы дыялог культур

У Беларусі ладзяцца супольныя беларуска-ізраільскія выставы, а нядаўна ўпершыню выдадзены даведнік пра знакамітых яўрэяў-выхадцаў з Беларусі, якія праславіліся ў Ізраілі ды іншых краінахЛетась у Мінску было багата імпрэзаў з нагоды 20-годдзя дыпламатычнага прызнання Дзяржавай Ізраіль Рэспублікі Беларусь. Сярод іх змястоўнасцю вылучаліся выстава “Гордасць нацыі”, праведзеная ў Доме дружбы, і круглы стол-прэзентацыя “Беларусь—Ізраіль: міжнародны культурны дыялог” у Інстытуце культуры Беларусі.
“Закаханыя”. Карціна Марка ШагалаУ Беларусі ладзяцца супольныя беларуска-ізраільскія выставы, а нядаўна ўпершыню выдадзены даведнік пра знакамітых яўрэяў-выхадцаў з Беларусі, якія праславіліся ў Ізраілі ды іншых краінах

Летась у Мінску было багата імпрэзаў з нагоды 20-годдзя дыпламатычнага прызнання Дзяржавай Ізраіль Рэспублікі Беларусь. Сярод іх змястоўнасцю вылучаліся выстава “Гордасць нацыі”, праведзеная ў Доме дружбы, і круглы стол-прэзентацыя “Беларусь—Ізраіль: міжнародны культурны дыялог” у Інстытуце культуры Беларусі.
Выставу і круглы стол лучыла багата ілюстраваная кніга “Гордасць нацыі: Знакамітыя яўрэі-выхадцы з Беларусі”. Выдадзена яна ў Мінску пасольствам Ізраіля ў Беларусі разам з Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. У канцы даведніка звернута ўвага, што Ізраіль аказаўся першай сярод краін, якія ў канцы 1991 года прызналі нашу маладую рэспубліку. Кніга пераконвае, што гэты факт заканамерны: выхадцы з Беларусі, нашы землякі, былі сярод тых, хто ў 1948 годзе стварыў на тэрыторыі Палесціны незалежную ізраільскую дзяржаву, а потым кіраваў і кіруе ёй.
Яскравы доказ таму — змешчаныя ў даведніку артыкулы пра першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана (ён, як вядома, родам з мястэчка Моталь цяперашняга Іванаўскага раёна), трэцяга прэзідэнта Залмана Шазара Шнеура (родам з Міра Карэліцкага раёна), прэм’ер-міністраў Іцхака Шаміра (з Ружан Пружанскага раёна) і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Менахема Бегіна (родам з Брэста). А ў 2008 годзе, чытаем у кнізе, прэзідэнтам Ізраіля стаў Шымон Перэс, які ўжо двойчы наведваў сваю радзіму — сяло Вішнева Валожынскага раёна. У кнізе багата матэрыялаў пра малавядомых і невядомых у Беларусі грамадскіх і рэлігійных дзеячаў Ізраіля, знакамітых пісьменнікаў, артыстаў, вучоных-асветнікаў. Гэта — Аўрахам Эвен-Шошан (з Мінска), Давід Шымоні і Іцхак Табенкін (абодва з Бабруйска), Ханна Ровіна (з Бярэзіны), Аба Ахімеір (з вёскі Доўгае Салігорскага раёна) і іншыя. А піянерам адраджэння размоўнага іўрыта выступіў у Іерусаліме Элізер Бен-Іегуда (з Віцебшчыны).
Варта заўважыць: такога роду выданне з’явілася ўпершыню. У ім прыводзяцца таксама звесткі пра знакамітых яўрэяў-ураджэнцаў Беларусі, якія дзейнічалі ў сябе на радзіме, а таксама ў Расіі, Францыі, ЗША, іншых краінах — гэта Мендэле Мойхер-Сфорым, Марк Шагал, Хаім Суцін і іншыя.
Кніга “Гордасць нацыі” дэманстравалася як адзін з асноўных набыткаў юбілейнага года. Пра яе згадвалі і за круглым сталом напрыканцы года ў Інстытуце культуры Беларусі. Вітаючы гасцей з Ізраіля, рэктар інстытута Іван Крук абазначыў праблемнае поле дыскусіі: гаворка ішла пра супольныя традыцыі двух этнасаў, перспектывы супрацоўніцтва паміж інстытутам і Ізраільскім культурным цэнтрам у Беларусі, іх сумесныя праекты.
Беларускі і яўрэйскі народы, як вядома, маюць каштоўны досвед працяглага па часе добрасуседства, “агульны боль” Другой сусветнай вайны. Як адзначыў першы сакратар Пасольства Ізраіля ў Беларусі Генадзь Паляшчук, Праведнікаў народаў свету — людзей, якія з рызыкай для жыцця хавалі яўрэяў у часы нямецкай акупацыі — у Беларусі больш, чым у якой іншай краіне. Пра тое сведчыць музей, у якім асвятляюцца падзеі Халакоста, створаны ў Ізраілі. Перад уваходам у той мемарыял створана Алея Праведнікаў, дзе высаджана па дрэве ў гонар кожнага з тых, хто садзейнічаў выратаванню яўрэяў. Сярод тых самаахвярных людзей шмат беларусаў: рызыкуючы сабой, яны ўратавалі ў гады вайны жыцці сотняў яўрэяў і за тое ўшанаваны медалямі “Праведнік свету”, а іх імёны высечаны на сцяне музея.
Пра дзейнасць Ізраільскага культурнага цэнтра ў Беларусі расказала яго дырэктар Вольга Паляшчук. У працяг яе выступлення супрацоўнік інстытута, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс прапанаваў як прадаўжэнне кнігі “Гордасць нацыі” сумесна распрацаваць праект вялікага даведніка “Уклад ураджэнцаў Беларусі ў ізраільскую цывілізацыю”. Ён нагадаў, што ўсяго на тэрыторыі Ізраіля цяпер жыве каля 130 тысяч нашых суайчыннікаў, многія з якіх аб’яднаныя арганізацыйна, уваходзяць у дзяржаўныя, грамадскія, эканамічныя і культурныя эліты краіны. Магчыма стварыць, лічыць прафесар-літаратуразнаўца, і анталогію “Яўрэйскія паэты Беларусі”: тут ужо знойдзецца звыш 20 творцаў. А галоўны дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч паведаміў: і замежнае радыё ў бліжэйшы час наладзіць перадачы на мове іўрыт, каб расказваць суайчыннікам пра жыццё ў сучаснай Беларусі.
Удзельнікі сустрэчы знаёміліся з выставамі, якія ладзіў Ізраільскі культурны цэнтр: кніжнай, мастацкай “Па слядах Шагала ў Ізраілі (да 125-х угодкаў мастака)” і ханукальных падсвечнікаў, а таксама відэафільмам аб мерапрыемствах, праведзеных цэнтрам.
Выставу выданняў, прысвечаных ізраільскай культуры, паказала інстытуцкая бібліятэка. Усё гэта адзін з прамоўцаў на круглым стале назваў маленькімі, але канкрэтнымі і пераканальнымі “мосцікамі дружбы”. Гаспадары сустрэчы абмяняліся з гасцямі памятнымі падарункамі, сярод якіх была і кніжка “Гордасць нацыі”.

Людміла Малей

На здымку:
“Закаханыя”. Карціна Марка Шагала
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter